За ўдзел у пратэставых акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй Ленінскі раённы суд Магілёва 20 лютага пакараў актывіста Станіслава Паўлінковіча штрафам у памеры 810 рублёў (30 базавых велічыняў).
Судзьдзя Вікторыя Палякова прызнала магілёўца вінаватым у тым, што ён 20 і 21 сьнежня 2019 году парушыў парадак правядзеньня масавага мерапрыемства.
У выраку яна адзначыла, што Паўлінковіч у групе грамадзян удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу і выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Незалежнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сіўчыка трэці раз асудзілі на 15 сутак за сьнежаньскія акцыі пратэстуВіны Станіслаў Паўлінковіч не прызнаў, але пацьвердзіў, што ўдзельнічаў у пратэставай акцыі, бо «разглядае інтэграцыю з Расеяй пагрозаю сувэрэнітэту Беларусі».
Актывіст заклікаў судзьдзю «праявіць грамадзянскую мужнасьць ды прафэсійную прынцыповасьць» і спыніць адміністрацыйны працэс, паколькі ён парушае ягонае канстытуцыйнае права на выказваньне думак і свабоду сходаў. Сам перасьлед Паўлінковіч назваў палітычна матываваным.
На Паўлінковіча пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні склалі 18 лютага, у Ленінскім раённым аддзеле міліцыі Магілёва. Туды яго даставілі з мэталюргічнага заводу, дзе ён працуе. Распачаў справу маёр раённага аддзелу міліцыі Карніенка.
З матэрыялаў справы актывіст даведаўся, што за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі, які праходзілі 7 і 8 сьнежня, менскі суд яго пакараў штрафам у памеры 637 рублёў. Паўлінковічу раней не паведамлялі пра гэта. Ён зьбіраецца абскардзіць прысуды Магілёўскага і Менскага судоў.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»