Інфэкцыя COVID-19 пацьверджаная 19 сакавіка ў князя Манака Альбэрта II.
У паведамленьні Кабінэта князя адзначаецца, што князь цяпер адчувае сябе нармальна, хвароба ідзе без ускладненьняў, лячэньнем займаецца асабісты доктар і лекары мясцовага шпіталя.
Паводле CNN, прэс-сакратар палаца заявіў 19 сакавіка, што здароўе 62-гадовага манарха «не выклікае непакою». Ён застаецца ў кантакце з урадам дыстанцыйна, працуе з офісу ў прыватных апартамэнтах.
Манака — горад-дзяржава на беразе Міжземнага мора, з усіх бакоў абкружаная Францыяй. Мае каля 38 тысяч жыхароў (COVID-19 выявілі ў 11, аднаго выпісалі здаровым).
У краіне канстытуцыйная манархія: кіраўніком ураду там зьяўляецца Дзяржаўны міністар, а заканадаўчая ўлада падзеленая між князем і Нацыянальнай радай.
У сувязі з пандэміяй каранавірусу ў Манака нядаўна ўпершыню з 1954 году адмянілі этап гонак «Формулы-1».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.