У Кіеве чакаюць прылёту самалёта з кітайскага гораду Уханя, на якім з эпіцэнтру каранавірусу вывезуць 46 украінцаў і 25 замежных грамадзян, у тым ліку аднаго беларуса.
Абноўлена. Прэс-сакратарка Мінздароўя Беларусі заявіла БелТА, што «паводле інфармацыі амбасады Беларусі ў Кітаі, эвакуацыя грамадзянаў нашай краіны ўкраінскім самалётам не плянуецца».
Паводле Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, эвакуацыя адбываецца ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя — на борт самалёта дапусьцяць толькі тых грамадзян, якія ня маюць сымптомаў захворваньня. Іх будуць суправаджаць тры мэдыкі, чатыры супрацоўнікі Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый, два мытнікі і два памежнікі.
«Усе члены каманды прайшлі адпаведную падрыхтоўку, арганізаваную Цэнтрам грамадзкага здароўя. Экіпаж, брыгада суправаджэньня, мытнікі і памежнікі будуць апранутыя ў касьцюмы біяаховы», — паведаміла міністра здароўя Ўкраіны Зарана Скалецкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я лепш перасяджу ва Ўхані». Чаму беларусы не сьпяшаюцца вяртацца з Кітаю на радзімуМіністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў удакладніў, што, апроч беларуса, на кіеўскім самалёце будуць эвакуаваныя прадстаўнікі Нідэрляндаў, Чэхіі, Коста Рыкі і Аргентыны. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што замежныя краіны павінны кампэнсаваць Украіне выдаткі за эвакуацыю сваіх грамадзян. Украінцаў жа вывезуць за кошт дзяржаўнага бюджэту.
«Да нас зьвярнуліся некалькі дзяржаў, каб мы дапамаглі вывезьці іх грамадзян, паколькі ў іх няма рэйсу, — паведаміў Арсен Авакаў. — Міністар замежных спраў вёў зь імі перамовы, і мы бачым такую магчымасьць, бо ў нас у самалёце будзе некалькі вольных месцаў.
Мы возьмем некалькі людзей на борт. Гэта будуць грамадзяне некалькіх краін, у нас ёсьць заяўкі зь велізарнай колькасьці краін, у тым ліку і грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, беларус, немец, адзін прадстаўнік Нідэрляндаў, Чэхіі, Коста-Рыкі і Аргентыны».
Пасьля прызямленьня самалёт адгоняць на санітарную стаянку, а пасажыры, экіпаж і суправаджальныя асобы будуць перамешчаныя да станцыі абсэрвацыі асобным транспартам. Месца, у якім будуць знаходзіцца эвакуаваныя і мэдпэрсанал, будуць кругласутачна ахоўваць прадстаўнікі Нацыянальнай гвардыі і паліцыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайцаў пусьцяць у Беларусь пасьля абсьледаваньня і запаўненьня анкеты. У Расею ня пусьцяць зусімУ абасадзе Беларусі ва Ўкраіне гэтай інфармацыі пакуль не пацьвярджаюць.
На пачатку лютага 10 грамадзян Беларусі былі эвакуаваныя з Кітаю расейскім самалётам. Два тыдні яны знаходзіліся на карантыне ў адмысловым санаторыі пад Цюменьню. Сёньня яны накіруюцца дадому – вынікі паўторных дасьледаваньняў засьведчылі ў іх адсутнасьць небясьпечнага вірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ