Вакзал «Усходні» адкрыюць праз 4 гады прастою. На месцы зьнесенага «Маскоўскага» ідуць «невялікія работы». ФОТА

Закрыты амаль чатыры гады таму менскі аўтавакзал «Усходні» зноў пачне працаваць. Раней там хацелі адкрыць выставачны комплекс.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара «Менсктрансу» Віктар Тозік.

Вакзал адкрыюць 20 сакавіка. Адпраўляцца і прыбываць будуць пераважна маршруты магілёўскага кірунку, а таксама частка прыгарадных маршрутаў і гарадзкія маршруты ў кірунку Соснаў і Сокала:

№ 110, 110А, 112С, 160, 160А, 161,161А, 161С,168, 168А;

  • Мачулішчы (№ 270)
  • Кайкава (№ 281)
  • Дубовы Лес (№ 296)
  • Дзергаі (№ 308)
  • Дудуткі (№ 323)
  • Бардзілаўка (№ 327)
  • Парк «Вялікі Камень» (№ 375)
  • Санаторый «Волма» (№ 434)

Аўтавакзал «Усходні» быў закрыты ў 2016 годзе, а ўсю нагрузку ўзяў на сябе Цэнтральны вакзал. Будынак «Усходняга» выстаўлялі на аўкцыён, але марна. У 2017 годзе плянавалі перапрафіляваць яго пад выставачны комплекс узамен «Белэкспа», аднак пазьней ад гэтай задумы адмовіліся.

Цяпер «Усходні» вырашылі вярнуць у эскплюатацыю.

Што цяпер на месцы зьнесенага «Маскоўскага» аўтавакзала

Вакзал «Маскоўскі» ў Менску наагул зьнесьлі ў 2014 годзе, а на яго месцы пачалося будаўніцтва «Газпром-центра». Аднак будоўлю прыпынілі, а праз тры месяцы ў 2016 годзе «Газпром трансгаз Беларусь» закансэрваваў незавершанае будаўніцтва.

Што на гэты момант адбываецца з будоўляй? Начальнік службы сувязяў з грамадзкасьцю і сродкамі масавай інфармацыі Дзьмітры Косьцін адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды сьцісла: «Працэс працягваецца».

Намесьнік генэральнага дырэктара Міхаіл Грышчэня сказаў, што на абʼекце «няма кансэрвацыі, ідуць невялікія работы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мова эканом-клясы. Беларуская чыгунка адмовілася рабіць абвесткі па-беларуску ва ўсіх цягніках
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На полі з «дарогай сьмерці» ў Курапаты мяркуюць пабудаваць выставачны цэнтар. Што з ахоўнай зонай?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўны нонсэнс». Гістарычны музэй з цэнтру Менску хочуць перанесьці на ўскраіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскіх маршрутках задумалі зрабіць аплату праз смартфон, у барысаўскіх аўтобусах ужо зрабілі