Каранавірус: памерлі 8 тысяч чалавек, Сан-Марына на першым месцы у колькасьці выпадкаў на душу насельніцтва

Гара Монтэ-Тытана, найвышэйшы пункт у Сан-Марына. Фота: Max_Ryazanov via Wikimedia, CC BY-SA 3.0

На раніцу 18 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 198,5 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 31,5 тысячы ў Італіі, 16,2 тысячы ў Іране, 11,8 тысячы ў Гішпаніі, 9,4 тысячы ў Нямеччыне, 8,4 тысячы ў Паўднёвай Карэі, 7,7 тысячы ў Францыі, 6,5 тысячы ў ЗША.

Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 7988 чалавек: 3241 у Кітаі, 2503 у Італіі, 988 у Іране, 533 у Гішпаніі, 175 у Францыі, 115 у ЗША, 84 у Паўднёвай Карэі.

Выпісалі здаровымі 72,8 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца 6,4 тысячы пацыентаў.

Паводле «актыўных выпадкаў» — колькасьці хворых на COVID-19 на гэты момант — Італія істотна абганяе іншыя краіны: там хварэюць 26 тысяч чалавек, зь іх 2 тысячы ў цяжкім стане. У Гішпаніі цяпер хворыя 10 тысяч чалавек, у Іране 9,8 тысячы, у Нямеччыне 2,3 тысячы, у Кітаі 8 тысяч, у Францыі 7 тысяч, у Паўднёвай Карэі 6,8 тысячы, у ЗША 6,3 тысячы.

Найбольш выпадкаў на душу насельніцтва прыпадае ў Сан-Марына: там выявілі 119 выпадкаў, памерлі 11, выпісалі здаровымі 4. Агулам у рэспубліцы, з усіх бакоў аточанай Італіяй, жыве 33,4 тысячы чалавек на плошчы, меншай за Баранавічы (роўна як два Слуцка). Гэта значыць, вірус там сустракаецца ў амаль 7 разоў часьцей, чым у Італіі. Першы выпадак у Сан-Марына зафіксавалі 27 лютага — 88-гадовы мужчына прыехаў з Італіі, памёр у шпіталі 1 сакавіка.

У Беларусі пацьвердзілі 36 выпадкаў COVID-19, «на кантролі» — 2583 чалавекі. Гэтыя лічбы Мінздароўя называла 16 сакавіка, а раніцай 17-га паведаміла толькі, што за суткі новых выпадкаў не выяўлялі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ