Беларускі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) апублікаваў 17 сакавіка заяву ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу і барацьбы зь ім у Беларусі.
У заяве офіс WHO адзначае, што:
- выказвае падтрымку і салідарнасьць адносна высілкаў Беларусі ў барацьбе з COVID-19, высока цэніць падыход да гэтай барацьбы з боку беларускай сыстэмы аховы здароўя;
- адзначае значныя высілкі і рэсурсы, накіраваныя ў Беларусі на раньняе выяўленьне заражэньня COVID-19 з выкарыстаньнем лябараторнай дыягностыкі, а таксама высілкі ў ізаляцыі, аказаньні дапамогі пацыентам і адсочваньні тых, з кім кантактавалі інфікаваныя;
- вышэй названае — ключавыя захады, рэкамэндаваныя WHO дзеля спыненьня перадачы і прадухіленьня распаўсюду каранавірусу;
- улады Беларусі адкрытыя ў абмене зьвесткамі пра COVID-19 і своечасова прадстаўляюць справаздачы ў WHO адпаведна міжнародным правілам;
- міністэрства здароўя Беларусі рэгулярна дае насельніцтву зьвесткі пра разьвіцьцё сытуацыі з COVID-19 і рэкамэндацыі аб захадах абароны;
- у адсутнасьць у Беларусі некантраляванай перадачы новага каранавірусу захады, што прымаюць улады, адпавядаюць рэкамэндацыям WHO і грунтуюцца на падставе наяўных рызыкаў;
- пры тым у сьвеце сытуацыя з COVID-19 пагаршаецца, усе краіны мусяць рыхтавацца да далейшага распаўсюду інфэкцыі, адэкватна ацэньваць узровень пагрозаў і ведаць, што ўнівэрсальнага падыходу не існуе;
- абмежаваньні на перасоўваньне людзей і тавараў падчас надзвычайных сытуацыяў у ахове здароўя «ў большасьці выпадкаў» ня ёсьць эфэктыўным захадам і «можа адцягнуць рэсурсы ад іншых мерапрыемстваў», пацягнуць збоі ў дастаўцы неабходнай дапамогі, парушыць дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня і нэгатыўныя наступствы для эканомікі і грамадзтва.
Днём раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Расея палае ад каранавірусу», а ва ўрадзе Расеі адказалі, што «Беларусь ня робіць дастатковых захадаў для змаганьня з пранікненьнем каранавірусу з трэціх краін, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя».
Па стане на 17 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі 36 выпадкаў COVID-19. Трох пацыентаў ужо выпісалі, рыхтуюцца выпісаць яшчэ некалькіх. Новых выпадкаў за мінулы дзень не зафіксавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Труціць вірус гарэлкай, а «трактар вылечыць усіх». ВІДЭАКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.