Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ня стане ўзначальваць Дзяржаўную раду пасьля заканчэньня цяперашняга прэзыдэнцкага тэрміну.
Выступаючы перад прадстаўнікамі грамадзкасьці ў Іванаве, прэзыдэнт сказаў, што захаваньне яго ўладных паўнамоцтваў пасьля выбараў 2024 году будзе азначаць двоеўладзьдзе ў краіне.
У сярэдзіне сьнежня Пуцін падчас пасланьня Фэдэральнаму сходу выступіў з ініцыятывай зьмены Канстытуцыі. У прыватнасьці, прэзыдэнт прапанаваў замацаваць у Асноўным законе краіны статус і ролю адроджанай ім Дзяржаўнай рады. Апазыцыя асьцерагаецца, што Пуцін абвясьціў пра гэтыя захады для таго, каб пасьля выбараў 2024 году ўзначаліць Дзяржаўную раду і застацца пры ўладзе. Сам Пуцін гэтыя сьцьвярджэньні адпрэчваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў: Пуцін не прапаноўваў Лукашэнку аб’яднаньне Беларусі і Расеі
Падчас выступу ў Іванаве Пуцін падкрэсьліў, што папраўкі ў Канстытуцыю ўносяцца «нават не на 5, не на 10 гадоў, а гадоў на 30, на 50».
«Цяпер важней (...) спакойнае разьвіцьцё краіны. Але потым, калі краіна набярэ больш упэўненасьці ў сабе, больш рэсурсаў усялякіх, тлушчу, што называецца. Тады сапраўды зусім трэба, безумоўна, забясьпечыць зьмяняльнасьць улады», — сказаў Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская «Новая газета» апублікавала маніфэст супраць канстытуцыйнага перавароту і ўзурпацыі ўлады
Пасьля ініцыятывы прэзыдэнта пра зьмены ў Канстытуцыю ўрад Дзьмітрыя Мядзьведзева сышоў у адстаўку. Мядзьведзеву была прапанаваная пасада намесьніка кіраўніка Рады бясьпекі Расеі. Назіральнікі тады адзначалі, што верагоднасьць прамога падпарадкаваньня Мядзведзева Пуціну як кіраўніку Рады бясьпекі не азначае паніжэньня ў пасадзе пасьля яго сыходу з пасады старшыні ўрада.
Дзяржаўная рады — дарадчы орган пры прэзыдэнце краіны. Ён утвораны ў 2000 годзе. Кіруе структурай прэзыдэнт Расеі. Членамі Дзяржаўнай рады зьяўляюцца, у прыватнасьці, старшыні палат Фэдэральнага сходу, пастаянныя прадстаўнікі прэзыдэнта ў рэгіёнах, кіраўнікі фракцый у Дзяржаўнай думе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Канстытуцыю Расеі прапанавалі ўвесьці пасаду «вярхоўнага правіцеля»