Паводле міністра здароўя Ўладзімера Караніка, цяпер праводзіцца дадатковае дасьледаваньне. Калі вынікі пацьвердзяцца, колькасьць выпадкаў каранавірусу вырасьце да дзевяці.
Як сказаў Каранік, усе тры выпадкі, у якіх падазраюць COVID-19, гэта «кантакты першага ўзроўню» з інфікаванымі пацыентамі. Калі паўторныя тэсты дадуць станоўчы вынік, то колькасьць носьбітаў РНК каранавірусу ў Беларусі вырасьце да 9. Міністар падкрэсьліў, што пакуль гаворка вядзецца аб пераправерцы вынікаў.
Разам з тым ён заявіў, што ў Беларусі сытуацыя з каравірусам кантраляваная.
Першы ў краіне пацыент з каранавірсам — студэнт з Ірану — на сёньня паправіўся, ягоны стан здавальняючы, у пацыентаў у Віцебску таксама прыкмет інфэкцыйнага працэсу няма, заявіў Каранік.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Днём раней Каранік расказаў, што ў Беларусі праводзіцца трайны тэст на COVID-19, і адна з тэставых сыстэмаў — беларускай вытворчасьці, зацьверджаная Сусьветнай арганізацыяй здароўя.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.