Удзельнікі чэмпіянату Эўропы ў біятлёне, які 26 лютага пачаўся ў Раўбічах пад Менскам, не задаволены станам трасы. Многія кажуць, што плюсавая тэмпэратура і дождж ператвараюць сумесь натуральнага і штучнага сьнегу ў «кашу».
Акурат з прычыны неспрыяльных умоваў надвор’я ад правядзеньня спаборніцтваў адмовілася Эстонія.
Украінскі біятляніст Арцём Прыма ў камэнтары для спартовага рэсурсу «Трыбуна» выказаўся пра ўмовы зь непрыхаванай іроніяй.
«На трасе моцная „каша“. Зрэшты, дзякуй, што змаглі наогул правесьці гэтыя старты. Але каша, вядома, вельмі вялікая: брудны сьнег, усё грудамі, крыва-коса. Добра хоць, што не асфальтам бяжым...», — падзяліўся ўражаньнямі ўкраінец.
Беларус Сяргей Бачарнікаў у першы ж дзень заваяваў залаты мэдаль у дысцыпліне «супэр-спрынт». І таксама не ўтрымаўся, каб не згадаць пра «разьбітую трасу».
«У канцы ўздыму ішоў ужо на маральна-валявых, чапляўся з усіх сілаў, — сказаў ён у інтэрвію выданьню „Прессбол“ . — Траса, вядома, разьбітая, але пры такім плюсе чакаць чагосьці іншага ад яе было немагчыма».
Паскардзілася на якасьць лыжні і чэмпіёнка зімовых Алімпійскіх гульняў-2018 у складзе беларускай жаночай каманды Ірына Крыўко.
«Цяжкая траса, даводзіцца ўсюды працаваць, адпачываць няма дзе, — цытуе спартоўку тэлеканал СТБ. — Але, тым ня менш, заўсёды цікава выступіць дома».
Затое спартовыя чыноўнікі гавораць аптымістычна. Так, намесьнік міністра спорту і турызму Аляксандар Баравуля перакананы, што толькі Беларусь магла правесьці чэмпіянат Эўропы-2020 у біятлёне.
«Фактычна толькі ў нас ёсьць такія магчымасьці — правесьці чэмпіянат Эўропы. Мы былі да гэтага гатовыя. Зладжаная работа ўсіх службаў дазволіла арганізаваць спаборніцтвы», — спасылаецца на аднаго з кіраўнікоў ведамства СТБ.
Чэмпіянат Эўропы працягнецца да 1 сакавіка, адразу пасьля гэтага тут жа заплянаваны чарговы этап кубку Эўропы ў біятлёне.