На лаве падсудных 16 абвінавачаных, іх абараняюць тры дзясяткі адвакатаў. У першы дзень пракуроры пасьпелі зачытаць абвінавачаньні толькі шасьці фігурантам справы.
Ня ўсе абвінавачаныя ў клетцы
Для разгляду так званай «справы Ўцюрына» адвялі найбольшую залю суду Маскоўскага раёну Менску. Яна была запоўненая амаль цалкам, на працэс прыйшлі шмат родных абвінавачаных. У большасьці фігурантаў па двое адвакатаў. Месцаў каля сваіх кліентаў ім не хапіла, частка адвакатаў разьмясьцілася ў залі побач з журналістамі.
На лаве падсудных 16 абвінавачаных. Ня ўсе яны за кратамі. Чатыры чалавекі прыйшлі на суд самастойна. Сярод іх толькі адзін атрымальнік хабару — былы выканаўчы дырэктар ТАА «Банк БелВЭБ» Юры Панамароў. Яго вінавацяць у атрыманьні хабару ў 13 тысяч даляраў, а таксама атрыманьні выгады маёмаснага характару коштам 1000 фунтаў стэрлінгаў.
Рэшта абвінавачаных, якіх вызвалілі з-пад варты да суду, — прадстаўнікі разнастайных камэрцыйных структураў, якія фігуруюць у матэрыялах справы.
За кратамі ў клетцы 12 фігурантаў. Сярод іх Андрэй Уцюрын, былы кіраўнік службы бясьпекі Лукашэнкі і намесьнік сакратара Савету бясьпекі. Неўзабаве пасьля пачатку працэсу ён выступіў з хадайніцтвам. Прасіў часткова закрыць працэс ад грамадзкасьці і СМІ. Матываваў гэта тым, што падчас допыту могуць быць разгалошаныя пэўныя факты, датычныя дзейнасьці Савету бясьпекі, абавязкаў яго кіраўніцтва, а таксама іншыя аспэкты. Хадайніцтва Ўцюрына падтрымалі яго адвакаты, а таксама ўсе 15 іншых абвінавачаных, якія праходзяць у яго справе. Супраць выступіў пракурор.
Суд пастанавіў у хадайніцтве адмовіць. Пры гэтым судзьдзя Юры Руткоўскі адзначыў, што да пытаньня аб частковым закрыцьці паседжаньняў можна будзе вярнуцца пазьней.
Каму зачыталі абвінавачаньне ў першы дзень
Першы дзень працэсу амаль цалкам заняло агалошваньне абвінавачаньняў. Пракурор пасьпеў зачытаць шэсьць зь іх. Сярод агучаных — матэрыялы старшыні праўленьня ААТ «Беларускі міжбанкаўскі разьліковы цэнтар» Фелікса Касьпяровіча і намесьніка кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгіяў Нацыянальнага банку Андрэя Падгорнага.
Згодна абвінавачваньню, у большасьці эпізодаў хабарніцтва гэтыя людзі дзейнічалі супольна, атрымаўшы такім чынам 868 тысяч 750 даляраў на дваіх. Гэта найбольшая сума атрыманага хабару сярод усіх фігурантаў.
Паводле названых пракурорам фактаў, Касьпяровіч з Падгорным першы хабар атрымалі яшчэ ў 2007 годзе. Апошні з агучаных эпізодаў з 2017 году. Сумы вагаюцца ад некалькіх тысяч да некалькіх дзясяткаў тысяч даляраў.
Паводле матэрыялаў справы, грошы чыноўнікі атрымлівалі ад прадстаўнікоў камэрцыйных структураў за вырашэньне пытаньняў, зьвязаных з пастаўкай абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня, неабходных у тым ліку для функцыянаваньня Нацыянальнага банку Беларусі. У прыватнасьці, у матэрыялах справы згадваецца атрыманьне хабару за дамову аб стварэньні міжбанкаўскай сыстэмы міжнародных разьлікаў для Нацыянальнага банку.
Паводле пракурора, хабар абвінавачаныя Касьпяровіч і Падгорны атрымлівалі дзясяткі разоў. Перадавалі грошы як у Беларусі (у асабістых аўтамабілях, на кухні ў месцы жыхарства, на трасе непадалёк ад Менску), так і за мяжой. Для гэтага абвінавачаныя выяжджалі ў Вільню, дзе атрымлівалі грошы ў спэцыяльна арандаваных кватэрах.
Яшчэ адзін фігурант, абвінавачаньні якому агучыў пракурор, — генэральны дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў. Паводле матэрыялаў справы, ён мае ўсяго тры эпізоды атрыманьня хабару. Аднак агульная сума хабару сягае 470 тысяч даляраў і 15 тысяч эўра.
Усе згаданыя шасьцёра фігурантаў сваю віну прызналі цалкам і ў поўным абʼёме.
Што будзе на другім паседжаньні
Працягваць разгляд «справы Ўцюрына» будуць 11 сакавіка. Чакаецца, што на другім паседжаньні пракурор раскрые падрабязнасьці злачынстваў, дапушчаных былым ахоўнікам кіраўніка краіны Андрэем Уцюрыным. Яго вінавацяць адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Агульны памер атрыманага былым намесьнікам сакратара Савету бясьпекі хабару сягае 190 тысяч даляраў.
Калі затрымалі Ўцюрына
Судзьдзя назваў даты затрыманьня фігурантаў справы. Уцюрына арыштавалі адным з апошніх — 24 красавіка 2019 году, праз чатыры месяцы пасьля першых затрыманьняў. 29 красавіка пра затрыманьне паведамілі незалежныя мэдыя. Былому ахоўніку Лукашэнкі пагражае тэрмін зьняволеньня ад 8 да 15 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы ахоўнік Лукашэнкі Ўцюрын папрасіў дапытваць яго на закрытым паседжаньні. Суд адмовіў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся суд над былым ахоўнікам Лукашэнкі