Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Веру, што ў 2020 годзе ўлада ў Беларусі памяняецца», — блогер Nexta


Сьцяпан Сьвятлоў, аўтар папулярных Youtube- і Telegram-каналаў Nexta, лічыць, што сёлета магчымая зьмена ўлады ў Беларусі. Так ён патлумачыў у відэаінтэрвію ў праекце «Морква», чаму ў сваіх перадачах на Youtube часта называе 2020 год «пераломным» і «важным».

«Паводле ўсіх дасьледаваньняў, апытаньняў і камэнтароў у інтэрнэце, мінімум 70% насельніцтва Беларусі хоча зьмены ўлады. На жаль, як паказвае практыка, змагацца за гэтыя зьмены гатовыя толькі 5% у найлепшым выпадку. Але ёсьць такая заканамернасьць, што нават 3% грамадзянаў дастаткова, каб зьмяніць дзейны рэжым», — сказаў Сьвятлоў.

Ён адзначыў, што ёсьць некалькі варыянтаў разгортваньня падзеяў.

«Адзін з варыянтаў зьмены рэжыму — плошча. Калі на плошчу выйдзе нават 100 тысяч чалавек, колькі ніколі не выходзіла ў Менску, гэта стане сыгналам для сілавікоў — калі яны будуць бачыць у натоўпе сваіх знаёмых, яны па-іншаму будуць успрымаць сытуацыю».

Апроч вулічнага сцэнару, Сьцяпан назваў варыянт зьмены ўлады праз выбары ў выпадку, калі чальцы выбарчых камісіяў адмовяцца ўдзельнічаць у фальсыфікацыях.

«Мне падабаецца сцэнар, які прапанавала апазыцыя, — свае людзі ў выбарчых камісіях. Калі ў кожнай камісіі будзе хаця б па адным-два чалавекі, якія б перашкаджалі фальсыфікацыям, ціснулі б на старшыняў, распавядалі б іншым чальцам камісіяў, што ня варта ўдзельнічаць у фальсыфікацыях, гэта б вельмі напружыла ўлады», — заявіў блогер.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG