Усіх, хто мог зь ім кантактаваць, адправілі на карантын.
Пацыент, у якога выявілі каранавірус, абсьледаваўся ў сталічным мэдыцынскім цэнтры «ЛОДЭ» на праспэкце Незалежнасьці, 58А. Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацьвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя і ў самім цэнтры «ЛОДЭ».
«Цяпер наш цэнтар працуе ў штатным рэжыме, прымаем усіх пацыентаў, якія прыходзяць на абсьледаваньне, на прыём да дактароў. Панікі няма. Уся поўная інфармацыя — у Міністэрстве аховы здароўя, усе зьвесткі акумулююца там. Санітарнай службай Савецкага раёна Менска сумесна з мэдцэнтрам «ЛОДЭ» прынятыя ўсе неабходныя захады для прафіляктыкі і распаўсюду выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй», — расказала вядучы спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю мэдцэнтру «ЛОДЭ» Вольга Чэрнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 12. Каранавірус выявілі яшчэ ў траіх беларусаў: у Менску, Гомлі і ГорадніУ сераду раніцай усіх лекараў і наведнікаў, якія знаходзіліся ў мэдцэнтры «ЛОДЭ» ў адзін час з пацыентам, у якога пазьней знайшлі каранавірус, павезьлі ў Бараўляны на карантын. Іх няшмат, людзей вызначалі па часе прыёму і камэрах відэаназіраньня. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла Свабодзе прэс-сакратарка Мінздароўя Юлія Барадун.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.