За шэсьць гадоў колькасьць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, зьменшылася на 5,5%, а школаў, дзе навучаньне вядзецца па-беларуску, стала менш на 482.
Тэлеграм-канал «Злой Минобр» прааналізаваў, як скарачалася колькасьць вучняў, якія вучацца на беларускай мове, і колькасьць школаў, дзе вучацца па-беларуску. Гэтыя зьвесткі, як даведалася Свабода, зьмешчаныя ў зборніку «Ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі», надрукаваным Міністэрствам адукацыі.
У зборніку зьвесткі з 2012 па 2018 год. Калі ў 2012 годзе школаў зь беларускай мовай навучаньня было 1764 (з расейскай 1660), то праз шэсьць гадоў школаў зь беларускай мовай навучаньня стала 1282 (з расейскай 1527).
У сельскай мясцовасьці школаў зь беларускай мовай навучаньня 1207. Такім чынам, ва ўсіх беларускіх гарадах толькі 75 школьных установаў зь беларускай мовай навучаньня.
Скарачаецца і колькасьць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску. Калі ў 2012 годзе па-беларуску вучыліся 16,6% усіх школьнікаў, то ў 2018-м — 11,1%. Пры гэтым у вёсках па-беларуску вучацца 58,3% вучняў, а ў гарадах — толькі 1,3%.
Найбольш беларускамоўных школьнікаў у Менскай вобласьці — 20,2%. Але ў Менску па-беларуску вучацца толькі 2% вучняў.
У Менску, дарэчы, школаў зь беларускай мовай навучаньня стала болей: у 2012 годзе іх было 15, у 2018 стала 16 (у некаторых толькі частка клясаў беларускамоўныя). Але агулам у Менску па-беларуску займаюцца толькі 2% вучняў.
«Сытуацыя яшчэ горшая»
Але нават гэтая статыстыка не паказвае рэальнай сытуацыі, мяркуе Тамара Мацкевіч, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы.
«Сытуацыя сумная, і яна яшчэ горшая, бо ў статыстычных зборніках пазначаюцца фармальна беларускія школы. Але частка зь іх парушаюць свой статут і пераходзяць на расейскую мову, то бо іх яшчэ менш. Так адбываецца, бо рашэньні прымаюць без уліку меркаваньня бацькоў і настаўнікаў. Не зважаючы на пэрспэктывы пабудовы незалежнай краіны», — разважае Тамара Мацкевіч.
Паводле яе, ствараюцца перашкоды на шляху да адкрыцьця беларускіх клясаў і школаў.
«Штогод у Таварыства зьвяртаюцца людзі, якія ня могуць дамагчыся адкрыцьця ані беларускіх клясаў, ані беларускай школы. У Кодэксе аб адукацыі не апісаны мэханізм гэтага адкрыцьця, гэтага не прадугледжваюць падзаконныя акты. Рашэньне прымаюць мясцовыя органы ўлады. Без тлумачэньняў», — дадае Тамара Мацкевіч.
«Няма попыту на беларускую мову ў школе»
У міністэрстве адукацыі бачаць праблему ў нежаданьні бацькоў вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, бо міністэрства вітае адкрыцьцё беларускамоўных клясаў, кажа прэс-сакратар міністэрства Людміла Высоцкая.
«Мы вітаем адкрыцьцё клясаў у расейскамоўных школах, няма ахвочых. Вядома, колькасьць школаў з беларускай мовай зьмяншаецца. У гарадах гэтага менш, на вёсцы яны яшчэ захоўваюцца. Сёньня ня кожныя бацькі валодаюць беларускай мовай, пытаньне ў гэтым. Няма перадумоваў, каб міністэрства адукацыі закрывала беларускамоўныя школы. Асноўная прычына — мала ахвочых, таму падае статыстыка», — кажа Людміла Высоцкая.
І дадае, што калі да дырэктара школы прыходзяць з заявай аб адкрыцьці беларускамоўнай клясы, ён мусіць адкрыць.
Пры гэтым рашэньне аб адкрыцьці такіх школаў ці клясаў прымаюць мясцовыя органы ўлады, а не міністэрства адукацыі.
Летась на Камянеччыне вырашылі закрыць адзіную школу ў раёне, дзе навучаньне вядзецца па-беларуску. Супраць публічна паўсталі настаўнікі і бацькі вучняў. У выніку школу ўзяло пад кантроль Міністэрства адукацыі, і закрываць яе пакуль не плянуюць. Але канчатковы адказ усё адно за раённымі ўладамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Камянеччыне адстаялі адзіную беларускамоўную школу ў раёне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьявіцца ў беларускамоўнай школе Ракава кляса з расейскай мовай?Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН