Ад раніцы 9 сакавіка дзяржаўны «Беларусбанк» прапануе набываць даляр за 2 рублі 40 капеек. Эўра — за 2 рублі 70.
Раніца 9 сакавіка сацсеткі і СМІ абляцела навіна аб рэзкім росьце курсаў замежных валют. Калі ў пятніцу 6 сакавіка даляр прадавалі ў сярэднім за 2 рублі 26 капеек, то ў панядзелак абменьнікі адчыніліся зь лічбамі 2 рублі 40 капеек за даляр і нават 2 рублі 70 капеек за эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты бачыў, колькі эўра каштуе?!» Што робіцца ля абменьнікаў пасьля падвышэньня курсаў«Ты бачыў, колькі эўра каштуе? — усхвалявана гаворыць у тэлефон жанчына, якая выходзіць з аддзяленьня «Беларусбанку» на вуліцы Карла Маркса ў Менcку. — Два семдзесят! Я ня ведаю, што рабіць».
2,70 рубля за эўра і 2,40 за даляр — стандартны курс для абменных пунктаў самага буйнога дзяржаўнага банку Беларусі.
І гэта не мяжа. У абменьніку «Беларусбанку» ў сталічным ГУМе курсы набыцьця валюты нават вышэйшыя на капейку. Насупраць яго абменьнік «Белінвэстбанку». Там даляр прапануюць набываць за 2 рублі 32 капейкі, але ажыятажу таксама няма.
«Што ж гэта будзе? — пытаюцца адна ў адной жанчыны, якія стаяць ля табло з новымі курсамі. — Зноў абваліцца альбо не?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такога рэзкага падзеньня курсу расейскага рубля не было з 2014 годуКупіць валюту пакуль можна без праблем, прынамсі ў цэнтры Менску. Зь дзясятка абменьнікаў, разьмешчаных на праспэкце Незалежнасьці ад парку Чалюскінцаў да чыгуначнага вакзала даляры і эўра былі ва ўсіх. Калі пастарацца, то можна знайсьці нават курс продажу даляра за 2 рублі 30 капеек.
За гэтыя грошы амэрыканскую валюту можна набыць у абменьніку «Белінвэстбанку» на трэцім паверсе ЦУМа. У абменьніку «Франсабанку» ля плошчы Перамогі даляр каштуе 2 рублі 32 капейкі. Але і такі кошт не задавальняе кліентаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Румас пракамэнтаваў падзеньне рубля і цэнаў на нафтуЧэргаў за валютай пакуль няма нават ля абменьнікаў на чыгуначным вакзале. Ля пункту абмену «МТБ-Банку» (курс продажу даляра 2 рублі 32 капейкі) сустракаю двух мужчын. Яны зьвязваюць зьмены з сытуацыяў у Расеі.
«Расейскі рубель зноў абваліўся, — кажуць яны. — Нафта патаньнела — і ўсё. І наш за ім». Мяняць беларускія рублі на даляры і эўра мужчыны не сьпяшаюцца. Кажуць, што проста ня маюць вялікіх запасаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакараць Расею». Што стаіць за абвалам нафтавых цэнаўНа пытаньне Свабоды аб прычынах падвышэньня курсу продажу даляраў і эўра (курс, па якім банк набывае валюту ў людзей, амаль не зьмяніўся і складае каля 2 рублёў 23 капеек за даляр) у інфармацыйным цэнтры «Беларусбанку» апэратыўна адказаць не змаглі. Паабяцалі пракамэнтаваць сытуацыю пазьней.
«Гэта не дэвальвацыя»
Свабода зьвярнулася па камэнтар да старшага аналітыка кампаніі «Альпары» Вадзіма Іосуба. На думку экспэрта, рост курсаў продажу замежных валют у Беларусі зьвязаны з сытуацыяй на сусьветным рынку нафты і падзеньнем курсу расейскага рубля.
«З 10 гадзін раніцы ў Беларусі ідуць таргі на валютнай біржы, — гаворыць Вадзім Іосуб. — Яны яшчэ не скончыліся. На момант нашай з вамі размовы даляр даражэе да беларускага рубля на 5%, эўра даражэе на 6% зь нечым, расейскі рубель таньнее на 5%. Калі гаварыць пра нашы абменьнікі, то я думаю, што пасьля абеду сытуацыя выраўняецца. Ва ўсіх курс продажу даляра будзе вышэйшы за 2 рублі 35 капеек.
Адбываецца гэта праз падзеньне расейскага рубля да даляра. Сёньня прыкладна на 10%. Сёньня ў Расеі выходны дзень, біржа не працуе, але банкі выстаўляюць курсы для наяўнай валюты. Гэта ўсё зьвязана з падзеньнем цэнаў на нафту на 25%. Гэта рэкорднае падзеньне з 1995 году. Гэта не абвал беларускага рубля, гэта не яго дэвальвацыя. Гэта адлюстраваньне таго, што адбываецца на замежных рынках».
Па словах Вадзіма Іосуба, у найбліжэйшыя дні магчымыя два варыянты падзей. Найбольш імаверны — курсы даляра і эўра стабілізуюцца на ўзроўні, які вызначыцца па выніках таргоў на біржы 9 сакавіка. У тым жа выпадку, калі цэны на нафту пачнуць расьці, у наступныя тыдні і месяцы можна чакаць зьніжэньня курсаў даляра і эўра да беларускага рубля, а таксама росту курсу рубля расейскага.