Кіеўскія ўлады з 12 сакавіка ўводзяць абмежаваньні, каб прадухіліць магчымае пашырэньне каранавірусу. Яны будуць дзейнічаць да канца сакавіка. Пакуль ва ўкраінскай сталіцы выпадкаў COVID-19 не фіксавалі — вядомы толькі адзін у Чарнаўцах.
«Улічваючы глябальны характар сёньняшняга сьвету і дынаміку, зь якой распаўсюджваецца эпідэмія каранавірусу, у сталіцы існуе патэнцыйная пагроза надзвычайнай сытуацыі. Каб прадухіліць магчымае распаўсюджваньне захворваньня, улады сталіцы зацьвердзілі плян супрацьэпідэмічных захадаў», — заявіў мэр Кіева Віталь Клічко.
Паводле яго, часова абмяжуюць адукацыйны працэс і забясьпечаць дыстанцыйнае навучаньне ва ўстановах агульнай і вышэйшай адукацыі, а таксама ў мастацкіх і спартовых школах ды дзіцячых садках Кіева.
«Гэта датычыцца і канцэртаў, канфэрэнцый і іншых імпрэзаў. Кінатэатры скасуюць паказы. Зачыняцца забаўляльныя цэнтры, а ў гандлёвых уводзіцца ўзмоцнены кантроль і будуць дзяжурыць мэдыкі», — заявіў Віталь Клічко ў сваім відэазвароце.
Грамадзкі транспарт працягвае працаваць у звычайным рэжыме, але ўвесь ягоны рухомы састаў будзе двойчы на суткі праходзіць дэзынфэкцыю.
Мэр Кіева зьвярнуўся да кіраўнікоў устаноў і прадпрыемстваў гораду з просьбай перагледзець графік работнікаў, якія маюць маленькіх дзяцей.
У Кіеве пакуль не зарэгістравана ніводнага выпадку заражэньня каранавірусам, але мэдыцынскія ўстановы забясьпечваюцца экспрэс-тэстамі для дыягностыкі. Плянуецца, што да канца тыдня 5 тысяч тэставых сыстэм перададуць у 7 шпіталяў, вызначаных як базавыя для прыёму пацыентаў з падазрэньнем на каранавірус.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.