Апоўдні 4 сакавіка ў офісе руху «За свабоду» абвесьцілі сьпіс палітыкаў, зарэгістраваных прэтэндэнтамі на «адзінага» кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад правацэнтрысцкай апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэст-гульня: Якія ў вас шанцы стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыіЗарэгістравалі пяць прэтэндэнтаў:
- Юры Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»;
- Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі;
- Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі;
- Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі;
- Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ.
Дзе Канапацкая?
Як растлумачылі на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі (АГП, ПБНФ, БСДП (Грамада), БХД, «За свабоду»), экс-дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую, якая таксама падавала заяўку на ўдзел, не падтрымалі некалькі ўдзельнікаў пагадненьня аб народным галасаваньні.
Рашэньне прымалася «кансэнсусам» усіх прадстаўнікоў кааліцыі: прысутнічалі кіраўнікі партыяў і рухаў Губарэвіч, Казлоў, Кастусёў, Сігаеў, Севярынец. Супраць Канапацкай выступілі прадстаўнікі АГП і БСДП (Грамада). Лідэры структураў цягам пяці дзён маглі прэзэнтаваць рашэньне чальцам сваіх партыяў ці рухаў.
Як расказаў выканаўца абавязкаў каардынтара штабу Аляксей Сігаеў — прадстаўнік БСДП (Грамада), «публічная дзейнасьць і выказваньні Канапацкай не былі накіраваныя на ўмацаваньне даверу». Таксама з боку былой дэпутаткі пачулі і пагрозы зваротамі ў дзяржаўныя органы наконт праверкі дзейнасьці штабу праймэрыз.
Фармальная падстава для нерэгістрацыі Ганны Канапацкай — неадпаведнае афармленьне пададзеных подпісаў. Яна прадставіла 224 подпісы, а 41 не ўтрымліваў адрас рэгістрацыі падпісантаў (для прэтэндэнт павінен або вылучыцца ад зарэгістраванай партыі ці грамадзкай арганізацыі, або сабраць 200 подпісаў). Было тры подпісы нібыта ад людзей, народжаных у 2020 годзе. Іншыя подпісы за Кавалькову і Канапацкую правяралі праз тэлефанаваньні (нават тыя подпісы, дзе не запоўнілі адрасы).
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў расказаў Свабодзе, што хоць ён і БНФ галасавалі за рэгістрацыю Канапацкай, пагаджаецца, што загадзя прынятая працэдура была выкананая.
Што далей?
Прэтэндэнт павінен быў зрабіць грашовы ўнёсак у эквіваленце 500 эўраў — Канапацкай грошы вернуць.
Прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году. У выпадку нерэгістрацыі «адзінага» кампанія будзе заклікаць выбарнікаў да байкоту выбараў. Той жа сцэнар прадугледжаны ў выпадку масавых рэпрэсіяў супраць удзельнікаў кампаніі.
Галасаваньне за канчатковы выбар «адзінага» будзе праходзіць і на сустрэчах у рэгіёнах (трэба будзе пацьвердзіць асобу пашпартам) і праз інтэрнэт (пацьверджаньне — праз SMS). Пераможа той, хто набярэ простую большасьць галасоў (цяпер фаварытаў у штабе ня бачаць).
Першыя сустрэчы ў рэгіёнах у межах анансаваных праймэрыз заплянаваныя ўжо на бліжэйшую пятніцу 6 сакавіка ў райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласьці (ад 17:30 у дзіцячай школе мастацтваў). Галасаваньне за «адзінага» пачнецца ад 4 сакавіка. Сустрэчы будуць ладзіцца па аўторках, пятніцах, суботах і нядзелях — плянуюць наведаць 56 гарадоў.
Удзельнікі кампаніі ў выпадку фальсыфікацыі выбараў зьбіраюцца заклікаць да перавыбараў, а ў выпадку адмовы ў перавыбарах — да нацыянальнага страйку. Магчымыя заклікі да гвалтоўных акцыяў адразу абвясьцілі правакацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая супраць Янукевіча: ці варта Беларусі выходзіць з Эўразійскага саюзу? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Губарэвіч, Кавалькова, Севярынец: Як будзе вырашаць нафтавае пытаньне новы прэзыдэнт Беларусі?За што мае выступаць «адзіны кандыдат»?
Поўная праграма для «адзінага» яшчэ ня складзеная. 31 траўня маюць прыняць канчатковую праграму. Але згодна з правіламі ўдзелу ў праймэрыз, кожны прэтэндэнт павінен выступаць:
- за незалежнасьць Беларусі,
- супраць дыктатуры,
- за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзянаў,
- за выхад з АДКБ і дамовы аб «Саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі,
- за вывад замежных вайсковых аб’ектаў зь Беларусі,
- за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры,
- за добрасуседзкія і раўнапраўныя адносіны з Эўразьвязам, ЗША, Расеяй і іншымі краінамі,
- супраць умяшаньня зьнешніх сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі,
- за сьвецкую дзяржаву,
Таксама кандыдат мусіць:
- паважаць правы вернікаў і не выступаць з заявамі, якія супярэчаць традыцыйным поглядам на сям’ю і грамадзтва;
- прыняць абавязак неадкладна пасьля перамогі правесьці канстытуцыйную рэформу цягам 4 месяцаў, свабодныя парлямэнцкія выбары, рэформы выбарчага заканадаўства;
- паабяцаць не вылучацца на другі прэзыдэнцкі тэрмін;
- падтрымліваць палажэньні Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека;
- лічыць, што Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і яго ўдзел у выбарах незаконны.
Хто яшчэ можа пайсьці на выбары?
Пра прэзыдэнцкія амбіцыі ў абыход праймэрыз заяўлялі кіраўнік «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Не зьбіраецца сыходзіць на пэнсію і дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Раней не выключылі свайго ўдзелу ў праймэрыз таксама старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук, блогер Сяргей Ціханоўскі. Але заявак яны не падалі. Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў, падавала заяўку на праймэрыз, але яе не зарэгістравалі — ці будзе яна спрабаваць удзельнічаць у выбарах самастойна, яна не казала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзіны» і «кандыдаты пратэсту». Два пляны апазыцыі на выбарыШто важна ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.