Улады Вэнэцыі адмянілі сьвяткаваньне двух апошніх дзён традыцыйнага гарадзкога карнавалу з прычыны ўспышкі каранавірусу новага тыпу, — паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на губэрнатара вобласьці Вэнэта.
Мерапрыемства, якое штогод зьбірае мільёны турыстаў, будзе спыненае ў ноч на панядзелак. Ад гэтага часу ўступае забарона на ўсе публічныя мерапрыемствы — да першага сакавіка ўключна.
У суботу ўлады Італіі абвясьцілі пра комплекс надзвычайных захадаў, ужытых з прычыны ўспышкі захворваньня. У Вэнэта і Лямбардыі на поўначы краіны абвешчана пра закрыцьцё школ і унівэрсытэтаў. Мясцовым уладам дазволена ўводзіць камэнданцкую гадзіну ў выпадку пагаршэньня сытуацыі.
Гэта зьвязана зь першымі выпадкамі сьмерці эўрапейцаў ад хваробы на тэрыторыі краіны. У пятніцу і суботу ад каранавірусу ў Лямбардыі і Вэнэта памерлі 75-гадовая жанчына і 78-гадовы мужчына. За суткі колькасьць тых, хто заразіўся новай інфэкцыяй ў Італіі падвоілася і перавысіла 120 чалавек.
- У нядзелю адмененыя тры футбольных матчы сэрыі А: «Аталянта» — «Сасуола», «Інтэр» — «Сампдорыя» і «Вэрона» — «Кальяры». Эўракубкавыя гульні могуць быць перанесеныя або праведзеныя без гледачоў. У панядзелак будзе праверана тэмпэратура ва ўсіх футбалістаў і пэрсаналу гішпанскай «Барсэлёны», якія павінны будуць прыехаць на матчы з нэапалітанскім «Напалі».
-
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кітай, змагайся!» Дазналіся, хто прыдумаў радок салідарнасьці на Нацыянальнай бібліятэцы
Абмежаваньні могуць закрануць Тыдзень моды ў Міляне. У нядзелю стала вядома, што модны дом Армані правядзе паказ за зачыненымі дзьвярыма. Гасьцям будзе прапанавана глядзець трансьляцыю на сайце дома, паведамляе агенцтва ANSA.
Your browser doesn’t support HTML5