У Кітаі зафіксавалі першае паўторнае заражэньне каранавірусам

Кітайскія памежнікі скачуць у аддаленыя раёны Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну, каб данесьці інфармацыю пра COVID-19, 19 лютага

А Італія не выключае закрыцьцё мяжы, хоць пакуль «сытуацыя пад кантролем», кажа прэм’ер.

Па стане на 22 лютага было зафіксавана звыш 77,8 тысячы пацьверджаных выпадкаў заражэньня новым каранавірусам (зь іх каля 76,3 тысячы — у Кітаі). Ад хваробы COVID-19 памерлі агулам 2360 чалавек (2345 у Кітаі), за апошні дзень — 109. Былі выпісаныя здаровымі 21 тысяча чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Успышку каранавірусу ў Паўднёвай Карэі зьвязалі з рэлігійнай сэктай

У ліку тых, каго выпісалі здаровымі пасьля заражэньня каранавірусам, 3-месячная дзяўчынка зь Віетнаму, піша газэта віетнамскай кампартыі Nhan Dan. Маці з дачкой былі 22 студзеня ў бабулі, якая кантактавала з пацыентам з каранавірусам — дзяўчынка заразілася, пачала кашляць, паднялася тэмпэратура. Пасьля аналізу на вірус 11 лютага дзяўчынку зьмясьцілі ў цэнтральны дзіцячы шпіталь краіны — за два дні зьнялі сымптомы, і пасьля тэстаў выпісалі 17 лютага здаровай.

Але, як расказвае The Beijing News, на каранавірус можна заразіцца паўторна. Так здарылася з пацыентам у Кітаі: пасьля лекаваньня ад каранавірусу яго выпісалі здаровым 10 лютага, рэкамэндавалі нікуды не выходзіць з дому цягам двух тыдняў. 19 лютага паўторны тэст паказаў, што ён нейкім чынам зноў займеў каранавірус.

Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ, калі расказваў пра захады і пляны супраць распаўсюду каранавірусу, адзначыў, што пакуль у краіне лічаць, што ў прыпыненьні шэнгенскіх дамоваў пра межы «няма неабходнасьці», але калі будуць умовы, у якіх спатрэбіцца «максымальная перасьцярога», то ўлады гатовыя пайсьці на «любыя захады». Ды цяпер, адзначыў ён, «сытуацыя пад кантролем».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ