Сёмы этап Кубку сьвету па біятлёне ў чэскім горадзе Новэ-Места-на-Мараве пройдзе без гледачоў, паведамляе Чэскае радыё.
Як патлумачыў міністар унутраных спраў Чэхіі Ян Гамачэк, такое рашэньне прыняла Рада бясьпекі, каб стрымаць распаўсюд каранавірусу. 1 сакавіка ў Чэхіі выяўленыя першыя тры выпадкі інфікаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус выявілі ўжо ў 66 краінах сьветуЧарговы этап Кубку сьвету па біятлёне заплянаваны на 5-8 сакавіка, праграма прадугледжвае шэсьць гонак. Чакалася, што кожны дзень спаборніцтваў наведае каля 30 000 гледачоў. Уваходныя квіткі прададзеныя на агульную суму 22 мільёны кронаў (амаль 1 мільён эўра), цяпер вырашаецца, як вярнуць гэтыя грошы.
Тым часам у Раўбічах пад Менскам 4 сакавіка стартуе біятлённы этап Кубку IBU (Міжнароднага саюзу біятляністаў). Напярэдадні тут завершыўся чэмпіянат Эўропы, у агульным мэдалёвым заліку першынствавала зборная Беларусі. Да пачатку стартаў было набыта блізу 2 тысяч квіткоў, канчатковая колькасьць заўзятараў пакуль не ўдакладняецца.
Біятлённыя гонкі ў Раўбічах пройдуць у прысутнасьці заўзятараў, рашэньня аб нейкіх абмежаваньнях няма.
Першапачаткова эўрапейскія спаборніцтвы мела прыняць Эстонія, аднак арганізатары заявілі, што ня здольныя гэта зрабіць праз адсутнасьць сьнегу. Тады Міністэрства спорту і турызму Беларусі прапанавала перанесьці старты ў Раўбічы.
Парэшткі сьнегу з лыжнай трасы ў менскім мікрараёне Вясьнянка і ў комплексе «Зайцава паляна» пад Лагойскам зьбіралі салдаты і валянтэры, адмысловыя ўстаноўкі выпрацоўвалі штучны сьнег.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суцэльная каша». Біятляністы пра трасу ў Раўбічах, дзе праходзіць чэмпіянат ЭўропыШэраг беларускіх і замежных спартоўцаў скрытыкавалі якасьць раўбіцкай трасы, пакрыцьцё якой больш нагадвала «кашу і месіва», чым звыклую лыжню.