Пасьля інфармацыі пра выяўленьне каранавірусу ў іранскага студэнта БНТУ шпіталізавалі 26 яго аднагрупнікаў і 7 выкладчыкаў, паведаміў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік 28 лютага падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
Паводле міністра, цяпер вырашаецца пытаньне з пасажырамі. У дзяўчыны і сям’і іранскага студэнта пакуль ня выявілі прыкметаў каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сымптомы каранавірусу штодня правяраюць 20 тысяч чалавек, якія прылятаюць у БеларусьТаксама Ўладзімер Каранік паведаміў, што ў Беларусі зробяць больш пунктаў, дзе можна здаць аналіз на каранавірус. Да канца дня міністэрства апублікуе сьпіс месцаў у Менску і рэгіёнах, дзе можна будзе здаць аналіз. Гэта будуць не паліклінікі, а спэцыяльныя цэнтры. Першасны вынік тэсту можна атрымаць ужо праз 5 гадзінаў. Калі ёсьць сумневы, праводзяць удакладняльныя тэсты.
У менскую інфэкцыйную лякарню за апошнія содні зьвярнуліся 28 пацыентаў, 16 зь іх шпіталізавалі, расказаў намесьнік галоўнага лекара Гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні Менску Сьвятаслаў Вельгін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі«Цягам раніцы да нас зьвярнуліся 26 чалавек, 16 зь іх шпіталізаваныя з прэвэнтыўнай мэтай. Ім робяць аналіз, праз суткі атрымаюць вынік. Пацыента могуць адпусьціць на амбуляторны рэжым ці даглядзець», — паведаміў Сьвятаслаў Вельгін.
27 лютага ў Беларусі пацьвердзілі першы выпадак заражэньня вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя: ажыятаж з маскамі нерацыянальныПаводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачуваецца «здавальняльна». Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы Менскай інфэкцыйнай лякарні.
У БНТУ студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне з 28 лютага да 16 сакавіка.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ