У Расеі памерла першая пацыентка з COVID-19

Ілюстрацыйнае фота

Як паведамляе маскоўскі Апэратыўны штаб барацьбы з каранавірусам, у інфэкцыйнай лякарні Масквы памерла 79-гадовая пацыентка, у якой раней выявілі новы каранавірус.

Гэта першая сьмерць у Расеі, зьвязаная з COVID-19. У Польшчы паведамлялі ўжо пра 5 такіх выпадкаў, ва Ўкраіне пра 2, у Літве і Латвіі ад новага каранавірусу ніхто не паміраў. Таксама пра сьмерць ад COVID-19 не паведамлялі ў Беларусі.

Жанчыну, якая памерла ў Маскве, шпіталізавалі яшчэ 13 сакавіка. Прычынай сьмерці называюць пнэўманію на фоне шэрагу паталёгіяў: цукровага дыябэту 2-га тыпу, артэрыяльнай гіпэртэнзіі, слабога стану пасьля стэнтаваньня каранарных артэрыяў; ішэмічнай хваробы сэрца, атэрасклерозу каранарных судзінаў і аорты, хранічнай лёгачнай гіпэртэнзіі, мочакаменнай і цэрэбравасулярнай хваробаў.

Усе людзі, зь якімі блізка кантактавала жанчына, выяўленыя і знаходзяцца пад назіраньнем мэдыкаў, ніхто ня мае цяжкіх сымптомаў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ