Чалавецтва на працягу сваёй гісторыі зьведала шмат пандэміяў, якія ахоплівалі значную частка зямнога шару, часам забіраючы жыцьці мільёнаў людзей. Прапануем пералік пандэміяў, якія былі самымі сьмяротнымі ў гісторыі.
Антанінава чума (165 год н.э.)
Колькасьць загінулых: 5 мільёнаў
Пандэмія ахапіла Малую Азію, Эгіпет, Грэцыю і Італію. Мяркуецца, што насамрэч гэта была воспа ці адзёр. У Рым хваробу прынесьлі салдаты, якія вярталіся з Мэсапатаміі.
Юстыніянава чума (541–542)
Колькасьць загінулых: 25 мільёнаў
Юстыніянава чума — пандэмія бубоннай чумы. Ад яе загінула чвэрць насельніцтва Ўсходняга Міжземнамор’я. У разгар пандэміі ў Канстантынопалі — сталіцы Ўсходняй Рымскай імпэрыі — штодзень памірала па 5000 чалавек, што прывяло да гібелі 40% насельніцтва гораду.
«Чорная сьмерць» (1346–1353)
Колькасьць загінулых: 75-200 мільёнаў
Пандэмія чумы распаўсюдзілася па Эўропе, Афрыцы і Азіі. Як мяркуецца, яна зарадзілася ў Азіі. Чума распаўсюджвалася на іншыя кантынэнты праз блох на пацуках, якія часта жылі на борце гандлёвых караблёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: Італія вырашыла закрыць усе крамы і рэстараныТрэцьця пандэмія халеры (1852–1860)
Колькасць загінулых: 1 мільён
Самая сьмяротная зь сямі пандэміяў халеры. Узьнікла ў Індыі, распаўсюдзіўшыся ад дэльты ракі Ганг, на Азію, Эўропу, Паўночную Амэрыку і Афрыку. Брытанскі лекар Джон Сноў адсочваў выпадкі халеры і ў рэшце рэшт ідэнтыфікаваў забруджаную ваду як сродак перадачы хваробы. У год, калі ён гэта высьветліў, у Вялікабрытаніі ад пандэміі памерлі 23 тысячы чалавек.
Пандэмія «расейскага» грыпу (1889–1890)
Колькасьць загінулых: 1 мільён
Першыя выпадкі назіраліся ў траўні 1889 году ў трох асобных і аддаленых месцах: у расейскай Сярэдняй Азіі, у Канадзе і ў Грэнляндыі.
Пандэмія грыпу («гішпанка») (1918–1920)
Колькасць загінулых: 20−50 мільёнаў
У выніку гэтай пандэміі заразілася больш за траціну насельніцтва сьвету, памерлі ад хваробы 20-50 мільёнаў чалавек. Асаблівасьцю «гішпанкі» было тое, што ад яе найбольш паміралі маладыя дужыя людзі, яна была менш небясьпечная для дзяцей і старых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: першая сьмерць у Польшчы. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 12 сакавікаПандэмія «азіяцкага» грыпу (1956–1958)
Колькасьць загінулых: 2 мільёны
Пандэмія зарадзіўся ў Кітаі. Найбольш пацярпелі Кітай і ЗША. У ЗША ад пандэміі загінулі 70 тысячаў чалавек.
Пандэмія «ганконгскага» грыпу (1968)
Колькасьць загінулых: 1 мільён
Зь першага зарэгістраванага выпадку ў Ганконгу цягам трох месяцаў хвароба распаўсюдзілася на Філіпіны, Індыю, Аўстралію, Эўропу і ЗША. Хаця пандэмія 1968 году мела параўнальна нізкі ўзровень сьмяротнасьці (0.5%), яна прывяла да гібелі больш чым мільёна чалавек, у тым ліку 500 000 жыхароў Ганконгу, прыблізна 15% яго насельніцтва ў той час.
Пандэмія ВІЧ / СНІДу (на самым піку, 2005–2012)
Колькасьць загінулых: 36 мільёнаў
Упершыню ідэнтыфікаваная ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга ў 1976 годзе. У цяперашні час з ВІЧ жыве ад 31 да 35 мільёнаў чалавек, пераважная большасьць — у Афрыцы на поўдзень ад Сахары, дзе 5% насельніцтва інфікаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да канца красавіка, найбольш імаверна, усё закончыцца» — галоўны лекар дзіцячага шпіталя Менску
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ