Ніякіх плянаў закрываць пункты пропуску на межах з боку Рэспублікі Беларусь на бягучы момант няма, заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусі Антон Бычкоўскі. І параіў усім грамадзянам, якія вяртаюцца з-за мяжы, ня ўтойваць, у якіх краінах яны пабывалі.
У сацыяльных сетках абмяркоўваецца інфармацыя, што палякі закрываюць пункты пропуску і свае межы.
На пытаньне Свабоды, як будзе рэагаваць на гэта Памежны камітэт Беларусі, Антон Бычкоўскі адказаў так:
«Я таксама ў сацыяльных сетках чытаў, што Польшча закрывае мяжу, абмяркоўваецца гэта ў горадзенскіх пабліках, — заявіў Антон Бычкоўскі. — А ўчора ў сацсетках бачыў фатаграфію абвесткі нібыта з аднаго з інтэрнатаў у Польшчы, што беларусы закрываюць мяжу з 15 сакавіка.
Насамрэч нічога падобнага не плянуецца. Гэта альбо ўкід, альбо фэйк, альбо жарт. Ніякіх плянаў закрываць пункты пропуску з боку Рэспублікі Беларусь на гэты момант няма».
Памежнікі ў пунктах пропуску працуюць у пальчатках і масках
Што тычыцца памежнікаў, у памяшканьнях яны працуюць у сродках індывідуальнай абароны: пальчатках, масках мэдыцынскіх і рэсьпіратарных, выкарыстоўваюць антысэптычныя вадкасьці для апрацоўкі рук і твару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як засьцерагчыся ад каранавірусу. Парады Сусьветнай арганізацыі здароўя«У масках і пальчатках мы адназначна працуем у памяшканьні, дзе слабая цыркуляцыя паветра. А звонку, на адкрытым паветры, выкарыстаньне масак немэтазгоднае, таму там памежнікі працуюць бязь іх», — кажа прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Самі памежнікі тэмпэратуру грамадзянам ня мераюць, для гэтага ёсьць мэдыкі
Што да кантролю і захадаў, якія робяцца на мяжы, у кампэтэнцыю памежнікаў вымярэньне тэмпэратуры не ўваходзіць. Санітарна-карантынны кантроль — гэта цэлы комплекс захадаў, там ёсьць мэдыкі, памежнікі, мытнікі, адзначыў Антон Бычкоўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Безь міліцыі мы ніяк», — Лукашэнка пра барацьбу з каранавірусам«Разам з тым усе грамадзяне, якія едуць з краінаў, дзе неспрыяльнае становішча з каранавірусам, праходзяць у пункце пропуску праз санітарна-карантынны пункт; там ёсьць мэдыкі, якія мераюць тэмпэратуру, — запэўніў афіцыйны прадстаўнік памежнага камітэту. Акрамя таго, грамадзянам даюцца анкеты, якія яны павінны запоўніць.
Пасьля таго, як яны здадуць біялягічны матэрыял, памераюць тэмпэратуру, запоўняць анкеты, пройдуць пашпартны кантроль, яны далей рухаюцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Калі ж памежнікі бачаць у пасажырапатоку чалавека зь відавочнымі прыкметамі вострага рэсьпіраторнага інфэкцыйнага захворваньня, яго адразу ж ізалююць і перадаюць мэдыкам».
«Сацыяльная адказнасьць павінна быць з абодвух бакоў: і ў памежнікаў, і ў грамадзян»
Антон Бычкоўскі заклікаў людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы, ня ўтойваць, у якіх краінах яны былі. Бо калі б чалавек, што цяпер знаходзіцца ў шпіталі з каранавірусам (якога выратавалі беларускія мэдыкі, бо стан быў цяжкі), адразу прызнаўся, што быў у Італіі, празь яго не давялося б «закрываць» на карантын дзясяткі людзей зь ягонага атачэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пацыент з каранавірусам наведваў мэдцэнтар «ЛОДЭ» ў Менску«Гэта безадказнасьць. Калі б чалавек ня ўтойваў, што ён папраўдзе быў у Італіі, і нават у момант перасячэньня мяжы адчуваў сябе нармальна, ён запоўніў бы анкету, паведаміў, з кім кантактаваў, здаў бы тэст на каранавірус — гэта б заняло некалькі хвілін, — падкрэсьліў Антон Бычкоўскі. — І ўжо вельмі хутка былі б зробленыя захады, каб лякалізаваць сытуацыю. А так ён пасьпеў пакантактаваць зь блізкімі і сябрамі, схадзіць у мэдцэнтар „ЛОДЭ“, ад чаго ў карантыне цяпер дзясяткі людзей.
Гэта ўласнае здароўе, гэта важна ня толькі для сябе асабіста, але і для атачэньня чалавека. Сацыяльная адказнасьць павінна быць з абодвух бакоў. Ня толькі памежныя службы павінны правяраць. Так, яны правяраюць. Абараніць сябе і сваіх блізкіх — гэта самае важнае».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.