«Чаму мяне выганяюць з роднага гораду?» Сям’я змагаецца за свой дом, які зносяць дзеля будоўлі Minsk World

Будоўля Minsk World наступае на рэшткі прыватнага сэктару

Прыватны дом Веслава Меданоўскага на завулку Вільямса, 13 у Менску трапіў пад знос дзеля будоўлі комплексу «Minsk World», якую вядзе кампанія сэрбскіх мільянэраў Карычаў Dana Holdings. Аднак высяляцца гаспадар не зьбіраецца, бо Менгарвыканкам не дае ўчастка для будаўніцтва новага дома ў Менску.

У адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску пераконваюць, што будуць дасягаць дамоўленасьці зь менчуком.

Веслаў Меданоўскі працуе выкладчыкам у менскім мэдычным каледжы, ён віцэ-старшыня пчалярскіх арганізацый Беларусі BelApiUnion, прэзыдэнт Мэдычнай Палёніі Менску і Менскай вобласьці. Сваё становішча называе «безвыходным».

«Я зьвяртаюся да прэзыдэнтаў Беларусі і Сэрбіі. Сэрбаў выганялі з дамоў падчас вайны. Але тут мірны час, Лукашэнка ўвесь час кажа, што ў нас самая мірная дзяржава. Ён гарантуе, што ўсе правы па Канстытуцыі выконваюцца, але адносна жыльля маё права парушае. Мяне і маіх дваіх дзяцей выганяюць з майго дома невядома куды. Чаму мяне выганяюць з роднага гораду?» — кажа спадар Веслаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматпавярховік пасярод менскай Дзіцячай чыгункі будуюць сэрбскія знаёмцы Лукашэнкі

«Адступаць я ня маю намеру»

27 сямей, чые дамы таксама ішлі пад знос, у 2017 годзе судзіліся зь Менгарвыканкамам за права застацца жыць у сваіх дамах ці хаця б атрымаць участкі побач, дзе землі зарэзэрваваныя пад будаўніцтва прыватных катэджаў. Аднак суды не задаволілі пазовы, а судзьдзя, паводле спадара Веслава, «зрабіла пасьмешышча з судовага паседжаньня».

«У гэты момант я практычна адзін, хто супрацьстаіць уладам. Але адступаць я ня маю намеру. Я хачу, каб мне далі магчымасьць пабудаваць дом у Менску наўзамен таго, які зьнясуць», — кажа спадар Веслаў.

Веслаў Меданоўскі набыў у 2011 годзе палову прыватнага дома плошчай 63 квадратныя мэтры, каб рэканструяваць і жыць там разам з двума сынамі.

«Дзеці дарослыя, хацелі займець свае сем’і, але ў кватэры нам было зацесна. Калі я купляў гэты дом, мне казалі, што яго можна рэканструяваць. Але прайшлі год ці два, і нам адмовілі ў рэканструкцыі. Сказалі, што будуць усё зносіць і тут будуць нешта будаваць. Тады яшчэ было невядома што, яшчэ аэрапорт дзейнічаў», — кажа спадар Веслаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самі вінаватыя. Ці могуць людзі нешта зрабіць, калі новабудоўля закрывае ім белы сьвет?

«Прапанавалі ўчасткі побач са звалкай»

Калі сям’я даведалася, што дом будуць зносіць, то зьвярнулася ў Менгарвыканкам, каб ёй выдзелілі ўчастак у Менску для новага дома. На будоўлю зьбіраліся патраціць атрыманую грашовую кампэнсацыю амаль у 150 тысяч рублёў. Аднак участак у Менску ўлады не далі.

Гаспадар дома дагэтуль вядзе перапіску зь Менгарвыканкамам. Але там адказваюць адно і тое ж. Згодна з указам прэзыдэнта № 58 Менгарвыканкам абавязаны, перад тым як забраць зямельны ўчастак «для дзяржаўных патрэбаў», прапанаваць уласьніку жыльля, якое ідзе пад знос, іншы ўчастак «без чаргі і правядзеньня аўкцыёну» для будаўніцтва жыльля. Аднак, як падкрэсьліваюць улады, «у любым іншым населеным пункце» і «пры наяўнасьці аб’ектыўнай магчымасьці».

У Менскім раёне ўчасткі даюцца па выніках аўкцыёнаў, аднак некаторыя на даручэньне старшыні Менскага райвыканкаму «падбіраюцца» на тэрыторыі сельсаветаў для ўласьнікаў жыльля, якое зносіцца ў Менску. Усе гэтыя прапановы не задаволілі сям’ю Меданоўскіх.

«Вось Ждановіцкі сельсавет адказаў, што ў іх няма ўчастка. У Сеньніцкім сказалі, што ўчастак ня выдзеляць там, дзе мы б хацелі. Астатнія выстаўляюцца на аўкцыён. Нібыта Пціч нядрэннае месца, але там усе прапанаваныя ўчасткі побач са звалкай, камунікацый і дарогі няма. Вось як нас цэняць, — кажа спадар Веслаў. — Але чаму я павінен зьяжджаць зь Менску? Тут пахаваныя ўсе мае продкі на Вайсковых і Кальварыйскіх могілках. Я займаюся вялікай грамадзкай працай, і што мне — езьдзіць сюды з-за гораду сустракацца з дэлегацыямі? У нас сядзіба ў Чырвоным касьцёле ў цэнтры гораду. Я лічу няправільным тое, што мяне выпраўляюць за 50 кілямэтраў ад Менску».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Намаляваць можна ўсё што заўгодна». Менская адміністрацыя распавяла пра падсьвятленьне бізнэс-цэнтру на Кастрычніцкай

«На нас будуць зарабляць»

У доме Меданоўскіх ёсьць газ, электрычнасьць, водаправод, тэлефон і да пачатку будоўлі была добрая дарога.

«Суседзі пабудаваліся ў Заслаўі, яны пагадзіліся, бо няма куды дзявацца, і цяпер ім трэба аддаць 20 тысяч рублёў на тое, каб да дому правесьці электрычнасьць. Гэта ж несправядліва, няправільна. У мяне тут ёсьць усе камунікацыі, і таму я прасіў, каб мне таксама далі ўчастак з камунікацыямі. Чаму не? Гэта па закону, — кажа спадар Веслаў. — Я не адступлюся ад таго, каб мне далі ўчастак менавіта ў Менску, і я знайшоў такія ўчасткі. Але ж улады разумеюць: калі аднаму дадуць, то гэта будзе прэцэдэнт і давядзецца ўсім даваць. А яны ж зарабляюць на нашых участках. Забіраюць бясплатна, а потым выставяць на аўкцыён. На нас будуць зарабляць. І якія грошы!»

У выніку спадар Веслаў дагэтуль не падпісаў дакумэнт на адчужэньне нерухомасьці.

«Высяляць мяне на задворкі — гэта несправядліва»

Спакойнае жыцьцё сям’і Меданоўскіх парушыла будаўніцтва экспэрымэнтальнага шматфункцыянальнага комплексу Minsk World. Кампанія Dana Holdings узводзіць яго на месцы былога лётнішча «Менск-1», на плошчы амаль у 340 га. Тут будуць шматпавярховікі і больш за 400 катэджаў. Пад будоўлю Менгарвыканкам павінен зачысьціць тэрыторыю ад прыватнага сэктару на вуліцах Аэрадромнай, Вільямса, у завулку Вільямса і яшчэ некалькіх суседніх вуліцах, жыхары якіх зьвярталіся да прэзыдэнта з просьбай захаваць іх дамы. Аднак, нягледзячы на пратэсты, будоўлю распачалі. Некаторыя жыхары зьехалі, іх дамы цяпер зьнесеныя альбо паўразбураныя, а некаторыя яшчэ застаюцца.

Вуліца Стэфаніі Станюты ў Менску

«Наш прэзыдэнт нядаўна даў вялікі ўчастак пад сядзібны пасёлак каля Цнянскага вадасховішча (паміж вуліцамі Кальцова і Стэфаніі Станюты), дзе цяпер жывуць работнікі кампаніі Dana Holdings. Я ўзяў бы пляц каля вуліцы Станюты, але ж яны не дадуць. Там далі пабудаваць катэджы тым жа сэрбам, празь якіх нас зносяць. Але я згодны ў Менску ў іншым месцы ўзяць пляц, і я знайшоў такія вольныя пляцоўкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаго там хадзіць іншым людзям?» Як Dana Holdings зрабіла прыватнай вуліцу Станюты. ВІДЭА з дрона

У новых дамах Minsk World Меданоўскім улады таксама не прапаноўвалі кватэру.

«Яны мне давалі трохпакаёўку прыкладна такой жа плошчы ў іншым мікрараёне, на Каменнай Горцы. Але я сказаў, што, па-першае, не хачу ісьці ў кватэру з прыватнага дома. А па-другое, куды я падзену дзяцей? Тут я пабудаваў бы нешта, падняў другі паверх, і мы б жылі трыма сем’ямі. У мяне ўжо і ўнук ёсьць».

Як ён ставіцца да грандыёзнай будоўлі, якая відаць з завулка Вільямса?

«Мне ўсё роўна. Мая бабуля, якая нарадзілася ў Менску ў 1902 годзе, заўсёды казала мне так: „Свая хатка — як родна матка“. У нашай сям’і першы дом на рагу Берасьцянскай-Чырваназорнай забралі пры савецкай уладзе. А потым яшчэ тры дамы ў нашай сям’і забралі. Мы жылі ў кватэры, але потым вырашылі з сынамі, што можам узяць хоць і ня вельмі добры дом, рэканструяваць, і калі нават будзе тры сям’і, будзем спакойна жыць у сваім доме. Мне хутка 70 гадоў, навошта я буду сыходзіць са свайго дома? Я ніколі нічога для дзяржавы дрэннага не зрабіў, быў законапаслухмяны. І высяляць мяне на задворкі несправядліва».

«Не пужайце людзей»

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску Юры Рабкавец сказаў карэспандэнту Свабоды, што сям’я Меданоўскіх застанецца там жыць, пакуль ня будзе дасягнутая дамоўленасьць пра высяленьне.

«Нічога зь ім ня здарыцца, будзе там і жыць. Канечне, гвалтам яго ніхто ня выселіць. Людзі судзяцца да апошняга, пакуль свайго не дабʼюцца. Альбо пакуль не пагодзяцца на прапанаваны варыянт. Так заўсёды было, такая практыка ўсюды. Таму не пужайце людзей, не пішыце нічога такога, гвалтам яго ніхто ня зносіць».

Але чаму сям’і не даюць участак у Менску?

«Наколькі я разумею, у Менску такіх участкаў няма. Выдзяляюць толькі для шматдзетных, а па такіх заявах праблема. У нас няма ў раёне, усе пытаньні да Менгарвыканаму, шчыра кажучы», — кажа першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску Юры Рабкавец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкуль так хутка разбагацелі гэтыя людзі»? У топе буйных забудоўнікаў і бізнэсоўцы, блізкія да Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Менску будуюць дом з кватэрамі «для чыноўнікаў». ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўны нонсэнс». Гістарычны музэй з цэнтру Менску хочуць перанесьці на ўскраіну