«Ён такі, што на яго доўга крыўдаваць немагчыма», — кажа Вольга Шаўрова пра мужа Піліпа. 19 студзеня Піліп Шаўроў прыйшоў у міліцыю і прызнаўся ў пэрформансе з помнікам Пушкіну. Шаўрова абвінавачваюць па ч. 1 арт. 339 «Хуліганства». Увесь гэты час ён сядзіць у СІЗА.
У пакоі старыя мапы і выявы князёў ВКЛ на старых шпалерах. У кухні прыкметы добрага рамонту, але новыя дзьверы яшчэ бязь ліштваў. Кватэра актывіста, былога страхавога агента Піліпа Шаўрова крыху нагадвае студэнцкі інтэрнат, у якім рамонт не завяршыўся з прычыны форс-мажору.
Маладая гаспадыня Вольга паказвае паперу пра штраф мужу ў 50 рублёў. «Цяпер замест рамонту будзем падтрымліваць бюджэт штрафамі. За Пушкіна яшчэ невядома колькі дадуць. Але, думаю, іх ня столькі Пушкін зачапіў, колькі помнік супрацоўнікам МУС. Бо пачаліся такія нагаворы, якіх ніяк не чакала», — Вольга, толькі што вясёлая, становіцца сур’ёзнай і нават сумнай.
Муж Вольгі Піліп Шаўроў ужо месяц як сядзіць на «Валадарцы» ў чаканьні суду. Яго абвінавачваюць у тым, што з балёнчыка ён запэцкаў чырвоным рукі помніка Пушкіну. Падчас сьледзтва да гэтага эпізоду дадалося прызнаньне, што на помніку загінулым супрацоўнікам МУС ён намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг.
У справе шмат незразумелага. Няясна, сярод іншага, чаму Піліп абраў для свайго пэрформансу менавіта помнік Пушкіну альбо што яшчэ зрабіў з помнікам супрацоўнікам МУС. Апошняе надзвычай непакоіць Вольгу, бо Пушкіну рукі адмылі, а ці зможа потым адмыцца яе Піліп?
«У камэнтарах зьявілася, што нібыта ён ня толькі намаляваў сьцяг, але і апаганіў помнік. Пісалі нават, што „наклаў кучу“. Але я ў гэта ня веру», — кажа Вольга.
Ня мог пайсьці ў іншы дзень здацца?!
«Той дзень, калі ён пайшоў у міліцыю з павіннай, быў для нас зь ім адметны — гадавіна нашага вясельля, — расказвае Вольга. — Увечары мы плянавалі пайсьці ў кавярню, адзначыць. А тут ён раніцай кудысьці пачаў зьбірацца, пайшоў — і раптам звоніць зь міліцыі, што затрыманы „за помнік“, маўляў, сам прызнаўся.
Канечне, злая на яго была! Ня столькі за Пушкіна, колькі за тое, што пайшоў здавацца ў такі дзень, ня мог раней ці пазьней. Быццам ад жонкі зьбег у турму хавацца. Але цяпер усё прайшло. Ён такі, што на яго доўга крыўдаваць немагчыма».
Яна прыносіць на кухню стос папер. Спачатку паказвае заяву Піліпа на звальненьне з працы: «Толькі сёньня прыслаў з „Валадаркі“. Яму месца трымалі, колькі маглі, але трэба замяніць, бо з кліентамі няма каму працаваць». Гэтую заяву Вольга панясе на мужаву працу сама.
Яшчэ ў стосе незвычайныя лісты, напісаныя на адвароце разарваных канвэртаў. У іх больш малюнкаў, чым словаў. Вольга цярпліва тлумачыць, што Піліп выкарыстоўвае старыя канвэрты ня дзеля эканоміі паперы ў вязьніцы. Гэта прынцыповае змаганьне за экалёгію: менш выкарыстанай паперы — больш застаецца лясоў.
Піліп — актыўны эколяг, кажа Вольга і паказвае за вакно. Уздоўж дома каля дарогі стаіць агароджа з жоўтых слупоў.
«Гэта каб машыны на газоне не паркаваліся. Піліп пісаў на 115 і ў ЖЭС і ўрэшце дамогся», — тлумачыць яна.
Паказвае чарговы штраф — за тое, што спыніў працу будаўнікоў каля стадыёну «Трактар». «Там дрэвы сьпілоўвалі, а ён умяшаўся, выклікаў міліцыю, пад тэхніку клаўся — але ў выніку яго ж і аштрафавалі».
На турэмных малюнках Піліпа ў асноўным каты́, падпісаныя словам «котас». Вольга тлумачыць, што гэта яны адзін аднаго называюць катамі, а канчатак «ас» зьявіўся пасьля паездкі ў Літву, дзе «с» «чапляюць да ўсіх замежных словаў». Вольга дазваляе прачытаць, што адзін «котас» піша другому з «Валадаркі» і што другі яму адказвае: «Ага, выбачаюся. Але ж ты ведаеш, што я цябе кахаю». — «Калі б кахаў, не было б гэтай х...».
«Ну, як тут будзеш крыўдаваць?» — Вольга зноў весялее. І дзеліцца сваёй вэрсіяй пра тое, чаму Піліп пайшоў у міліцыю прызнавацца.
«Ён вельмі крэатыўны, але як нешта прыдумае, сьпяшаецца дзейнічаць, не заўсёды пралічыўшы наступствы. Вось з Пушкіным, мяркую, ён толькі потым уцяміў, што ўсё роўна знойдуць, і вырашыў апярэдзіць. Ён жа юрыст, ведае, што за яўку з павіннай мусяць даць зьмякчэньне».
«Адкасіць нават не спрабаваў»
Піліп Шаўроў скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Першыя паўгода пасьля дыплёму працаваў юрыстам на заводзе ў Менску, а потым яго забралі на год у войска.
«Адкасіць нават не спрабаваў. Першыя месяцы быў у вучэбцы ў Печах, а потым служыў на Горадзеншчыне», — кажа Вольга.
З прыгодаў мужа ў войску ў яе ёсьць дзьве гісторыі. Першая пра тое, як Піліп і яшчэ зь дзясятак салдат захварэлі на пнэўманію, бо пасьля фізычных практыкаваньняў іх пратрымалі на холадзе на пляцы. Вярнуўся з войска схуднелым і месяц потым «еў усё, што трапляла на вочы». Другая гісторыя падобная да анэкдота, але Вольга верыць, што Піліп яе не прыдумаў, а насамрэч зь ім гэта было, бо «ён — ну вось такі».
«Была зіма, сьнег. Камандзір загадаў яму ісьці з казармы ды прагрэць «Урал» — такая вялікая вайсковая машына ў іх там стаяла. Але правоў у Піліпа не было, і ён прыкінуў: залезе ў кабіну, завядзе матор, каб праграваць, а раптам яна паедзе? І каго тады зробяць вінаватым?
Карацей, ён нават той «Урал» не заводзіў, прахадзіў вакол гадзіну, ажно сьцежку па сьнезе пратаптаў. І як толькі камандзір зьявіўся — пачаў дыхаць на машыну, склаўшы рукі ў рупар. А калі камандзір спытаў: «Ты што робіш?!», адказаў: «Машыну праграю». Камандзір той пазлаваўся і ад Піліпа адчапіўся, а хлопцы пра яго сказалі: «Мы ўсе гадаем: ты альбо такі дурны, альбо надта разумны».
«Па сваёй зямлі цікавей»
Што яе Піліп ня толькі разумны, а і вельмі спрытны і сьмелы, Вольга пераканалася неўзабаве пасьля знаёмства. Яна вучылася на эканаміста ў БДЭУ на курс пазьней за яго. Пазнаёміліся на сумеснай вечарынцы. Вольга ўжо захаплялася турызмам і зьбіралася ў чарговы паход на Беларусі. А будучы юрыст Піліп захапляўся беларускай гісторыяй ды барацьбой за дэмакратыю, а на паходы губляць час не зьбіраўся.
«Мы толькі пазнаёміліся, трэба думаць пра новае спатканьне, а я зьбіраюся ў паход і кажу яму, што пасьля сустрэнемся. Ён зьдзівіўся: як — у паход і безь яго? За адзін дзень набыў экіпіроўку, а потым у паходзе добра пратрымаўся без аніякай падрыхтоўкі! О, думаю, такі мне пасуе!»
Яны ўжо 5 гадоў жывуць разам, зь іх год у законным шлюбе. Вольга кажа, што іх аб’ядноўвае цікаўнасьць да родных мясьцін, да гісторыі Беларусі, яе сучаснасьці. Найбольш успамінаў ад пешых паходаў па Беларусі, у якія выпраўляюцца ў любы вольны час, ня толькі ў адпачынку. «Нават на выходныя можам сабрацца і пайсьці куды з заплечнікам. Па сваёй зямлі насамрэч цікавей».
«Піліп даўно беларускамоўны»
Колькі Вольга жыве зь Піліпам, столькі яна размаўляе па-беларуску.
«Ён даўно беларускамоўны. Як пазнаёміліся, дык адразу спытаў, ці змагу перайсьці цалкам на беларускую, і я змагла, мне было няцяжка. Я год вучылася ў беларускай школе ў Кароткавічах, гэта пад Жлобінам».
А Піліп зь Віцебску, скончыў там гімназію. «Неяк ён на 25 сакавіка вывесіў улётку зь віншаваньнем да гадавіны БНР, за што з бацькамі выклікалі на размову з дырэктарам», — прыгадвае Вольга.
Паводле Вольгі, Піліп яшчэ да іх сустрэчы пазнаёміўся з былым лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам і нейкі час быў у арганізацыі. У апошні пэрыяд супрацоўнічаў з ініцыятывай «Дзея» Алеся Лагвінца.
«Але ён больш сам па сабе. Калі зь нечым нязгодны, то асабіста чалавеку скажа. І калі гэта не падзейнічае — сыдзе, бо сварак ня любіць, не ягоны стыль».
Вольга абвергла чуткі, што да затрыманьня за помнік Пушкіну ў Піліпа Шаўрова ўжо была судзімасьць.
«Гэта няпраўда. На яго была заведзеная не крымінальная, а адміністрацыйная справа. Калі ён яшчэ быў студэнтам, дык пашкодзіў скульптуру Леніна, якая стаяла каля старога аэрапорту. Тады далі штраф, вызначылі страты, і ён усё кампэнсаваў».
Цяпер Вольга спадзяецца, што гісторыя з помнікам Пушкіну скончыцца для Піліпа калі ня толькі штрафам, дык хаця б умоўнай адседкай ці «хатняй хіміяй».
«Мяркую, будзе залежаць ад таго, які вызначаць памер стратаў. Відавочна, што ад галубоў помнікі штогод церпяць нашмат болей, чым ад аднаго апантанага актывіста раз на 25 год. Але тое галубы. А ў нас і за паўтара рубля на 7 гадоў могуць пасадзіць, усё магчыма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі рукі Пушкіна, але і палітычныя графіці. За што яшчэ трымаюць на «Валадарцы» актывіста Шаўрова ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі чалавек падпісалі адкрыты ліст у падтрымку асуджаных анархістаў