Аналітыкі задаюцца пытаньнем, чаму Аляксандар Лукашэнка ня ўводзіць у Беларусі карантын, як у большасьці суседніх краін, нават у тых (напрыклад, у Польшчы і Ўкраіне), дзе памеры эпідэміі пакуль невялікія і колькасьць хворых на каранавірус на душу насельніцтва параўнальная альбо нават меншая за беларускую.
Відавочна, што адказаў некалькі: палітычны, эканамічны, псыхалягічны.
Палітычны аспэкт. Мантра «стабільнасьці» — гэта сьвятое для беларускай прапаганды і яе галоўнага героя. Мы ня раз былі сьведкамі, як Лукашэнка гадамі сьпісваў беларускія эканамічныя праблемы на дзеяньні суседзяў альбо «сусьветны эканамічны крызіс». Нават калі той крызіс даўно скончыўся, і ўсе краіны рэгіёну дэманстравалі някепскі эканамічны рост, стагнацыю ў Беларусі Лукашэнка тлумачыў выключна зьнешнімі прычынамі.
Другі матыў — эканамічны, фінансавы. Лукашэнка разумее, што любыя дзяржаўныя крокі па ўвядзеньні карантыну прынясуць пэўныя фінансавыя страты. А тут выбарчы год. У дадатак да ўсяго яшчэ і бязь вірусу зьбегліся эканамічныя праблемы — падзеньне рубля, абвал цэнаў на нафту, нафтавая вайна з Расеяй, якія і без каранавірусу прывялі да падзеньня эканомікі ў першыя месяцы году. Зь іншага боку, Лукашэнка павінен разумець, што калі пандэмія ў Беларусі пашырыцца катастрафічнымі маштабамі, то ў такім выпадку страты будуць яшчэ большымі — і фінансавыя, і палітычныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэмііІ тут на сцэну выходзіць трэці аспэкт — пэўныя псыхалягічныя асаблівасьці Аляксандра Лукашэнкі, які баіцца хаця б і нязначных пераменаў, нават калі яны не нясуць непасрэднай пагрозы палітычнай стабільнасьці альбо трываласьці ягонай улады. Уся ягоная натура, як мы маглі пераканацца за апошнія 25 гадоў, не прымае, да апошняга ўпіраецца супраць пераменаў. Так і тут. «Ня будзем гаварыць пра каранавірус — значыць, яго і няма, а раптам праскочым». Цяжка гэта ўявіць у нейкай іншай краіне, але падчас нарады ў кіраўніка дзяржавы 17 сакавіка пра сусьветную пандэмію не было сказана ані слова.
Можна колькі заўгодна дыскутаваць наконт таго, наколькі адэкватна ў дэмакратычных краінах палітычнае кіраўніцтва вымушана рэагаваць на настроі грамадзтва, якія зь нейкіх прычынаў могуць стаць панічнымі і нерацыянальнымі. Але аўтарытарная мадэль характэрная тым, што становіцца закладнікам погляду на жыцьцё, палітычных інтарэсаў ці нават асаблівасьцяў характару аднаго канкрэтнага чалавека. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Эйсмант калісьці ў сваім скандальным інтэрвію прызнавалася, што ўнутры Адміністрацыі прэзыдэнта няма розных поглядаў на прынцыповыя пытаньні палітыкі і эканомікі. Можна не сумнявацца, што калі нейкі чыноўнік і мае такія адрозныя погляды, то ён не адважыцца пайсьці зь імі да Лукашэнкі, асабліва ў крытычнай сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі трактар вас і ўратуе». Як беларусы жартуюць пра каранавірусТаму стаўкі «на стабільнасьць» даволі высокія, і ў мяне асабіста расьце ўражаньне, што на пэўным этапе ўлады не пазьбегнуць спакусы паспрабаваць падмануць зь лічбамі. Калі прынята стратэгія «ў нас усё спакойна, нічога страшнага не адбываецца», то маніпуляцыі зь лічбамі могуць адбывацца нават без званка зьверху, проста ад адчуваньня чыноўнікамі пазыцыі кіраўніка дзяржавы. Добра памятаю, калі ў сьвеце была ўспышка атыповай пнэўманіі, то ў Беларусі нярэдка сьмерці ад гэтай хваробы афармляліся нейкім іншым чынам (цяжкая ступень сардэчнай недастатковасьці, напрыклад), каб не псаваць статыстыкі. Ну і ня лішнім будзе нагадаць, што досьвед маштабных маніпуляцыяў даўно адпрацаваны ўладамі падчас выбарчых кампаніяў.
Урэшце, Лукашэнка ў любы момант можа адступіць ад сваёй «стратэгіі спакою», і тады ў яго будзе даволі ўнівэрсальная адгаворка — «мы, маўляў, робім так, як ва ўсім сьвеце». Калі ўсё пойдзе кепска, то можна будзе абвінаваціць у халатнасьці і нядбайнасьці нейкіх чыноўнікаў сыстэмы аховы здароўя, альбо традыцыйна — вонкавыя абставіны, непадуладныя Беларусі.
Калі размова пойдзе пра тысячы хворых, і калі, ня дай Божа, зьявяцца дзясяткі сьмерцяў і ўладам гэтага ня ўдасца ўтаіць, то стратэгія Лукашэнкі наконт «усё нармальна, выпіце кілішак гарэлкі і не хвалюйцеся» акажацца правальнай. І, нягледзячы на ўсю традыцыйную флегматычнасьць беларусаў, мы ня ведаем, у якой форме тады можа выліцца народнае абурэньне.
Калі ж сапраўды «пранясе», тады Лукашэнка і афіцыйная прапаганда яшчэ доўга будуць называць цяперашнюю стратэгію праявай дзяржаўнай мудрасьці і доказам жыцьцяздольнасьці беларускай эканамічнай і палітычнай мадэлі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэрацыя хакею Беларусі аднавіла дзіцяча-юнацкія спаборніцтвы, нягледзячы на каранавірус