З 23 сакавіка ў дадатак да раней ануляваных рэйсаў Беларуская чыгунка скасоўвае 7 параў цягнікоў:
- № 4 / 3 Берасьце — Масква,
- № 26 / 25 Горадня — Менск — Масква,
- № 28 / 27 Берасьце — Масква,
- № 40 / 39 Полацак — Масква,
- № 56 / 55 Гомель — Магілёў — Масква,
- № 84 / 83 Гомель — Санкт-Пецярбург,
- № 96 / 95 Берасьце — Масква.
У выніку застаюцца толькі два цягнікі Беларускай чыгункі ў Расею:
- № 2 / 1 Менск — Масква,
- № 52 / 51 Берасьце — Санкт-Пецярбург.
Таксама ў Маскву празь Менск працягваюць хадзіць па адным цягніку Расейскіх чыгунак зь Берасьця і Калінінграду.
Грамадзяне Беларусі якім-кольвек транспартам, у тым ліку цягнікамі, у Расею трапіць ня могуць, бо Расея закрыла межы. Яны, аднак, гэтымі цягнікамі могуць выехаць з Расеі.
- Самалёты «Белавія» перасталі лётаць у расейскія гарады Варонеж, Краснадар, Казань, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне і Сочы. Перапыніліся зносіны Менскага аэрапорту з маскоўскімі аэрапортамі Ўнукава і Жукоўскі. Расея дазволіла лятаць транзытам да 24 гадзінаў толькі праз аэрапорты Шарамецьцева і Дамадзедава, не выходзячы з транзытнай зоны.
- Аўтобусныя перавозьнікі спынілі рэйсы ў Расею.
- Раней з прычыны закрыцьця межаў былі спыненыя пасажырскія зносіны Беларусі з усімі астатнімі сумежнымі краінамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ