Міністар здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік выступіў вечарам 8 сакавіка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала АНТ.
Імунітэт усё ж выпрацоўваецца?
У сьвеце неаднаразова паведамлялі пра меркаваныя выпадкі паўторнага заражэньня новым каранавірусам у людзей, якіх выпісалі здаровымі пасьля COVID-19. Каранік сьцьвярджае, што «гэта міт» і спасылаецца асабістую размову зь неназванымі «экспэртамі». Паводле Караніка, імунітэт ад вірусу SARS-CoV-2, які выклікае хваробай COVID-19, усё ж фармуецца:
«Інфармацыя прайшла аб тым, што былі пацыенты, якія паўторна заразіліся дадзенай інфэкцыяй, — казаў Каранік. — Калі мы гутарылі з экспэртамі Сусьветнай арганізацыі здароўя, яны выказалі такі пункт гледжаньня, што першыя тэсты на выяўленьне РНК вірусу давалі досыць значны адсотак ілжывых вынікаў.
На самой справе, гэта быў не каранавірус. Чалавек шчасна выпісваўся і вяртаўся да паўсядзённага жыцьця, а пасьля гэтага сапраўды захворваюць на каранавірус, пасьля чаго гэта трактавалася як паўторнае заражэньне».
Падобныя меркаваньні сапраўды выказваліся рознымі лекарамі і навукоўцамі ў розных краінах. Меркавалі таксама, што «паўторныя выпадкі» пасьля праўдзівага выяўленьня новага каранавірусу могуць быць недалекаванай інфэкцыяй COVID-19 або звычайнай прастудай, якую памылкова прынялі за COVID-19.
Але афіцыйна пра фармаваньне імунітэту не паведамлялася. Прынамсі 3 сакавіка генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) казаў, што ад COVID-19 яшчэ ні ў каго няма імунітэту.
Трайны кантроль
Каранік таксама расказаў, што ў Беларусі ёсьць зацьверджаная WHO тэст-сыстэма на вірус SARS-CoV-2 беларускай вытворчасьці. Ёсьць і першы пратакол аб дзеяньнях з пацыентамі, у якіх падазраюць новы каранавірус.
«Мы заўсёды выкарыстоўваем крыжаваны кантроль: станоўчы вынік адной тэст-сыстэмы адпаведна пераправяраецца іншай, — расказаў Каранік. — У нас ёсьць яшчэ валідаваная WHO тэст-сыстэма для таго, каб быў незалежны кантроль у выпадках, калі гэтыя дзьве сыстэмы даюць розныя вынікі альбо мы сумняемся ў выніку. Абавязкова ажыцьцяўляецца трайная праверка кожнага станоўчага выпадку».
Каранік таксама зьвярнуў увагу, што COVID-19 не выклікае трывалага паражэньня імунітэту, як СНІД. Ён назваў адваротныя заявы «тэорыяй, што сфармавалася зь некалькіх мітаў».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.