Міністэрства замежных справаў Беларусі ў Facebook пераказала сытуацыю з карантыннымі захадамі ў Італіі і Ізраілі, а таксама параіла беларусам устрымацца ад наведваньня гэтых краінаў «у гэты востры пэрыяд без асаблівай неабходнасьці».
МЗС нагадаў, што:
- У Італіі ад 10 сакавіка да 3 красавіка ўвялі рэжым строгага карантыну па ўсёй краіне. У гэты час перасоўваньні па краіне дазволеныя толькі дзеля працы, патрэб здароўя і з прычыны надзвычайных сытуацый, а ўсе грамадзкія, культурныя, спартовыя імпрэзы і рэлігійныя сходы, кірмашы і выставы забароненыя. Не дапускаюцца турыстычныя паездкі, а ў пасажыраў па прыбыцьці патрабуюць назваць абгрунтаваную мэту паездкі.
- У Ізраілі для ўсіх, хто прыбыў або прыбудзе з-за мяжы ў пэрыяд ад 9 да 23 сакавіка, абавязковы 14-дзённы карантын. Іншаземцы па прыбыцьці мусяць даказаць, што змогуць знаходзіцца два тыдні ў рэжыме ізаляцыі. Грамадзяне Беларусі ад 12 сакавіка абавязаныя за 5 дзён да візыту накіраваць адмысловы запыт у амбасаду Ізраілю, іначай у краіну ня пусьцяць.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.