Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палёгкі для фірмаў і адказнасьць для грамадзян. Як Украіна змагаецца з каранавірусам


Ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнікі Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ў масках ля будынка ўкраінскага парлямэнту. Кіеў, 17 сакавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнікі Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ў масках ля будынка ўкраінскага парлямэнту. Кіеў, 17 сакавіка 2020 году

Сярод захадаў украінскай улады ў барацьбе з каранавірусам — ільготы для бізнэсу і крымінальная адказнасьць грамадзян за парушэньне карантыну.

Ва Ўкраіне зарэгістравана 7 выпадкаў заражэньня каранавірусам і два выпадкі сьмерці. Нягледзячы на ня самыя вялікія лічбы, украінскія ўлады ўводзяць жорсткія карантынныя захады.

Сёньня Вярхоўная Рада Ўкраіны сабралася на нечарговае пасяджэньне, каб ухваліць пакет тэрміновых законаў, якія дазваляюць уладам узмацніць каардынацыю дзеяньняў ва ўмовах карантыну.

Транспартныя абмежаваньні

Ілюстрацыйнае фота. Дэзынфэкцыя тралейбуса ў Кіеве
Ілюстрацыйнае фота. Дэзынфэкцыя тралейбуса ў Кіеве
  • З поўдня 18 сакавіка ва Ўкраіне спыняецца ўвесь чыгуначны, авіяцыйны і аўтобусны рух — міжнародны і ўнутраны.
  • Улады Кіева, Дняпра і Харкава спыняюць працу мэтро.
  • Іншы грамадзкі транспарт будзе працаваць, але з абмежаваньнямі — перавозьнікі павінны кантраляваць, каб у маршрутках, тралейбусах, аўтобусах і трамваях не перавозіць больш за 10 чалавек.
  • Без абмежаваньняў грамадзяне могуць выкарыстоўваць уласны аўтамабільны транспарт.

Падтрымка мэдыкаў і бізнэсу

  • Парлямэнт абавязаў урад цягам тыдня ўвесьці даплаты мэдычным і іншым супрацоўнікам, залучаным у захады лячэньня ад вірусу COVID-19, на ўзроўні 200% ад заробку.
  • Заканадаўча зацьвердзілі таксама льготы для бізнэсу — яго вызваляюць ад штрафаў і пені за парушэньне падатковага заканадаўства, ад сплаты падаткаў на камэрцыйную нерухомасьць і зямлю, а таксама адзінага сацыяльнага ўнёску. Усе гэтыя захады ўводзяць часова — з 1 сакавіка па 30 красавіка.
  • Да 30 траўня будзе дзейнічаць мараторый на праверкі.
  • Парлямэнт прапанаваў з 1 сакавіка па 30 красавіка вызваліць грамадзян ад штрафаў за нясвоечасовую аплату спажывецкіх крэдытаў, а таксама прадугледзець дапамогу тым, хто хварэе на каранавірус або знаходзіцца ў самаізаляцыі.
  • Да 1 ліпеня падоўжаныя тэрміны падачы дэклярацыяў аб даходах.

Адказнасьць за парушэньне карантыну

Ілюстрацыйнае фота. Хлопчык адчыняе дзьверы пустога клясу з плякатам, які абвяшчае карантын у сярэдняй школе ў Краматорску, Усходняя Ўкраіна
Ілюстрацыйнае фота. Хлопчык адчыняе дзьверы пустога клясу з плякатам, які абвяшчае карантын у сярэдняй школе ў Краматорску, Усходняя Ўкраіна

Украінскі заканадаўца ўводзіць адміністрацыйную і крымінальную адказнасьць за парушэньне правілаў карантыну.

  • Парушэньне санітарна-эпідэміялягічных правілаў будзе карацца штрафам ад 17 да 34 тысяч грыўняў (ад 650 да 1 300 даляраў у эквіваленце) для звычайных грамадзян і ад 34 да 170 тысяч грыўняў (ад 3,2 да 6,5 тысяч даляраў адпаведна) — для службовых асобаў.
  • У выпадках, калі такія парушэньні прывялі да распаўсюджваньня вірусу, грамадзяне могуць атрымаць пакараньне штрафам ад 17 да 51 тысячы грыўняў (да 2 тысяч даляраў), арышт на тэрмін да шасьці месяцаў, абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў альбо пазбаўленьне волі на такі ж тэрмін.
  • У выпадку, калі ігнараваньне правілаў карантыну стала прычынай сьмерці або іншых цяжкіх наступстваў, грамадзянам пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў.

Ва Ўкраіне ўжо пакаралі штрафамі некалькіх грамадзян, якія наўмысна распаўсюджвалі інфармацыю аб заражэньні каранавірусам.

Закупы лекаў — першачарговыя

На час карантыну ўвоз лекаў, мэдычных вырабаў і абсталяваньня вызначаны як першачарговы. Пры гэтым не спаганяецца падатак на дабаўленую вартасьць і ўвознае мыта.

Іншаземцаў ня будуць караць

Пэўныя прэфэрэнцыі атрымаюць і іншаземцы, якія з прычыны карантыну не змаглі своечасова падоўжыць тэрмін віду на жыхарства або дазволу на працу. Заканадаўства забараняе прыцягваць іх да адміністрацыйнай адказнасьці.

Адначасова Ўкраіна просіць іншыя дзяржавы, у якіх жывуць або працуюць украінцы, ухваліць аналягічныя рашэньні.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG