Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сымптомы каранавірусу штодня правяраюць 20 тысяч чалавек, якія прылятаюць у Беларусь


Ілюстрацыйнае фота. Людзі ў масках у менскім аэрапорце, 29 студзеня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Людзі ў масках у менскім аэрапорце, 29 студзеня 2020 году

Кожны дзень у Беларусі правяраюць 20 тысяч чалавек, якія прылятаюць у краіну, паведаміла намесьніца галоўнага лекара па эпідэміялёгіі Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Беларусі Ірына Глінская падчас прэс-канфэрэнцыі з прычыны выяўленьня ў Беларусі першага выпадку заражэньня новым каранавірусам COVID-19.

Ірына Глінская
Ірына Глінская

«На мінулым тыдні мы акцэнтавалі ўвагу на асобаў, якія вяртаюцца з Кітаю. На гэтым тыдні сьпіс пашырыўся. Акцэнт мы робім на грамадзянаў, якія вяртаюцца з Італіі, Паўднёвай Карэі і Ірану», — паведаміла Ірына Глінская.

Паводле яе, цяпер штодня каля 20 тысяч чалавек, якія прылятаюць у Беларусь, праходзяць санітарна-карантынны кантроль.

«На гэтых людзей асаблівая ўвага, яны запаўняюць анкеты, даюць свае зьвесткі. Таксама ў дачыненьні да гэтых людзей праводзіцца лябараторнае дасьледаваньне адразу па прыбыцьці», — расказала Глінская.

Калі чалавек прыбывае зь пералічаных краінаў і пачуваецца абсалютна здаровым, яму прапануюць прайсьці абсьледаваньне па прыбыцьці і потым яшчэ праз 14 дзён, дадала Ірына Глінская.

27 лютага ў Беларусі пацьвердзілі першы выпадак заражэньня вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачуваецца «здавальняльна». Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы менскай інфэкцыйнай лякарні.

У БНТУ студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне з 28 лютага да 16 сакавіка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG