Ва Ўкраіне ўвядзеньне карантынных захадаў для папярэджаньня пашырэньня каранавірусу выклікала шмат крытыкі.
На думку экспэртаў, эканоміка Ўкраіны, і без таго аслабленая вайной на Данбасе і абмежаваньнямі ў замежным гандлі, становіцца яшчэ больш уразьлівай, а захады, прапанаваныя ўрадам для падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, недастатковыя, каб спыніць крызісныя тэндэнцыі.
Пагроза ўраджаю
Ва Ўкраіне больш як 30 тысяч малых і сярэдніх фэрмэрскіх гаспадарак, яны забясьпечваюць 10,2 % агульнанацыянальнага ВУП. Пакуль што карантын істотна не адбіўся на іхнай працы — тэхніка і супрацоўнікі штодзень выходзяць у поле.
«У кожнага свой трактар, кожны робіць сваю працу. І ва ўсіх свая прасторавая ізаляцыя. Мы пакуль не раздаём сродкаў індывідуальнай абароны», — сказаў Свабодзе Аляксандар Чубук.
Ён мае невялікую фэрмэрскую гаспадарку, якая арэндуе 500 гектараў зямлі ў Кіеўскай вобласьці. Гадуе жывёлу і вырошчвае расьлінную прадукцыю - гародніну, пшаніцу, кукурузу, сланечнік. Прадукцыю прадае перапрацоўчым прадпрыемствы Кіеўшчыны або трэйдэрам на экспарт.
Фэрмэр кажа, што ўрад на час карантыну не прадугледзеў ільготаў для сельскай гаспадаркі:
«Аграрныя прадпрыемствы выплачваюць фіксаваны падатак за арэнду зямлі раз на год, і мы яго ўжо наперад сплацілі. Не прадугледжана для нашай галіны ніякіх ільготаў, якія б дапамаглі ў новых умовах».
Аляксандар Чубук прызнаецца, што пакуль не падлічваў магчымых стратаў ад карантыну — у першыя дні абмежаваньняў ягоная прадукцыя мае ажыятажны попыт.
«Адзінае, што грыўня падае, а цэны на прадукцыю не зьмяняюцца. І ў пераліку на даляры мы губляем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злосьць, крыўда, апатыя. Што адчуваюць жыхары найбяднейшага раёну ГомельшчыныФэрмэр заклапочаны тым, што праз карантын і, як наступства, спыненьне лягістыкі, прадпрыемствы не выконваюць дамоваў аб пастаўцы мінэральных угнаеньняў. Але найбольшы клопат — своечасова набыць сродкі абароны для расьліннай прадукцыі:
«Кампаніі, якія пастаўляюць сродкі абароны, выкарыстоўваюць сыравіну з Кітаю, а адтуль пастаўкі спыніліся. Калі мы ня зможам набыць патрэбныя для абароны расьлін сродкі, то будзе больш складана змагацца з пустазельлем, а адпаведна, можам недаатрымаць ураджай. І гэта можа быць найбольшай праблемай».
Гатэлі на карантыне
У адрозьненьне ад аграрнага бізнэсу, які зможа ацаніць страты толькі ўвосень, гатэльны цярпіць ад абмежаваньняў ужо сёньня. Большасьць прыватных міні-гатэляў, якія прымалі ад 10 да 40 наведнікаў за суткі, закрыліся на карантын. У кожным зь іх працуе толькі адміністратар. Усе іншыя супрацоўнікі на працу ня езьдзяць, бо няма гасьцей. Для ўласьнікаў такога бізнэсу цяпер галоўная праблема — як захаваць пэрсаналу заробкі, калі няма даходаў.
«Мы ня супраць карантыну, — кажа Аксана Багародава. — Лічым, што такія абмежаваньні правільныя і неабходныя, хоць балючыя для бізнэсу. Але гэтыя абмежаваньні мусяць дзейнічаць па ўсёй краіне, каб быў вынік».
Яна саўладальніца міні-гатэлю, які некалькі гадоў таму пабудавалі ў Кіеве разам з бацькамі. Штодзень, пры ўмове поўнай занятасьці, гатэль прыносіў ім да 10,5 тысячы грыўняў. Большая частка ішла на ўтрыманьне будынку. Каб зьменшыць выдаткі, яны самі вырошчваюць гародніну, а ўсе іншыя неабходныя для сьняданкаў турыстам прадукты набываюць у фэрмэраў.
Цяпер у іх застаецца некалькі турыстаў, а калі тыя зьедуць, гатэль закрыецца на карантын.
«Работнікі, а іх у нас трое, ня будуць выходзіць на працу, але заробкі мы абавязаны і будзем плаціць», — падкрэсьліла Аксана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бізнэс і людзі кінутыя самі па сабе». Ці выжывуць прадпрымальнікі пасьля пандэміі?
Што зрабіў урад
Ад 1 сакавіка ва Ўкраіне дзейнічае шэраг ільгот для бізнэсу — яго вызваляюць ад штрафаў і пені за парушэньне падатковага заканадаўства, ад сплаты падаткаў на камэрцыйную нерухомасьць і зямлю, а таксама адзінага сацыяльнага ўнёску. Усе гэтыя захады ўводзяцца часова да 30 красавіка.
Да 30 траўня будзе дзейнічаць мараторый на праверкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк зьмяніў умовы для ўкладаў і крэдытаў. Што гэта азначаеЦяпер Міністэрства эканомікі Ўкраіны распрацоўвае новыя макраэканамічныя парамэтры. На іх падставе будуць прапанаваныя зьмены ў дзяржаўны бюджэт.
Урад таксама працуе зь Міжнародным валютным фондам, каб атрымаць фінансавую падтрымку і працягваць структурныя рэформы. Кіраўнік ураду Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што разьлічвае на новую, пашыраную праграму супрацы зь Міжнародным валютным фондам.
Найбольшыя страты ад карантыну лягуць на малы і сярэдні бізнэс, — экспэрт
Эканаміст Барыс Кушнірук перакананы, што гэтыя захады ня толькі недастатковыя, але і неэфэктыўныя:
«Ад жорсткіх карантынных правілаў найперш цярпіць малы і сярэдні бізнэс. Ім трэба выплачваць арэнду і заробкі людзям. Мой знаёмы прадпрымальнік кажа, што ён вытрымае такія выдаткі цягам трох тыдняў, але потым яму ўсё роўна давядзецца абвяшчаць аб банкруцтве».
Паводле экспэрта, у малога і сярэдняга бізнэсу выдаткі толькі на заробкі складаюць 50 адсоткаў і больш.
«Калі людзям не плаціць, то яны могуць разьбегчыся, а калі плаціць, то за кошт чаго? — пытае ён. — А тое, што прапануюць, не вырашае ўсіх праблем, зь якімі яны сутыкаюцца».
Барыс Кушнірук зьвярнуў увагу на тое, што шэраг эўрапейскіх краін, у якіх больш маштабнае пашырэньне каранавірусу і колькасьць сьмяротных выпадкаў, чым ва Ўкраіне, не пайшлі на такія беспрэцэдэнтныя абмежаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Транспартны каляпс і зачыненыя крамы. Рэпартаж з карантыннага КіеваБарыс Кушнірук перакананы, што ў інтарэсах эканомікі, якая ўжо ўвайшла ў рэцэсію, варта было ўводзіць абмежаваньні толькі для груп рызыкі, і найперш для старых людзей і хранічна хворых. І даступна ўсімі камунікацыйнымі сродкамі тлумачыць ім неабходнасьць такіх абмежаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.