Удакладненьне: 18 лютага Арамаіс Міракʼян прызнаўся ў сваім фэйсбуку, што гарбату ў кавярні «Камунаркі» замаўляў ня ён, а яго сябра.
«Цяпер мяне абслугоўвалі па-беларуску. Касірка старанна падбірала беларускія словы, каб не памыліцца, спытала, ці было смачна, таму я застаўся цалкам задаволены абслугоўваньнем», — расказаў мянчук Арамаіс Мірак’ян.
Мінулым разам у гэтай кавярні «Камунаркі» ён па-беларуску замовіў гарбату, прадавачка яго не зразумела — і размова скончылася пагрозай выклікаць ахоўнікаў. Тады адміністратарка папрасіла прабачэньня ў Арамаіса, і ён ня стаў пісаць скаргу, але зьбіраўся адправіць ліст кіраўніцтву фабрыкі. А пра выпадак расказаў у сваім фэйсбуку, адкуль гісторыю разьнесьлі сайты навінаў аж па ўсёй Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ім няма чым заняцца ў Расеі?» Менчука пагражаюць забіць за тое, што папрасіў гарбату па-беларускуУ другі свой візыт Арамаісу падалося, што ён быў не адзіным беларускамоўным наведнікам за дзень.
«Магчыма, я спрычыніўся да нейкага флэшмобу, калі туды ходзяць менавіта каб праверыць іхную рэакцыю на беларускую мову. Яны вымушаныя навучыцца. То бок гэта было нездарма, гэтак я ўжо „беларусізаваў“ адзін гандлёвы пункт „Камунаркі“. У выніку ліст на „Камунарку“ з апісаньнем той сытуацыі я вырашыў не адпраўляць, бо відавочна, што пра яе кіраўніцтва фабрыкі ведае», — сказаў Арамаіс 17 лютага карэспандэнту Свабоды.
Пра той выпадак напісалі некаторыя вядучыя расейскія СМІ, зьявіліся сотні камэнтароў, пераважна нэгатыўных. На пост адрэагаваў нават сэнатар Ігар Марозаў.
«Зьяўленьне нэгатыўных працэсаў у дачыненьні да расейскай мовы, хай сабе нават на побытавым узроўні, — гэта новая зьява, міма якой кіраўніцтва Беларусі не павінна праходзіць, — сказаў Марозаў. — Яе трэба жорстка кантраляваць уладам, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні».
У некаторых камэнтарах Маісу пагражалі, але ён іх ігнараваў.
«Паколькі я на такія камэнтары не адказваю, дык цяпер яны спрабуюць пісаць маім сябрам. Бываюць допісы такога кшталту: вось мы прадстаўнікі армянскай дыяспары ў Санкт-Пецярбургу, хочам зь ім сустрэцца, ці можаце даць нумар тэлефона? На такія рэчы я папрасіў маіх сяброў не адказваць», — кажа Арамаіс.
Сутыкнуўся Арамаіс Мірак’ян з агрэсіяй і ў рэальнай прасторы.
«Пазаўчора я сядзеў з бацькам у піцэрыі, мы размаўлялі па-расейску, і да мяне падляцеў нейкі чалавек ды пачаў выказваць пра мяне ўсё, што ён думае. „Ты такі-сякі“, „ты паказушнік“, „я беларускую мову ведаю лепш за цябе“, „я табе зараз...“ Я спытаў: „Ну што ты зараз?“ і ён урэшце адчапіўся. Мяркую, гэты чалавек якраз з тых, хто начытаўся гнеўных камэнтароў на мой пост», — расказаў Арамаіс.
Атрымаў ён і вельмі шмат камэнтароў падтрымкі, прычым ня толькі ад беларусаў.
«Расея адурэла ад сваёй імпэрскасьці, але ня ўся. Прыкладам, да мяне зьвярталіся шмат маіх сяброў з падтрымкай. Адзін з тых, на чыіх кнігах я вучыўся, расейскі мэдыя-мэнэджэр Аляксандар Амзін нават напісаў на беларускай мове і зьмясьціў у сваім Фэйсбуку пост у маю падтрымку. Таму я не хачу, каб мае словы пра імпэрскасьць гучалі як абраза ўсяму расейскаму грамадзтву. Там ёсьць абсалютна цудоўныя людзі, якім я вельмі ўдзячны».
Арамаіс кажа, што раней з адмоўнай рэакцыяй на беларускую мову не сутыкаўся.
«Бывае, што людзі не разумеюць па-беларуску, перапрашаюць і перапытваюць. Я ім тлумачу, што гэтае слова азначае, і прашу вывучыць. Але тое, з чым я тады сустрэўся, маўляў, „не разумею і зараз паклічу ахову“, дык гэтак было першы і, спадзяюся, апошні раз. Менавіта гэта прымусіла мяне напісаць той допіс у фэйсбук.
Дарэчы, літаральна ўчора я быў у іншай кавярні, на вуліцы Мясьнікова, дык там на пытаньне, ці можна мне гарбаты, мяне адразу спыталі — вам чорнай ці зялёнай?».
Ці рабіла адміністрацыя камунаркаўскай крамы № 4 арганізацыйныя захады адносна той касіркі? І ці праўда, што цяпер крама перажывае наплыў наведнікаў, якія замаўляюць гарбату па-беларуску?
Дырэктарка крамы № 4 Любоў Міхайлаўна сказала карэспандэнту Свабоды, што толькі сёньня выйшла з адпачынку і ня можа пракамэнтаваць канфлікт.
Паводле Любові Міхайлаўны, крама мае вялікую папулярнасьць зь мінулага году, калі была змадэрнізаваная.
«Колькасьць наведнікаў у нас сёлета павялічылася, але гэта абсалютна не зьвязана ні зь якімі артыкуламі», — сказала дырэктарка крамы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці вылечаць беларускамоўных? Правяраем студэнтаў-мэдыкаў. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская — мова майго сэрца», — перакладчык Арамаіс Мірак’ян пра неабмежаваныя магчымасьці, нягледзячы на дыягназ ДЦП