Беларускія чыноўнікі ўсё часьцей называюць Беларусь ІТ-краінай. Свабода паглядзела, як стаяць справы з выкарыстаньнем ІТ-тэхналёгій у беларускай школе.
Адзін кампутар на 15 чалавек маюць беларускія школьнікі, паводле статыстыкі Белстату. Кампутарныя клясы ёсьць у 97% беларускіх школ, інтэрнэт — у 98%. Глядзім, як гэтыя тэхналёгіі выкарыстоўваюцца.
«Папяровых дзёньнікаў у нас няма»
Менская школьніца Даша расказала Свабодзе, што ўрокі ў кампутарнай клясе, апроч інфарматыкі, праходзяць «ня часта». Але школьнікі актыўна карыстаюцца электрадошкамі.
«Электрадошкі на ўроках у нас ёсьць. На ўроках хіміі ці біялёгіі нам уключаюць розныя відэа, мы рашаем задачкі з дапамогай гэтых дошак. Месяц назад новыя электрадошкі прыйшлі ў школу. На інфарматыцы вучаць базавым праграмам, Word, Excel. Таксама вывучаем Pascal, праходзілі анімацыю. Напрыканцы кожнай чвэрці мы рабілі тэст па сыстэме дыстанцыйнага навучаньня, на многіх прадметах ёсьць гэтыя тэсты, якія трэба адпраўляць з дому», — кажа Даша.
Дзёньнікі ў школе электронныя, папяровых няма ўжо два гады.
«Мы не вядзем папяровых дзёньнікаў. У электронных дзёньніках настаўнікам зручна нешта дапаўняць, дадаваць прэзэнтацыі туды», — кажа Даша.
«На ўроках выкарыстоўваю прэзэнтацыі, фатаздымкі»
Надзея выкладае ў школе гісторыю і грамадазнаўства, падмяняе асноўнага настаўніка. Праводзіць урок ёй зручней з электроннай дошкай.
«Мне прасьцей так праводзіць. Калі гэта ня нейкае шоў, а звычайны ўрок, я выкарыстоўваю прэзэнтацыі, паказваю здымкі, якіх няма ў падручніку. У нас у чатырох клясах ёсьць гэтыя дошкі», — кажа Надзея.
«Электронных дошак у нас няма»
У вясковых школах 97% школ маюць кампутарныя клясы, 96% школ маюць доступ у інтэрнэт. Сьвятлана, якая выкладае інфарматыку, матэматыку і фізыку ў вясковай школе на Берасьцейшчыне, электроннай дошкай не карыстаецца, бо іх у школе няма. Ёсьць кампутарны кляс, праектар і ноўтбук.
«У кампутарным клясе ўрокі праходзяць,калі ёсьць нейкае заданьне на кампутары. Таксама ноўтбук можа выкарыстоўвацца на любым уроку, у прынцыпе. Ёсьць яшчэ праектар, які настаўнікі выкарыстоўваюць», — кажа Сьвятлана.
На ўроках інфарматыкі яе вучні вывучаюць Pascal, графічныя рэдактары. Інфарматыка ў вучняў пачынаецца з 6 клясы, заняткі праходзяць раз на тыдзень.
Дарэчы, мова праграмаваньня Pascal была прыдуманая ў 1970-х гадах, яе па сёньня выкарыстоўваюць на ўроках ня толькі ў Беларусі.
«Празьмернае выкарыстаньне новых тэхналёгій — шкодна»
Сваю думку пра выкарыстаньне новых тэхналёгій у школах выказала на прэсавай канфэрэнцыі начальніца ўпраўленьня інфармацыйных адукацыйных тэхналёгій адукацыйнага цэнтру Нацыянальнага інстытуту адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Харэвіч.
«Натуральна, інфармацыйныя тэхналёгіі ў нас выкарыстоўваюцца ўсюды. Яны выкарыстоўваюцца ў падручніках таксама: там друкуюцца QR-коды, якія дазваляюць пашырыць кантэнт, які ёсьць у падручніках. Гэта і відэафрагмэнты, інтэрактыўныя заданьні.
Але празьмернае захапленьне інфармацыйнымі тэхналёгіямі можа прывесьці да страты таго арыгінальнага досьведу, які мы сёньня напрацавалі ў сыстэме адукацыі», — мяркуе Ірына Харэвіч.
У беларускіх гарадах 92% настаўнікаў выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналёгіі на ўроках. У вёсцы — 87,8%.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН