Міністар унутраных справаў Францыі Крыстоф Кастанэр ўвечары 16 сакавіка абвясьціў, што кожны чалавек, які вырашыў выйсьці з дома ва ўмовах пандэміі, павінен будзе даказаць абгрунтаванасьць перамяшчэньня.
Спэцыяльны блянк можна спампаваць з сайту МУС, раздрукаваць і запоўніць. Калі няма прынтэра, яго можна напісаць ад рукі.
Напярэдадні прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў, што ад поўдня 17 сакавіка ў Францыі на тэрмін ня менш чым 15 дзён уводзяцца абмежаваньні на перамяшчэньні. Парушальнікаў будуць караць, заявіў Макрон.
Пазьней у МУС абвясьцілі аб мабілізацыі ста тысяч паліцыянтаў і жандараў для кантролю за абгрунтаванасьцю перамяшчэньняў грамадзян. За парушэньне карантынных абмежаваньняў прадугледжаны штраф 38 эўра. У найбліжэйшым часе ён будзе павялічаны да 135 эўра.
Кожнаму, хто вырашыць выйсьці з дому, трэба будзе мець пры сабе спэцыяльны дакумэнт, дзе ён мусіць напісаць сваё імя і прозьвішча, дату нараджэньня і адрас. А затым пад слова гонару выбраць адну з прычын перамяшчэньня. Такіх прычын можа быць пяць:
1. Паход на працу ў выпадку немагчымасьці працаваць з хаты. Пры сабе трэба мець і дакумэнт, які пацьвярджае, што праца з дому немагчымая. А таксама перамяшчэньні па працы, якія ня могуць быць перанесеныя;
2. Перамяшчэньні для куплі тавараў першай неабходнасьці ў дазволеныя пункты продажу;
3. Візыты да лекара;
4. Неадкладныя сямейныя пытаньні: дапамога ўразьлівым людзям і нагляд за дзецьмі.
5. Кароткія перамяшчэньні недалёка ад дому, «зьвязаныя з асабістай фізычнай актыўнасьцю», але якія выключаюць любыя кампаніі і сходы; выгул жывёл.
Абмежаваньні на перамяшчэньні не закрануць некаторыя прафэсіі: лекары, іншыя мэдработнікі, журналісты і інш. Пры сабе трэба мець прафэсійную картку.