Каму патрэбен саюз, у якім «валтузьня», «мардабой» і змушаюць да інтэграцыі?

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з старшынём калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясьніковічам 27 лютага ўшчэнт раскрытыкаваў дзейнасьць Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) і нават намякнуў на магчымасьць выхаду Беларусі зь яго.

Сьцісла

  • ЭАЭС не выконвае сваіх функцыяў, некаторыя чальцы думаюць пра выхад зь яго.
  • У неэфэктыўнасьці эканамічнага саюзу вінаватая Расея.
  • Менск у рамках ЭАЭС будзе выкарыстоўваць права вэта. То бок блякаваць прыняцьце рашэньняў, шантажаваць Маскву з дапамогай структураў гэтага эканамічнага саюзу.
  • І, нарэшце, галоўны інструмэнт ціску на Расею — пагроза выйсьці з ЭАЭС.

Крызіс ЭАЭС

Размова Лукашэнкі зь Мясьніковічам адбывалася на тле рэзкага абвастрэньня беларуска-расейскіх адносінаў. Гэта не магло не накласьці адбітак на ацэнку дзейнасьці ЭАЭС.

Паводле кіраўніка Беларусі, функцыянаваньне ЭАЭС зусім не адпавядае задачам, пастаўленым падчас утварэньня гэтага саюзу.

«Тых свабодаў, якія мы калісьці дэкляравалі, сёньня практычна няма. Або яны ёсьць, можна сказаць мякка, ня ў поўным абʼёме. Дапусьцім, свабоднае перамяшчэньне тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Гэта падмурак будаўніцтва нашага саюзу. Мы дасюль гэтага ня маем», — з абурэньнем даводзіць Лукашэнка. І адзначае, што ў ЭАЭС зараз ёсьць 14 выключэньняў, 37 абмежаваньняў і 15 барʼераў.

«Няма ў нас адзінай прамысловай, аграрнай палітыкі. Абсалютна не», — адзначае ён. І заключае: «Наладзілі нейкую цяганіну і валтузьню, якая даходзіць да мардабою».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Новы тэрмін зьявіўся ў саюзе: прымус да інтэграцыі»

Што ж, характарыстыка даволі вычарпальная.

«Хто ж будзе хацець ў такі саюз уступаць, калі мы самі ня можам у гэтым разабрацца?» — задае рытарычнае пытаньне Лукашэнка.

На гэтым фоне ўсе разважаньні афіцыйных асобаў і дзяржаўных мэдыяў пра магчымыя дамовы аб свабодным гандлі паміж ЭАЭС і азіяцкімі краінамі — Кітаем, Віетнамам, Іранам, Індыяй — выглядаюць дзіўнымі. Бо калі дагэтуль не ўдалося стварыць зону свабоднага гандлю ў рамках ЭАЭС, то як можна далучаць да гэтага незавершанага працэсу новыя краіны?

Ці як выглядаюць на гэтым фоне шматлікія разважаньні самога Лукашэнкі і кіраўнікоў МЗС Беларусі пра нейкую канцэпцыю «інтэграцыі інтэграцыяў», агульную эканамічную прастору ад Лісабону да Ўладзівастоку? Калі ў межах ЭАЭС не адбылася інтэграцыя, то што ж інтэграваць?

Хто вінаваты?

І даволі лягічна гучыць вельмі цікавая выснова: «Іншыя бачаць сябе ў іншым саюзе, проста целяпаюцца ў ЭАЭС і чакаюць нейкага зручнага моманту, каб выскачыць зь яго». Гэта ўжо штосьці новае. Аказваецца, ня толькі з Эўразьвязу выходзіць Вялікая Брытанія, але і з ЭАЭС неўзабаве пабягуць ягоныя чальцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясьніковіч расказаў, што будзе ў стратэгіі інтэграцыі, якую Лукашэнка хоча падпісаць у траўні

Хто ж вінаваты ў крызісе гэтага абʼднаньня, якое падчас ягонага стварэньня абʼяўлялі драйвэрам эканамічнага росту постсавецкай прасторы?

Спачатку Лукашэнка празрыста намякае: «Пафігізм, які заснаваны на нейкай абыякавасьці асобных дзяржаваў». Што ж гэта за дзяржавы? Тыя, якія выстаўляюць «незразумелыя патрабаваньні», робяць стаўку на манапалізм, чыняць прымус.

Паводле Лукашэнкі, нават «новы тэрмін зьявіўся ў саюзе — «прымус да інтэграцыі». Урэшце кіраўнік Беларусі прама паказвае пальцам на галоўнага вінаватага такога стану рэчаў. Паводле яго, Расея ў ролі вядучай краіны павінна генэраваць ідэі і ўвасабляць іх у жыцьцё, ісьці ў авангардзе.

Што рабіць?

Такім чынам, зразумела, «хто вінаваты?». Але Лукашэнка адказвае і на пытаньне «што рабіць?» Па-першае, у рамках ЭАЭС трэба выкарыстоўваць права вэта. То бок блякаваць прыняцьцё рашэньняў, шантажаваць Маскву з дапамогай структураў гэтага эканамічнага саюзу. Ідэя ня новая, ужо неаднаразова афіцыйны Менск ужываў такую тактыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выхад з саюзу з Расеяй — гэта амаль гарантаваная вайна», — палітоляг

Другая ідэя. Як вядома, з 2025 году ў ЭАЭС павінен дзейнічаць агульны рынак энэргарэсурсаў. Значыць, з таго году цэны на газ і нафту мусяць быць аднолькавымі для усіх чальцоў. І ажыцьцявіцца вялікая мара Лукашэнкі купляць газ па ўнутрырасейскіх цэнах. Але ён асьцерагаецца, што Расея можа «саскочыць», ухіліцца ад гэтых абяцаньняў. Таму трэба зьвязаць РФ падпісаньнем нейкіх дадатковых пагадненьняў, каб яна не магла выкруціцца.

«Трэба прадугледзець, каб не атрымалася так: у сьнежні 2024 году зьбяромся і як звычайна — пра штосьці не дамовіліся, хтосьці не гатовы працаваць паводле адзіных прынцыпаў рынку нафты, газу, аграрнай, алькагольнай прадукцыі. І мы пачынаем потым канфіскацыі выдумляць нейкія ці пакідаць абмежаваньні і гэтак далей. Таму трэба да 2025 году ісьці паэтапна», — заявіў Лукашэнка.

І патлумачыў: «Калі мы гаворым аб адзіным рынку нафты, газу (для нас гэта важна, таму я бяру гэты прыклад), значыць, у 2021–2024 гадах павінны паэтапна падысьці фактычна да адзіных прынцыпаў цэнаўтварэньня».

Пагроза выхаду Беларусі з ЭАЭС

І, нарэшце, галоўны інструмэнт, сьценабітная зброя, апошні довад каралёў і прэзыдэнтаў — пагроза выйсьці з ЭАЭС. Лукашэнка даводзіць, што калі мы не жадаем пабудаваць гэты саюз, то «ня трэба пудрыць адзін аднаму мазгі, кожны будзе шукаць свой кірунак разьвіцьця і думаць, дзе яму быць».

«У адваротным выпадку які інтарэс у гэтым саюзе? — лічыць кіраўнік Беларусі. — Што нас трымае ў саюзе, бо навокал перашкоды, барʼеры і выключэньні».

Здаецца, ніколі раней Лукашэнка так пытаньня ня ставіў. Але прыпякло. Гэта тым больш цікава, што лідэры апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў выхад з постсавецкіх інтэграцыйных абʼяднаньняў ставяць у якасьці аднаго з цэнтральных пунктаў сваіх праграмаў.

Зразумела, Лукашэнка ня мог абысьці тэму двухбаковых беларуска-расейскіх дачыненьняў. Ён нават узгадаў адносіны з Расеяй падчас прэзыдэнцтва Барыса Ельцына. Маўляў, вось тады была рэальная інтэграцыя, ніхто не замахваўся на сувэрэнітэт Беларусі. А цяпер Расея разбагацела, і «пачаліся незразумелыя штурханіна і валтузьня», «прымус да інтэграцыі».

Карацей, няма таго, што раньш было. І ўсім вядомы галоўны вінаваўца гэтага бязладзьдзя. Але ягонае прозьвішча лепш не ўзгадваць. На ўсялякі выпадак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сума штрафаў за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй — 65 тысяч даляраў