Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Камянеччыне адстаялі адзіную беларускамоўную школу ў раёне


Амелянецкая школа
Амелянецкая школа

Міністэрства адукацыі ўзяло на кантроль апошнюю беларускамоўную школу Камянецкага раёну.

Пра гэта гаворыцца ў адказе на калектыўны зварот жыхароў вёскі Амелянец у абарону навучальнай установы.

У лісьце за подпісам намесьніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, які цытуе Tut.by, гаворыцца, што ў плян «аптымізацыі на 2020 год школа ня ўключаная». Гэта значыць, закрываць яе не плянуюць.

Пры гэтым намесьнік старшыні Камянецкага райвыканкаму Дзяніс Шпак удакладніў, што канчатковае рашэньне павінна быць ухваленае раённымі ўладамі да 1 красавіка.

«Школу ніхто не закрывае. Пытаньне абмяркоўваецца, але працэдуру закрыцьця ніхто не ініцыяваў», — паведаміў першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня адукацыі Берасьцейскага аблвыканкаму Аляксандар Жук.

Пра пэрспэктыву расфармаваньня Амелянецкай сярэдняй школы летась расказаў яе дырэктар. Супраць выступілі настаўнікі, бацькі і вучні. Адзін з выкладчыкаў, Павал Кендысь, ініцыяваў пэтыцыю з патрабаваньнем не дапусьціць закрыцьця школы і папрасіў чыноўнікаў растлумачыць, чаму за 30 гадоў у раённым бюджэце не знайшлося сродкаў на будаўніцтва ў школе хоць бы прыбіральні.

30 студзеня Амелянец наведаў памочнік прэзыдэнта па Берасьцейскай вобласьці Анатоль Маркевіч. Ён заявіў, што такія пытаньні «з наскоку не вырашаюцца», трэба пачуць меркаваньні адміністрацыі, бацькоў і саміх дзяцей. Ён выказаў спадзяваньне, што «рашэньне аб аптымізацыі» наўрад ці будзе прынятае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG