Годны заробак без выгараньня, работніцы — толькі жанчыны. Унікальная кавярня-клюб НОРМ у 15 пытаньнях і адказах

У траўні-чэрвені ў Менску адкрыецца кавярня-клюб НОРМ , сацыяльна-культурная прастора з вэганскай кухняй і барам, дзе удуць працаваць дзяўчаты і жанчыны, пацярпелыя ад гендэрнага (у тым ліку хатняга) гвалту. 50% прыбытку кавярні мае пайсьці на будаўніцтва ці куплю дому на прытулак для жанчын і дзяцей у 50 спальных месцаў.

НОРМ — гэта цалкам інклюзіўная прастора, заробак, на які можна пражыць, працоўная зьмена, пасьля якой застаецца час на сябе, работніцы — толькі жанчыны, інваліднасьць не перашкода. Заснавальніца кавярні-клюбу, былая кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова адказала на 15 галоўных пытаньняў пра сацыяльна-камэрцыйны праект.


Сьцісла

  • Нас ужо абвінавацілі ў адваротным сэксізьме і дыскрымінацыі, парушэньні заканадаўства за тое, што ў нас ня будуць працаваць мужчыны.
  • Ня ўсім кліенткам «Радзіславы» патрэбная дапамога з працаўладкаваньнем. У нас будуць працаўладкаваныя жанчыны, якія знаходзяцца ў больш уразьлівым стане.
  • Мы ня хочам, каб праца забірала ў жанчыны ўсе сілы і час. Мы гатовыя ўладкоўваць на працу больш людзей на карацейшыя зьмены, каб гэта было па-людзку.
  • Нам будзе чым зьдзівіць людзей, якія ядуць прадукты жывёльнага паходжаньня, і чым парадаваць вэганаў.

Чаму вы вырашылі пайсьці з «Радзіславы» і стварыць кавярню-клюб НОРМ?

Вольга Гарбунова

— Я адчувала, што ўва мне нешта закончылася для такой працы. Шмат гадоў мы працавалі зь верай, што зьявяцца новыя інструмэнты і мэханізмы, я маю на ўвазе ў тым ліку і спэцыялізаваны закон аб перадухіленьні хатняга гвалту. Усе праекты, што мы рэалізоўвалі, усе выпадкі, зь якімі працавалі, усе сэмінары, якія правялі — у выніку нібыта мусіла адбыцца кульмінацыя, якая пасунула б усіх нас як грамадзтва. Але адбыося адступленьне, і я зразумела, што ў мяне няма сілаў траціць яшчэ 17 гадоў жыцьця на хаджэньне кругам, на прагаворваньне тых жа самых аргумэнтаў, на аказаньне дапамогі жанчынам усё ў такіх жа сытуацыях, калі міліцыя абараніць ня можа, заканадаўства абараніць ня можа, і яна застаецца з гэтай бядой адна ці зь некалькімі арганізацыямі, якія ўсё яшчэ працуюць у гэтай краіне. Я зразумела, што прынясу больш карысьці на новым месцы. Гэта новы прафэсійны выклік. Я вырашыла зрабіць іншае прадпрыемства зь іншым патэнцыялам.

Ці будзе кавярня-клюб НОРМ камэрцыйным прадпрыемствам?

— Гэта камэрцыйнае прадпрыемства, хоць і з сацыяльным эфэктам, дзе будзе створана пляцоўка для ўмацаваньня фінансавых і маральных сілаў, дзе людзі будуць знаходзіць новыя магчымасьці ў жыцьці і будуць дапамагаць іншым гэта зрабіць. Гэта больш аптымістычны і больш рэсурсавы праект. Пачынаецца ён цяжка, і мне ўсё гэтак жа страшна залазіць у камэнтары пад матэрыяламі аб нашым адкрыцьці. Мне ня сорамна казаць, што я перажыла гвалт у жыцьці, я не хачу маўчаць аб гэтым. Мяне зьдзіўляе, што людзі дагэтуль лічаць, што праўду трэба хаваць. Мы для сябе вырашылі, што замоўчваць праблему ня хочам, і людзі, якія перажылі гвалт, могуць далей рухацца ў жыцьці.


Чаму выбралі менавіта такую назву?

Вольга Гарбунова

— Першая назва была «Выжылыя». Яна для мяне мела станоўчую энэргію, але аказалася, што толькі для мяне. Фокус-групы паказалі, што назва палохае, і мы пачалі шукаць больш нэўтральнае слова. Пагулялі са словам «норма». Што ёсьць норма? Усе людзі — нармальныя. Важна быць сабой. І выпадкова назва скарацілася на адну літару — НОРМ. Правялі сацыялягічнае апытаньне, і многім спадабалася. Нягледзячы на тое, што гэта моладзевае слова, яго шмат людзей выкарыстоўвае. Гэта тое, што мы хацелі б, каб людзі адчувалі ў нас у кавярні і на мерапрыемствах.

На колькі людзей разьлічаная прастора НОРМ?

— У нас будзе каля 35-40 пасадачных месцаў і невялікая камэрная заля для падзеяў. Мы плянуем там зьбіраць групы ўзаемадапамогі для жанчын (на 25-30 чалавек максымальна). У самой прасторы на лекцыях ці кінапаказах могуць разьмясьціцца каля 100 чалавек. Мы арандуем памяшканьне ў спартовага комплексу «Алімпійскі», які падтрымаў наш праект і прапанаваў доўгатэрміновую дамову на льготных умовах арэнды. Цяпер мы парадкуем памяшканьне. Яно 15 гадоў пуставала, там пакуль няма ані вады, ані каналізацыі.

У вас было шмат патрабаваньняў да памяшканьня. Якія самыя галоўныя?

— У нас было 14 патрабаваньняў. Вось асноўныя зь іх:

  • Толькі першы паверх, каб у памяшканьне мог лёгка заехаць чалавек на інвалідным вазку, маці з вазком, людзі пажылога ўзросту.
  • Безбар’ернае асяродзьдзе. На гэты момант у нашай камандзе ўжо тры дзяўчыны зь інваліднасьцю. Адна ў вазку, у дзьвюх — інваліднасьць зь іншым зьвязана. Інклюзія — асноўная каштоўнасьць для нас, ад гэтага залежалі і тэхнічныя патрабаваньні.
  • Памяшканьне плошчай прынамсі 150 квадратных мэтраў, бо нам важна мець сапраўдную кухню і стварыць годныя ўмовы працы для жанчын — асобны санітарны пакой, разьдзявальня.
  • Інфраструктура. Менгарвыканам, які дапамагаў шукаць памяшканьні, прапаноўваў некалькі варыянтаў побач з МКАД. Падчас стажаў у іншых краінах мы бачылі, што праекты, якія знаходзяцца ў малалюдных месцах, стратныя і вымушаныя закрывацца. Нам была патрэбная такая інфраструктура, каб жанчына ў інвалідным вазку магла штодзень самастойна даехаць да працы.
  • Нашая ўстанова можа быць колькі заўгодна безбарʼернай, а што рабіць, калі да яе проста не даехаць. Месца на Сурганава добрае тым, што побач ходзіць інклюзіўная «сотка» па праспэкце. І тут мы клапоцімся ня толькі пра супрацоўніц, але і пра наведнікаў.


Офіс правоў людзей з інваліднасьцю некалькі гадоў таму зрабіў аўдыт вуліцы Зыбіцкай. Гэта турыстычная вуліца, якая будавалася ня так даўно, але там няма ніводнай установы са 100% інклюзіяй. Калі ёсьць пандус, то няма інклюзіўнай прыбіральні, ці ёсьць пандус, а ўстанова знаходзіцца ў падвале і прыступкі ідуць уніз. Гэта частка гісторыі пра горад Менск — калі мы ўсталёўваем пандус, а ня думаем пра далейшы крок чалавека, які ня можа перасоўвацца на нагах.

Якім будзе меркаваны заробак у НОРМ?

Вольга Гарбунова

— Паводле бізнэс-пляну, мы будзем уладкоўваць на працу ад 12 да 15 людзей. Мы кансультаваліся з мэнэджэрамі шэрагу бараў у Менску, вывучылі рынак працы і вельмі разьлічваем плаціць заробак у памеры 1000 рублёў. Часам жанчыны, якія судзяцца пры разводзе, ня маюць годнага заробку, каб дзяцей пакінулі зь імі. Мы мяркуем, што гэта невялікія грошы, але дастатковыя, каб зьняць пакой і забясьпечыць базавыя патрэбы. Магчыма, і час жыхарства ў «Радзіславе» для іх будзе скарачацца — бываюць сытуацыі, калі жанчыны месяцамі жывуць у прытулку, бо ім матэрыяльна складана зьняць кватэру ці пакой. Праца ў НОРМ дасьць магчымасьць зарабіць на незалежнае і бясьпечнае жытло для сябе і дзяцей.

Дык цяпер да вас стаіць чарга на працаўладкаваньне?

— Ня ўсім кліенткам «Радзіславы» патрэбная дапамога з працаўладкаваньнем. Шмат жанчын, якія зьвяртаюцца па юрыдычную ці псыхалягічную дапамогу, маюць добрую працу, якая іх задавальняе. Мы ствараем працоўныя месцы для жанчын і дзяўчат, у якіх ёсьць складанасьці з працаўладкаваньнем — інваліднасьць, траўмы, якія перашкаджаюць рабіць ранейшую працу, недастатковая адукацыя. Жанчыны зь іншых гарадоў прыяжджаюць у Менск і шукаюць працу з нуля. У нас будуць працаўладкаваныя жанчыны, якія знаходзяцца ў больш уразьлівым стане, у якіх няма стабільнай працы ці магчымасьці падпрацоўваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі будзеш баяцца, ніколі ад гвалтаўніка ня сыдзеш». Жыцьцё пасьля хатняга гвалту

Як працуюць падобныя ўстановы ў іншых краінах? Які досьвед найбольш пасуе для Беларусі?

Вольга Гарбунова

— Мы ня зможам скапіяваць ніводзін праект зь іншых краінаў. Мы езьдзілі на стажы, вывучалі досьвед працы падобных установаў, але хутчэй гэта былі паездкі натхненьня. Мы пераконваліся, што рухаемся ў слушным кірунку. У кожным праекце шмат размаўлялі з камандамі пра рызыкі. Ёсьць пэўныя складанасьці, у тым ліку гэта і спэцыфічнае стаўленьне беларускага грамадзтва да нашага праекту. Для людзей гэта новае і незразумелае. Нас ужо абвінавацілі ў адваротным сэксізьме і дыскрымінацыі, у парушэньні заканадаўства за тое, што ў нас ня будуць працаваць мужчыны.

Ёсьць рэчы, якія працуюць у адных краінах, але ня будуць мець выніку ў нас. Мы былі ў бэрлінскай кавярні толькі для жанчын, дзе мужчыны могуць купіць ежу толькі на вынас. Яны стварылі для сябе бясьпечную фэмінісцкую атмасфэру. Туды прыходзяць жанчыны рознага ўзросту і з рознымі гісторыямі. Там расслабленая атмасфэра, усё на пазытыве. Мы бачылі, што шмат мужчын бралі ежу на вынас, і ніхто ня быў пакрыўджаны.

Дык ці змогуць у НОРМ прыходзіць мужчыны?

— Да нас мужчыны змогуць прыходзіць. Бэрлінская мадэль у нас не спрацуе, мы да гэтага і не імкнёмся. Мы хочам умацаваць пазыцыі жанчын з гледзішча працаўладкаваньня, але ўстанова будзе працаваць для ўсіх. У Нямеччыне моцны фэмінісцкі рух, і грамадзтва інакш на гэта глядзіць. У нас хутчэй праект абвінавацяць у зваротным сэксізьме і дыскрымінацыі, чым падтрымаюць такую ідэю. Калі б у нас быў закон аб сацыяльным прадпрымальніцтве, то мы маглі абсалютна свабодна і легальна выбіраць мэтавую групу і інструмэнты.

За шмат гадоў працы «Радзіславы» мы шмат чулі пытаньняў і крытыкі, чаму там не аказваюць дапамогу мужчынам. Людзі, якія гэта кажуць, увогуле нічога ня ведаюць пра наданьне дапамогі пацярпелым, ня ведаюць крытэраў аказаньня такой дапамогі, ня ведаюць міжнароднай практыкі эфэктыўнасьці ў працы з жанчынамі, у працы з мужчынамі, з пажылымі людзьмі. У нас прызвычаіліся, што павінны быць арганізацыі шырокага профілю, кшталту адзін доктар лечыць усё.

Ёсьць адзін праект, «Радзіслава», і ён павінен усім дапамагаць? Гэта так не працуе. Гэта абсалютна розныя стратэгіі. У сацыяльна-камэрцыйным праекце НОРМ мы будзем працаўладкоўваць жанчын, якія сутыкаліся з хатнім гвалтам і зьвярталіся ў жаночыя арганізацыі па дапамогу. Наведнікамі будуць усе.

За што ня будуць звальняць у НОРМ?

— У Празе мы вывучалі праект Kuchařky bez domova для працаўладкаваньня жанчын з досьведам бяздомнасьці. Мы пыталі, што рабіць, калі жанчына ня выйшла на працу, зьнікла ці прыйшла ў стане алькагольнага апʼяненьня. Іх не звальняюць. Там разумеюць, што гэта такія наступствы іх ранейшага жыцьця, і звальненьне нічога ня вырашыць ні для прадпрыемства, ні для жанчын. Гэта крыху перавярнула нашае ўяўленьне, і мы вырашылі, што работніца ў нас будзе на першым месцы.

Чым НОРМ яшчэ будзе адрозьнівацца ад іншых беларускіх установаў грамадзкага харчаваньня?

— Мы кансультаваліся з прафэсійным мэнэджэрам грамадзкага харчаваньня, які прапанаваў падоўжыць зьмены, бо для прадпрыемства выгадней, калі меней работніц. Але мы ня хочам, каб праца забірала ўсе сілы і час у жанчыны. Мы хочам, каб гэта было рэсурсам для яе. Мы гатовыя працаўладкоўваць больш людзей на карацейшыя зьмены, каб гэта было па-людзку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прайшла талака ў кавярні, дзе будуць працаваць пацярпелыя ад хатняга гвалту. ВІДЭА

Падраднікі і праектанты казалі: «Навошта вам трэці туалет? У вас і так няшмат месца». А ў нас усе туалеты безбарʼерныя — два для наведнікаў і адзін для супрацоўніц. Гэта — клопат пра нашых работніц, яны не павінны ў сярэдзіне зьмены стаяць у чарзе ў прыбіральню. Калі ўстанова харчаваньня адкрываецца, людзі думаюць пра прыбытак. Асаблівасьць нашага праекту ў тым, што мы думаем ня толькі пра гасьцей, але і пра супрацоўніц. Мы гатовыя да таго, што можам падтрымаць супрацоўніцу, калі ў яе нешта здарыцца — дэпрэсіўны пэрыяд, напрыклад, і яе ня будзе пэўны час. Адно з рашэньняў — усе супрацоўніцы будуць вучыцца некалькім прафэсіям. Напрыклад, усе пройдуць курсы барысты, і кожная можа пайсьці варыць каву.

Чаму вы выбралі вэганскую кухню?

Вольга Гарбунова

— Мара нашай кухаркі — вэгетарыянская ўстанова, але ў нас будзе ўсё яшчэ «горш» — вэганскае мэню. Я сама вэгетарыянка амаль 20 гадоў, у мяне было некалькі пэрыядаў вэганства. Мы так вырашылі не таму, што нехта з нас — вэган. У нас ёсьць пэўныя каштоўнасьці, і вэганская кухня ім адпавядае. Мы бачым у вэганстве ў тым ліку і інклюзію. Будуць і безглютэнавыя пазыцыі ў мэню.

У нас распрацаваная канцэпцыя і з пункту гледжаньня экалёгіі — асобны збор сьмецьця, адмова ад аднаразовага посуду, ад плястыку. З вэганствам нам будзе прасьцей і з гледзішча санітарных нормаў, бо ня трэба разьбірацца з нормамі наконт рыбы, мяса, яек. Мы падрыхтавалі канцэпцыю вэганскіх страваў і напояў. Я перакананая, што нам будзе чым зьдзівіць людзей, якія ядуць прадукты жывёльнага паходжаньня, і парадаваць вэганаў, для якіх у Менску такіх месцаў яшчэ мала папраўдзе.

Ці будуць у НОРМ даступныя цэны?

Вольга Гарбунова

— Што лепей зрабіць — высокую кухню задорага ці танную, як у сталоўцы? Стажы дапамаглі нам вызначыцца. Нам патлумачылі, што калі вы ўстанова з сацыяльным эфэктам, то гэта ня значыць, што вы павінны быць бясплатнай установай ці за нейкую працу карміць людзей бясплатна.

Мы вырашылі, што будзем трымацца сярэдняга цэньніку ў горадзе. Паводле бізнэс-пляну, сярэдні чэк за напой і страву — 10 рублёў. Мы ня хочам, каб сацыяльную кавярню ўспрымалі як месца, дзе будзе танная ежа. Людзі могуць стаць часткай дабрачыннасьці — калі ты прыйшоў у НОРМ, ты дапамог іншым. Тады фокус зьмяшчаецца — мы дапамагаем людзям дапамагчы іншым людзям. Досьвед часопіса «Імёны» паказаў, што шмат беларусаў і беларусак гатовыя дзяліцца і дапамагаць.

Як можна дапамагчы НОРМ дапамагаць іншым?

— Вельмі шмат людзей нам прапануюць дапамогу. Адгукнулася шмат былых кліентак «Радзіславы», прапаноўваюць пачынаючы ад дапамогі ў мінімальных будаўнічых працах і заканчваючы правядзеньнем на нашай пляцоўцы дабрачынных ды іншых захадаў для жанчын, дзяўчат, дзяцей. Нават тыя ж курсы ангельскай мовы, якія часта бываюць недаступныя, калі разьлічваеш толькі на свой заробак. Некаторыя арганізацыі ўжо цяпер пытаюцца, ці можна будзе ў траўні правесьці ў нас сваё мерапрыемства. Нас можна падтрымаць праз плятформу Mola Mola, ахвяраваўшы ў тым ліку і на цёплую падлогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я закаханая. Праз год адчула, што я — жывая». Кранальная гісторыя былой ахвяры хатняга гвалту

Гэта будзе ня толькі кавярня, але і месца для захадаў дзеля падтрымкі жанчын, тут будуць праходзіць кінапаказы, лекцыі і гэтак далей. Сярод нашых кліентак ёсьць жанчыны, якія ня ёсьць нашымі аднадумцамі, яны могуць гаварыць дыскрымінацыйныя рэчы пра іншых. Розныя людзі зьвяртаюцца па дапамогу, таму ў нашым праекце ёсьць і адукацыйны складнік.

Ты раней гаварыла, што ў атачэньні жанчын табе больш бясьпечна. Чаму?

Вольга Гарбунова

— Гэта збольшага правакацыйная фраза. Адразу можна сказаць: а што, з мужчынамі небясьпечна? Для мяне асабіста праца з жанчынамі — спакайнейшая. Я ня ўпэўненая, што гэта ўнівэрсальны досьвед. Гэта хутчэй мой асабісты досьвед, зьвязаны з маім пэрсанальным досьведам і працай у «Радзіславе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белмоўная тусоўка збольшага існуе ў супэрпатрыярхальнай сыстэме». Ці гэта праўда?

Нядаўна мяне ўразіла фраза пра «палітыка-эратычны эфір». Гэта была не прымітыўная рэкляма на рынку ялінак кшталту «сасну за 20 рублёў». Гэта незалежныя, перадавыя СМІ, якія прадстаўляюцца як прагрэсіўныя, якія гавораць пра надзённыя і сурʼёзныя тэмы. Безумоўна, гэта мужчынскі голас, патрыярхальны голас. І я разумею, што час свайго жыцьця, якога ў мяне ўжо ня будзе, траціць на гэта ўжо ня хочацца. Калі ты ў атачэньні жанчын, многія рэчы — зразумелыя, пра многае ня трэба папярэджваць. Такога ўзроўню эмпатыі і разуменьня складанасьцяў дастаткова, каб канструктыўна рухацца далей, працаваць, не марнуючы час на тлумачэньне нейкіх відавочных рэчаў у трэцім тысячагодзьдзі.