Польскія навукоўцы засталіся незадаволеныя рэканструкцыяй старадаўняга касьцёла ў мястэчку Воўчын на Берасьцейшчыне, дзе спачывалі парэшткі апошняга караля Рэчы Паспалітай і які спачатку аднаўляў польскі бок. Пробашч парафіі патлумачыў, чаму гісторыка-культурная каштоўнасьць у такім стане.
Чаму мы пра гэта пішам?
Нядаўна ў сеціве зьявіліся фатаздымкі касьцёла, якія зрабілі польскія навукоўцы ўвосень 2019 году.
Яны засталіся незадаволеныя якасьцю рэканструкцыі.
«Тое, што мы знайшлі, кліча помсту зь неба», — мяркуе аўтар запісу ў фэйсбуку, польскі выкладчык гісторыі мастацтва Марцін Згліньскі.
Вось няпоўны сьпіс ягоных закідаў:
- Фасадныя аздобы з майстэрні Яна Плерша ўсе пазьбіваныя, іх рэшткі ляжаць у кучы, парастаючы мохам і травой.
- Іх замянілі прыблізнымі копіямі з эпаксыдкі ці нечага падобнага. Да фасада тыя копіі прымацаваныя шрубамі, канцы якіх вытыркаюцца і іх не спрабавалі нават замаскаваць.
- Карнізы і профілі рэканструявалі нядбайна. Дзе-нідзе са сьцен тырчаць кабэлі.
- Тынк паклалі дрэнна, ён ужо пачаў адслойвацца.
- Паўстаўлялі плястыкавыя вокны, краткі ў якіх не адпавядалі першапачатковым падзелам, зусім недарэчных колераў.
- З чатырох скульптур аўтарства Яна Рэдлера толькі адзін эвангеліст пасьля стараннай кансэрвацыі стаіць на сваім першапачатковым месцы. Скульптура, якая ў 2014 годзе чакала кансэрвацыі, цяпер ляжыць пад касьцёлам і ўрастае ў зямлю.
- Увогуле рэшткі ранейшых аздобаў ляжаць без аховы, так што кожны можа скрасьці фрагмэнт скульптуры або ляпніны.
«Мы ўпэўненыя, што справа патрабуе высьвятленьня і тэрміновага ўмяшаньня на адпаведным узроўні», — дадаў Згліньскі.
Свае заўвагі польскія навукоўцы агучылі ўвосень 2019 году на зьезьдзе па інвэнтарызацыі помнікаў у Торуні, таксама паведамілі пра стан воўчынскага касьцёла ў адпаведныя польскія ўстановы.
У камэнтары Свабодзе Марцін Згліньскі адзначыў, што як фізычныя асобы яны з калегамі да беларускага боку ў гэтай справе не зьвярталіся.
«Наколькі вульгарна зроблена апошняя частка працаў! Гэта значыць, што ні людзі, якіх нанялі на выкананьне гэтай працы, ні тыя, хто іх наняў, не ўяўляюць сабе каштоўнасьці гэтага помніка... З гледзішча мастацка-вобразнай, мастацка-архітэктурнай спадчыны ганебна, што можна было падысьці да гэтага абʼекта з такім валюнтарызмам, неахайнасьцю», — пракамэнтавала гэта Свабодзе архітэктар, доктар мастацтвазнаўства ў галіне архітэктуры Ірына Лаўроўская.
Чым гэты касьцёл адметны?
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Воўчыне будавалі ў 1729–1733 гадах. Яму амаль 300 гадоў. Ён пераходзіў да праваслаўных, вярнуўся да каталікоў, цяпер дзейнічае.
Фінансаваў будаўніцтва дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі, бацька апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Апошні быў тут ахрышчаны.
З 1938 па 1988 год цела Панятоўскага захоўвалася пры касьцёле ў Воўчыне. Першапачаткова яго пахавалі ў Пецярбургу, дзе кароль памёр. У 1995-м ягоныя парэшткі ўрачыста перапахавалі ў Варшаве.
Касьцёл у Воўчыне, па словах Марціна Згліньскага, «належаў да найвыдатнейшых архітэктурных помнікаў саксонскай эпохі на працягу ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Канцэпцыя, дызайн і якасьць вырабу — мастацтва эўрапейскай клясы на вельмі высокім узроўні».
Што адбывалася раней?
У сярэдзіне 1980-х гадоў Ірына Лаўроўская падчас настаўніцкай праверкі ў суседняй з Воўчынам вёсцы Навасёлкі правяла для дзяцей урок пра «пэрліну позьняга барока ў Воўчыне». Касьцёл тады быў занядбаны, стаяў бяз даху. Пасьля гэтага школьнікі са сваёй ініцыятывы напісалі ліст у газэту «Піянэрская праўда». Гэта абудзіла цікаўнасьць да абʼекта.
У 1987 годзе Аляксандар Мілінкевіч з сынам, археоляг Міхась Ткачоў, мастак-рэстаўратар Уладзімер Кіслы праводзілі каля касьцёла ў Воўчыне археалягічныя раскопкі. Яны знайшлі парэшткі Панятоўскага: дэталі трунаў, фрагмэнты вопраткі, абутку, каранацыйнай мантыі, але зусім не знайшлі костак нябожчыка.
Паводле адной з вэрсій, косткі яшчэ ў Пецярбургу рассыпаліся ў прах з прычыны празьмернай вільгаці ў месцы пахаваньня.
Пазьней парэшткі Панятоўскага (ягоныя рэчы са жменяй пяску, які ўтрымліваў спарахнелыя косткі) перапахавалі ў Варшаве. Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што рэшта праху засталася ў Воўчыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мілінкевіч распавёў дэталі раскопак крыпты апошняга манарха БеларусіПасьля раскопак у Воўчын прыяжджала вялікая польская дэлегацыя, як сказаў Свабодзе Аляксандар Мілінкевіч. Быў у ёй і галоўны рэстаўратар Польшчы Тадэвуш Поляк, які меў беларускія карані. Тады ён сказаў, што аднаўленьне Траецкага касьцёла возьме на сябе польскі Фонд культуры.
Польскія спэцыялісты на чале з рэстаўратарам Віктарам Вількам пачалі працы на касьцёле на пачатку 2000-х гадоў. Фінансаваньне забясьпечваў польскі бок. У гэты час польскія навукоўцы дасьледавалі воўчынскі храм і выдалі некалькі навуковых прац пра яго.
«Рэстаўрацыя, якую праводзіў Віктар Вільк, была на найвышэйшым эўрапейскім узроўні. Да яе няма ніякіх прэтэнзій. Ён лічыў, што гэта справа жыцьця фактычна. Быў закаханы ў Воўчын. На тым этапе, пакуль ён быў жывы, усё рабілася бездакорна», — тлумачыць Мілінкевіч.
У 2016 годзе Вільк памёр. На той момант большая частка рэканструкцыі была завершаная, не хапала аддзелачных работ, касьцельнай мэблі.
Што кажа пробашч касьцёла
У Воўчыне і суседніх мястэчках служыць ксёндз Андрэй Бародзіч. Ён патлумачыў, што рэканструкцыя яшчэ ня скончаная. Храм належыць касьцёлу. Цяпер працы ідуць нерэгулярна. З 2016 году нешта пафарбавалі ў касьцёле, зьнялі рыштаваньні.
Хоць гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць, дзяржава прычынялася да аднаўленьня лічаныя разы. Калгас дапамог пакласьці сьцежку перад касьцёлам.
«З рыштаваньняў зацякала на сьцены вада і трохі паабсыпалася. Я сам замазваў... Што Вільк зрабіў, тое і захоўваем. Дзе фарба крыху адпадзе, замазваем», — кажа сьвятар.
Ён таксама патлумачыў, што за фрагмэнты ляпніны відаць на здымках польскіх навукоўцаў. Гэта дэкор, які адбівалі ад сьценаў бальшавікі ў савецкі час, калі хацелі зьнішчыць касьцёл. З тых часоў яна ляжыць на вуліцы. Вільк для касьцёла рабіў копію ляпніны, якая ўжо прымацаваная да сьцен.
Захоўваць стары дэкор і неадноўленыя скульптуры няма дзе. Выкідаць старую ляпніну настаяцелю шкада. Раней касьцёлу належала плябанія (дом сьвятара) 1927 году. За савецкім часам яе забралі. Цяпер гэты будынак належыць калгасу. Сьвятар прасіў вярнуць плябанію касьцёлу, але калгас адмовіў.
На аднаўленьне цяпер няма грошай. Сувязі з польскімі спэцыялістамі пасьля сьмерці Вілька абарваліся.
«Як парафія малая, адкуль мы возьмем грошы? Парафія ў Воўчыне — 30–50 асобаў. Мы ж ня можам... Мы робім, што можам... Няхай прыяжджаюць валянтэры, спэцыялісты, няхай прыяжджаюць і робяць. Я ня супраць. Уся дакумэнтацыя па аднаўленьні ў мяне ёсьць», — кажа пробашч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як будзе выглядаць адноўленая Княская вежа ў Крэве, калі на яе знойдуцца грошы. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюцца