На раніцу 20 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 245 тысяч выпадкаў COVID-19.
Каля 81,2 тысячы ў Кітаі, 41 тысячы ў Італіі, 18,4 тысячы ў Іране, 18,1 тысячы ў Гішпаніі, 15,3 тысячы ў Нямеччыне, 14,3 тысячы ў ЗША, 10,1 тысячы ў Францыі, 8,7 тысячы ў Паўднёвай Карэі.
Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 10 046 чалавек. Зь іх 3404 у Італіі, 3252 у Кітаі, 1284 у Іране, 831 у Гішпаніі, 372 у Францыі, 217 у ЗША, 144 у Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Італія ў сьмяротнасьці ад каранавірусу абышла КітайІталія абагнала ў колькасьці сьмерцяў Кітай, зь якога пачалася ўспышка COVID-19. Цяпер у Кітаі фіксуюць па некалькі дзясяткаў новых выпадкаў і па некалькі сьмерцяў на дзень, у Італіі ж — штодзень некалькі тысяч новых выпадкаў і некалькі соцень сьмерцяў.
Таксама больш як на тысячу за дзень павялічваецца колькасьць хворых у Італіі, Іране, Гішпаніі, Нямеччыне, ЗША і Францыі. Так, у ЗША 18 сакавіка было вядома пра 9259 выпадкаў, 19-га — пра 13 789, на раніцу 20-га — пра 14 354. Распаўсюд хваробы запаволіўся, але не спыніўся ў Паўднёвай Карэі: апошні тыдзень там штодзень па сотні новых выпадкаў.
У Беларусі па стане на 18 сакавіка пацьвердзілі 51 выпадак COVID-19: 9 з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 (паводле БТ, 6) ужо выпісалі. Пад назіраньнем яшчэ 1960 чалавек. Пасьля колькасьць выпадкаў перасталі паведамляць.
У табліцах Сусьветнай арганізацыі здароўя за 19 сакавіка пазначаныя нават меншыя лічбы зь Беларусі: 46 пацьверджаных выпадкаў COVID-19. Пры тым пазначана, што перадача адбываецца лякальна, а ня толькі праз завезеныя выпадкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.