На другі дзень працэсу пракурор агучыў абвінавачаньне грамадзяніну Расеі, які, паводле сьледзтва, даваў хабар Андрэю Уцюрыну.
Другі дзень працэсу ў справе Ўцюрына пачаўся з абвяшчэньня абвінавачаньня Ўладзіміру Казанцаву, які прадстаўляе расейскія кампаніі «Смартлабс» і «УГМК-Тэлеком».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віныСьледзтва высьветліла, што менавіта ён даваў хабар былому кіраўніку службы аховы Лукашэнкі, намесьніку сакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэю Ўцюрыну.
Уцюрын віну ў атрыманьні хабару ў буйным аб'ёме, паўторным атрыманьні хабару і заахвочваньні да дачы хабару прызнаў цалкам. Аднак зазначыў, што сумняецца ў правільнасьці кваліфікацыі сваіх дзеяньняў сьледзтвам.
Паводле агучаных пракурорам матэрыялаў, Казанцаў прадстаўляў інтарэсы кампаніі, якая мела намер паставіць у Беларусь прыстаўкі для сыстэмы «Смарт-Зала». Для гэтага ў ліпені 2018 году Казанцаў сустрэўся з Уцюрыным. Сустрэча праходзіла на вуліцы Карла Маркса, 38, дзе знаходзіцца адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хабар бралі 10 гадоў. Што стала вядома ў першы дзень суду ў «справе Ўцюрына»Падчас сустрэчы Андрэй Уцюрын выказаў жаданьне атрымаць хабар у памеры адной трэцяй часткі ад меркаванага прыбытку кампаніі «Смартлабс». Паводле дамоўленасьцяў з Казанцавым, ён асабіста даў распараджэньне міністру сувязі і кіраўніцтву «Белтэлекаму» падпісаць дамову з расейскай кампаніяй на пастаўку ў Беларусь 100 тысяч прыставак для сыстэмы «Смарт-Зала».
З матэрыялаў сьледзтва таксама вынікае, што перадача хабару Андрэю Ўцюрыну адбывалася ў два этапы — на тэрыторыі кавярні ў Менску і ў рэстаране за горадам. Агулам Уцюрын атрымаў ад прадстаўнікоў расейскай кампаніі каля 180 тысяч даляраў. Акрамя гэтага, па словах пракурора, Уцюрын схіляў прадстаўнікоў «Смартлабс» і «УГМК-Тэлеком» да дачы хабару кіраўніку «Белтэлекаму» Сяргею Сівадзедаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белтэлерадыёкампанія, Акадэмія навук, Вярхоўны суд. Куды пастаўлялі тэхніку кампаніі, якія фігуруюць у справе былога ахоўніка ЛукашэнкіСваю віну Ўладзімір Казанцаў прызнаў цалкам. Абвінавачаньне ў дачыненьні да Андрэя Ўцюрына агучаць пазьней. Ягоная рэакцыя на абвешчаныя пракурорам факты пакуль невядомая.
Паводле агучаных судзьдзём у першы дзень суду фактаў, Казанцаў быў затрыманы на тэрыторыі Беларусі 23 красавіка 2019 году, за дзень да затрыманьня Ўцюрына.
Яшчэ адзін эпізод, зьвязаны з атрыманьнем Андрэем Уцюрыным хабару, датычыць паставак абсталяваньня для турмы № 8 у Жодзіне. Згодна з агучаным пракурорам фактам, летам 2015 году Андрэй Уцюрын паспрыяў заключэньню кантракту паміж МУС, куратарам дзейнасьці якога быў у Савеце бясьпекі, і кампаніяй «ТТ-Сувязьком». Прадметам кантракту была пастаўка абсталяваньня для арганізацыі нагляду на тэрыторыі турмы ў Жодзіне.
Паводле матэрыялаў справы, у выніку дзейнасьці Ўцюрына абвешчаны ў верасьні 2015 году тэндэр выграла кампанія «ТТ-Сувязьком», якая ў траўні 2017 году правяла работы на тэрыторыі жодзінскай турмы на вуліцы Савецкай, 22а. Агульны кошт абсталяваньня і работ склаў каля 48 тысяч даляраў. Акрамя гэтага, у верасьні 2017 году Андрэй Уцюрын спрыяў таму, што МУС разьлічыўся з кампаніяй «ТТ-Сувязьком».
Агулам за спрыяньне прыватнай кампаніі Андрэй Уцюрын атрымаў ад яе прадстаўніка Ўладзімера Томчанкі 9 тысяч даляраў. Перадача хабару адбывалася ў адным з пабаў Менску. Томчанку затрымалі сьледчыя КДБ у жніўні 2019 году. За кратамі ён правёў усяго тры дні, пасьля чаго быў адпушчаны на свабоду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы ахоўнік Лукашэнкі Ўцюрын папрасіў дапытваць яго на закрытым паседжаньні. Суд адмовіў