Як цяперашні крызіс пры пандэміі каранавірусу адаб'ецца на бізнэсоўцах у Беларусі і што трэба рабіць, каб яго наступствы былі менш адчувальнымі? Спыталі ў экспэртаў.
У розных краінах тэрмінова распрацоўваюцца антыкрызісныя праграмы, ствараюцца фонды падтрымкі бізнэсу. Чаму такога пляну ня мае Беларусь?
Няма надзвычайнага становішча — няма падтрымкі
Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што беларускі ўрад не прымае пляну эканамічнай дапамогі, бо не аб’яўляў надзвычайнага становішча.
«Таму, як кажа Аляксандар Лукашэнка, для таго, каб былі гарэлка, лазьня і трактар, такая праграма не патрэбная, — кажа Раманчук. — Гэта паказвае, наколькі адэкватны наш урад і наколькі ён пралічвае наступствы. А раз няма праграмы, то няма і сродкаў зь бюджэту, які заплянаваў урад на 2020 год згодна са сваімі нафтавымі і іншымі прагнозамі. У нас вось пасяўная на носе. А праблемы бізнэсу, вытворцаў, сэктараў эканомікі іх відавочна не турбуюць».
Паводле Яраслава Раманчука, наступстваў крызісу ад пандэміі каранавірусу можа быць многа. Але найперш трэба вызначыцца з дапамогай лягістам, транспартнікам і турыстычнай сфэры.
«Трэба зразумець, як гэта паўплывае на тыя сэктары, якія завязаны на пастаўшчыкоў альбо на рынкі краінаў, дзе ўведзены карантын. Трэба зрабіць адпаведныя захады адносна падаткаў, крэдытаў, арэнднай платы, абслугоўваньня даўгоў. Трэба разумець, што гэта праблема, і трэба пачынаць дзейнічаць. Але паколькі ўрад ня бачыць ніякай праблемы, то бізнэс пакінуты сам па сабе, як і людзі — самі лечацца, самі страхуюцца і самаізалююцца. Таму бізнэс у нас сам па сабе, а ўрад зь дзяржаўным сэктарам сам па сабе. Такая краіна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус выклікаў рэцэсію ў ЗША і астатнім сьвеце: акцыі падаюць, інвэстары выводзяць грошыЯкія могуць быць, паводле Яраслава Раманчука, тры самыя балючыя ўдары па бізнэсе?
«Калі няма „абароткі“ і няма куды прадаваць, то гэта балюча. Калі 30% фінансаў ідзе на абслугоўваньне крэдытаў, а крэдыты шалёна дарагія, то трэба было прадугледзець замарозку аплаты крэдытаў мінімум на 2-3 месяцы.
Трэба даць палёгку бізнэсу ў аплаце падаткаў, выплат у фонд сацыяльнай бясьпекі. Трэба зьнізіць альбо адмяніць плату за арэнду. Вось гэта тыя рахункі, па якіх трэба плаціць. А паколькі няма абаротнага капіталу, гэта можа вельмі сур’ёзна ўдарыць па беларускіх вытворцах, таварах і паслугах. Гэта трэба зрабіць, пакуль у Беларусі зьявіцца сьвежае фінансавае паветра».
Паводле Раманчука, пакуль складана ацаніць страты, бо невядома, колькі будзе працягвацца крызіс. Але відавочна, што гэта прывядзе да пагаршэньня становішча малога і сярэдняга бізнэсу.
Прадпрымальнікі просяць панізіць арэнду
Прадпрымальнікі пачалі накіроўваць калектыўныя звароты да адміністрацыі рынкаў і гандлёвых цэнтраў, каб яны паменшылі арэнду на 60-100%. Яны тлумачаць гэта эканамічным крызісам праз пандэмію каранавірусу, закрыцьцём межаў, што пацягнула за сабой поўнае перакрыцьце паставак, немагчымасьцю ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці і падзеньнем пакупніцкай здольнасьці, магчымасьцю закрыцьця рынку на карантын.
Паводле старшыні Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, такія захады неабходныя, каб перажыць крызіс. Таксама прадпрымальнікі рыхтуюць прапанову ўраду. Яны лічаць неабходным увесьці мараторыі на ўсе праверкі, аб’явіць падатковыя канікулы.
«Як мінімум нам патрэбна сёньня падтрымка, у тым ліку і фінансавая, — кажа Анатоль Шумчанка. — Трэба, каб наша краіна выходзіла на міжнародныя інстытуты дзеля падтрымкі эканомікі. Бо калі эканоміка ляжа, то прадпрымальнікі першымі гэта адчуюць. Мы разумеем, што гэта складана.
Але Эўразьвяз, ЗША разьмяркоўваюць мільярды на падтрымку бізнэсу. А як рэагуюць нашы саюзьнікі? А ніяк! Як выявілася, дапамогі няма адкуль чакаць, даводзіцца разьлічваць толькі на свае сілы. Але сваімі сіламі нашаму бізнэсу будзе вельмі складана справіцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто зьбяднее, а хто заробіць падчас эпідэміі. Разьбіраемся з экспэртаміПаводле Шумчанкі, многія прадпрымальнікі пазычаюць, каб заплаціць у фонд сацыяльнай абароны, гандаль упаў.
«Людзі зьмятаюць харчы і меней сталі хадзіць па рынках і гандлёвых цэнтрах. Бізнэс адчувае вельмі вялікія праблемы. Таму для яго трэба максымальна паменшыць выдаткі, каб ён выжыў».
«Усе нясуць страты — і бізнэс, і дзяржава ў цэлым»
Ганаровы старшыня бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгі Бадзей таксама кажа, што ўсё залежыць ад таго, як сытуацыю ацэньвае ўрад.
«Усе нясуць страты — і бізнэс, і дзяржава ў цэлым. Пакуль цяжка сказаць, у якія памеры яны выльюцца. Пацярпяць усе, ня можа такога быць, каб выйшлі белымі і пушыстымі. Урад павінен адказваць за прыняцьце захадаў. Гэта пытаньне актуальнае, як і ва ўсім сьвеце, усе краіны да гэтага ставяцца сур’ёзна. І Беларусі таксама трэба было б прыслухацца», — сказаў Георгі Бадзей.
«Калі падчас крызісу ў бізнэсоўца паніка і роспач, то ён не бізнэсовец»
Бізнэсовец Мікалай Чукісаў кажа, што ня верыць у падтрымку ўраду.
«У любых краінах дабрабыт бізнэсоўца — гэта ягоная задача. Падтрымліваць трэба не бізнэсоўцаў, а іншыя катэгорыі, — сказаў Мікалай Чукісаў. — Бізнэсовец у падобных сытуацыях павінен захаваць проста спакой і трымаць сябе ў руках. Я ня думаю, што на такія выпадкі неабходны плян.
Каранавірус і іншае — гэта вельмі добрая лякмусавая паперка для ацэнкі сваіх рэальных актываў. Калі ты рэальны, а ня штучны бізнэсовец, то ў цябе як мінімум павінны быць дастатковыя грашовыя рэзэрвы, якія дадуць упэўненасьць у тым, што, калі крызіс пройдзе, ты спакойна працягнеш атрымліваць асалоду ад жыцьця. А калі падчас крызісу і пандэміі ў бізнэсоўца паніка і роспач, то ён не бізнэсовец».
Што зрабілі ў іншых краінах
Пра намер падтрымаць эканоміку ва ўмовах пандэміі каранавірусу паведамілі ўрады некалькі краінаў. Сярод прапанаваных захадаў — адтэрміноўка выплаты падаткаў і падтрымка малога бізнэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Трамп пра каранавірус: «Гэта вайна» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб ратаваць эканоміку, польскі ўрад выдзеліць $52 млрд і верне гандаль у нядзелюБрытанскі ўрад вырашыў выдзеліць 330 млрд фунтаў стэрлінгаў на падтрымку бізнэсу, які пацярпеў ад успышкі каранавірусу, заявіў міністар фінансаў краіны Рышы Сунак. Гэтую суму называюць беспрэцэдэнтнай: яна складае каля 15% брытанскага ВУП і больш за траціну бюджэту каралеўства, паведамляе ВВС.
Ва ўрадзе Расеі падрыхтавалі плян для падтрымкі эканомікі пры пандэміі. Ён прадугледжвае стварэньне антыкрызіснага фонду на 300 мільярдаў расейскіх рублёў, паведамляюць «Ведомости».
У першую чаргу плян прадугледжвае кампэнсацыю даходаў тых, хто апынуўся на карантыне. Гэта плянуюць рабіць за кошт працадаўцаў або бальнічных. Для бізнэсу прапанавалі падатковыя канікулы. Пакуль гаворка ідзе пра сфэры турызму і авіяперавозак, але абмяркоўваюцца і іншыя галіны. Малому і сярэдняму бізнэсу прапануецца прадставіць квартальную адтэрміноўку для выплаты падаткаў. Дзяржаўныя кампаніі могуць атрымаць адтэрміноўку да паўгода для выплаты дывідэндаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэмііКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.