Краіна, у якой за два стагодзьдзі зьмяніліся 150 прэзыдэнтаў. Хіба такое магчыма? ФОТА

Карціна «Экс-прэзыдэнты Рэспублікі Эль-Сальвадор» (Daniel Montes, Adolfo Gavidia, 1993)

Спаткаць беларуса ў Сальвадоры гэтак жа няпроста, як і сальвадорца — у Беларусі. Маленькая цэнтральнаамэрыканская краіна месьціцца далёка ад традыцыйных турыстычных шляхоў суайчыньнікаў. Вось якой убачыў яе журналіст Свабоды Ігар Карней.

Для бальшыні краін Цэнтральнай Амэрыкі набліжаецца пара юбілейных карнавалаў незалежнасьці: Гандурас, Гватэмала, Коста-Рыка, Нікарагуа, Сальвадор неўзабаве адзначаць 200-годзьдзе вызваленьня з-пад гішпанскай кароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская віла ў Гандурасе, або Рай у краіне трэцяга сьвету

Хунта на землях імпэрыі Кускатлян

15 верасьня 1821 году насельнікі шэрагу тэрыторый, натхнёныя посьпехамі кіраўніка антыгішпанскага супраціву Сымона Балівара, які змагаўся з калянізатарамі ў Паўднёвай Амэрыцы, спынілі панаваньне колішняй мэтраполіі. Тры стагодзьдзі каляніяльнага паняволеньня скончыліся парадам сувэрэнітэтаў.

Скульптура Сымона Балівара ў аднайменным парку Сан-Сальвадору

Помнік змагарам за незалежнасьць у Сан-Сальвадоры

Непрацяглы час пераможцы суіснавалі ў складзе Мэксыканскай імпэрыі, потым як правінцыі (штаты) Фэдэратыўнай Рэспублікі Цэнтральнай Амэрыкі, і нарэшце на мяжы 1830–40-х сталі цалкам самастойнымі суб’ектамі.

Станаўленьне дзяржаўнасьці было крывавым. Спробы аднавіць фэдэрацыю рэспублік, а таксама несупынная ўнутраная барацьба прыводзілі да пераваротаў і збройнай канфрантацыі. Ці варта зьдзіўляцца, што ў пэрыяд палітычнай нестабільнасьці найвышэйшыя кіраўнікі рэдка даседжвалі да канца тэрміну?

Парэшткі індзейскай дзяржавы Кускатлян у Тасумалі

Сучасныя нашчадкі індзейцаў мая ў Гватэмале

Безумоўным «чэмпіёнам» па частаце ратацый на вяршыні ўлады стаў Сальвадор. Самая кампактная краіна Цэнтральнай Амэрыкі паўстала на месцы дзяржавы Кускатлян («Зямля скарбаў»), якая зьнікла ў Калюмбаву эпоху. У сучасных межах краіна ў дзесяць разоў меншая за Беларусь (21 тыс. км² супраць 207 тыс км²) і найменш індзейская: усяго 1% карэннага насельніцтва, тады як у суседняй Гватэмале індзейцы складаюць больш за палову.

За апошнія два стагодзьдзі кіраўніцтва ў Сальвадоры зьмянялася 150 разоў — з улікам вайскова-рэвалюцыйных хунтаў і цывільна-ўрадавых дырэктаратаў (мода на перавароты трымалася ад канца 1940-х да пачатку 1980-х). І хоць Асноўны закон пэрманэнтна перапісвалі, каб падоўжыць кадэнцыю, хітрыкі не праходзілі: практычна кожны год зь лішкам на палітычнай арэне зьяўляўся новы лідэр або цэлы народны сход (хунта). Натуральна, храналёгія ўмоўная: хтосьці правёў на пасадзе ўвесь тэрмін, а некага зрынулі (забілі) праз пару месяцаў ці нават тыдняў.

Нацыянальны палац у сальвадорскай сталіцы

Цэнтральны банк Рэспублікі Эль-Сальвадор

Айцом сальвадорскай нацыі лічыцца Хасэ Матыяс Дэльгада — сьвятар, лідэр руху за незалежнасьць. Яшчэ ў 1811 годзе разам з пляменьнікам і будучым прэзыдэнтам Мануэлем Хасэ Арсэ ён надрукаваў праклямацыю аб незалежнасьці і біў у званы, заклікаючы народ да паўстаньня. Тады выступ быў здушаны, але 15 верасьня 1821-га Дэльгада падпісаў Акт аб незалежнасьці Цэнтральнай Амэрыкі і неўзабаве стаў на чале правінцыі Сан-Сальвадор.

Раскоша даставаць кіраўнікоў з нафталіну

У Нацыянальнай бібліятэцы Сан-Сальвадору, сталіцы аднайменнай дзяржавы, адна са сьцен чытальнай залі аддадзеная пад незвычайны мастацкі твор. Гэта 17,5 м² жывапіснага палатна (2,81 на 6,20) пад назвай «Экс-прэзыдэнты Рэспублікі Эль-Сальвадор» аўтарства Даніэля Монтэса і Адольфа Гавідыя.

Сальвадорская хроніка інстытуту прэзыдэнцтва за 200 гадоў

Прэзыдэнты-патрыёты Мануэль Хасэ Арсэ і Хэрарда Барыяс

Агулам на карціне блізу васьмі дзясяткаў асобаў, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у дзяржаўнае будаўніцтва. Паколькі праца датаваная 1993 годам, пазьнейшыя кіраўнікі не адлюстраваныя.

Адрозна ад беларускіх калегаў, сальвадорскія мастакі не абмежаваныя ў выбары. На сьцяне насупраць — іншыя выявы прэзыдэнтаў-военачальнікаў ХІХ стагодзьдзя. Яшчэ ў 1960-х Валера Леча зьвярнуўся да вобразаў генэралаў Мануэля Хасэ Арсэ (пляменьнік Хасэ Матыяса Дэльгада) і Хэрарда Барыяса.

Вулічны жывапіс у нацыянальных колерах

Графіці ў горадзе Атака

Хто ведае, можа, некалі трапіць у мастацкі летапіс і цяперашні прэзыдэнт Наіб Букеле — на гэтую пасаду ён заступіў летась і адразу пабіў некалькі рэкордаў. Па-першае, яму ўсяго 37 гадоў і ён стаў самым маладым кіраўніком у найноўшай гісторыі краіны. Па-другое, гэта сын палестынскіх мігрантаў, а дагэтуль «чужыя» ў найвышэйшыя кабінэты ўлады не дапускаліся.

Ужо паабяцаў, што галоўнымі задачамі ягонай адміністрацыі стануць барацьба з крымінальнымі бандамі, заслона на шляху наркатрафіку, выкараненьне карупцыі. Дагэтуль шмат якія злачынствы «крышаваліся» на дзяржаўным узроўні.

Будынак муніцыпалітэту ў Санта-Ане

Нацыянальны тэатар у Сан-Сальвадоры

У сальвадорцаў ёсьць усё, каб стаць узорам для рэгіёну — невялікая тэрыторыя, на якой рэальна навесьці парадак, унікальная прырода, вялізны турыстычны патэнцыял. Пакуль жа разгул бандытызму трымае Сальвадор у кампаніі краін-ізгояў.

Карузьлік з рэпутацыяй забойцы

Нават дасьведчаныя падарожнікі намагаюцца праскочыць Сальвадор транзытам, і пажадана з заплюшчанымі вачыма — рэпутацыя крымінальнай сталіцы сьвету ня надта спрыяе прытоку турыстаў. Іншаземцаў зусім мала — за выняткам хіба бясстрашных віндсэрфэраў на ціхаакіянскім узьбярэжжы ды рэдкіх транзытнікаў, якія такім чынам «закальцоўваюць» Гватэмалу з Гандурасам. Але ў рэальнасьці гэта надзвычай цікавы і калярытны куток ня толькі ў сваім рэгіёне, а і на ўсёй плянэце.

Краявіды гарадка Наўісалька

Заціснуты паміж гор гарадок Хўаюа

Нягледзячы на сьціплыя памеры, Сальвадор — самае густанаселенае месца ў абедзьвюх Амэрыках. Яшчэ крыху, і па колькасьці насельніцтва дагоніць Беларусь — упэўнена набліжаецца да 7 мільёнаў жыхароў, пры тэрыторыі ў 10 разоў меншай.

Адна з найбольшых унутраных праблемаў — размах злачыннасьці. Пік прыпадае на 2015-ы, калі на 100 тысяч жыхароў было зафіксавана 105 забойстваў (для параўнаньня, у Беларусі лічба ў 30 разоў меншая — 3,5). І хоць цяпер назіраецца тэндэнцыя на зьніжэньне гвалту, гэта самы высокі паказьнік сярод краін, дзе не вядуцца баявыя дзеяньні.

Страху на сваіх і чужых наводзяць групоўкі, найперш «Mara Salvatrucha» («Банда вандроўных мурашоў») і «La Mara Diesiocho» («Банда 18»). Агульная колькасьць удзельнікаў сындыкатаў ацэньваецца да 300 тысяч «штыкоў», іх жорсткасьць далёкая ад чалавечага разуменьня.

Перакрэсьлены пісталет — адзін з самых распаўсюджаных знакаў

Папярэджаньне на муніцыпальным будынку

Паўсталі яны на пачатку 1980-х у Злучаных Штатах, калі сальвадорцы масава ўцякалі ад грамадзянскай вайны — толькі ў Лос-Анджэлесе аселі блізу паўмільёна ўцекачоў. Спачатку «дружыньнікі» баранілі супляменьнікаў ад нападаў іншых імігрантаў. Але хутка сфэра іх дзейнасьці пашырылася да гандлю зброяй, кантролю за абаротам наркотыкаў, арганізацыі прытонаў і забойстваў на замову мэксіканскіх картэляў.

Некалькі тысяч татуіраваных мужчын, датычных да незаконнай дзейнасьці, улады ЗША дэпартавалі на радзіму, дзе гангстэрская субкультура ўпала на ўрадлівую глебу. Аднак прыйсьці да згоды на радзіме канкурэнты так і не змаглі, і паміж імі дагэтуль ідуць крывавыя баталіі на вынішчэньне — кожная сіла намагаецца падмяць пад сябе ласыя дзялянкі.

Паўсюль запатрабаваная вакансія ахоўніка

Ахоўваюцца нават харчовыя крамы

Выйсьці з вайны немагчыма: у банду прыходзяць пажыцьцёва, спроба капітуляцыі азначае сьмерць ад рук сваіх жа. А паколькі шараговы баец рэдка дажывае да сталага ўзросту (або пажыцьцёва трапляе ў турму), паралельна ідзе вярбоўка новых чальцоў — набіраюць пачынаючы з 12 гадоў. Так крымінальная дзейнасьць выйшла на замкнёны цыкль.

Запаўняць гарадзкія моргі дапамагае яшчэ адна сіла — так званыя «атрады сьмерці». Зьняверыўшыся ў здольнасьцях паліцыі і судоў супрацьстаяць арганізаванай злачыннасьці, на сьцежку помсты выйшла «Sombra Negra» («Чорны цень»). Групоўка зь ліку былых сілавікоў узялася сама вяршыць правасудзьдзе. Адказ «жорсткасьцю на жорсткасьць» знайшоў падтрымку і ў грамадзтве, і ў дзяржаўных інстанцыях, якія атрымалі магчымасьць перакласьці адказнасьць на ананімных мсьціўцаў.

Цэнтральная частка Санта-Аны

Храм у гарадку Хўаюа

Ахвярамі разборак становяцца і выпадковыя мінакі — перадусім як папярэджаньне ў адказ на аблавы паліцыі ці карнікаў-добраахвотнікаў. Звычайна мірных жыхароў бандыты стараюцца не чапаць, тым больш залётных турыстаў. Але ў зводках можна сустрэць, хоць і вобмаль, і адных, і другіх.

На футбольнай вайне палонных не бяруць

У гісторыі Сальвадору ёсьць зусім «эксклюзіўныя» баталіі, якіх не было ні да таго, ні пасьля. Прыкладам — так званая «футбольная вайна» з суседнім Гандурасам, якая здарылася акурат паўстагодзьдзя таму.

У кваліфікацыі чэмпіянату сьвету 1970 году Гандурас і Сальвадор выйгралі свае падгрупы і сустрэліся ў паўфінале — тагачасны фармат прадугледжваў сэрыю да дзьвюх перамог з вырашальным матчам на нэўтральным полі. Нэрвознасьці дадавала тое, што краіны яшчэ раней пачалі канфліктаваць з прычыны працоўнай міграцыі: блізу 300 тысяч сальвадорцаў перабраліся зь перанаселенай радзімы ў суседні Гандурас.

У мястэчках лад жыцьця не зьмяняецца дзесяцігодзьдзямі

Праньне адзеньня застаецца публічнай дзеяй

Прадпрымальныя па натуры, яны хутка станавіліся на ногі: апрацоўвалі незанятыя землі, пачыналі свае справы. У выніку гандураскія ўлады абвінавацілі «ліміту» ў росьце беспрацоўя і падзеньні заробкаў. Пачаліся напады на калёніі пасяленцаў, дзясяткі чалавек былі забітыя і пакалечаныя.

Футбол стаў апошняй кропляй. У першым матчы на нацыянальным стадыёне ў Тэгусыгальпе гаспадары ў дадатковы час забілі гол і сьвяткавалі перамогу. Затое матч у адказ на арэне «Кускатлян» у Сан-Сальвадоры скончыўся для гасьцей катастрофай — 3:0. Пасьля гульні заўзятары рушылі сьцяной адны на адных, паліцыя не магла даць рады азьвярэламу натоўпу і толькі лічыла параненых і забітых.

Нацыянальны стадыён у Тэгусыгальпе

Ад заўзятараў дагэтуль адгароджваюцца калючым дротам

Фінальны паядынак у Мэхіка сам па сабе нагадваў драму: сальвадорцы адгуляліся зь ліку 2:1 да 3:2 і атрымалі пуцёўку на мундыяль. Гандурас спрабаваў аспрэчыць вынік, а калі не ўдалося, разарваў дыпляматычныя адносіны з Сальвадорам. Апошні адказаў тым жа, закрыўшы межы.

14 ліпеня 1969-га сальвадорская авіяцыя пачала бамбіць суседнюю тэрыторыю, адтуль паляцелі бомбы ў адказ. Сьледам распачаліся сухапутныя апэрацыі... За тыдзень, пакуль не ўмяшалася Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаў, абодва бакі страцілі забітымі прыкладна 5 тысяч чалавек, уключна зь мірнымі жыхарамі. Плюс дзясяткі тысяч параненых, сотні тысяч бяз даху над галавой. Мірную дамову ўдзельнікі канфлікту падпісалі толькі праз 10 гадоў.

Узброеныя людзі — звыклая рэч для ўсёй Цэнтральнай Амэрыкі

Паліцыянты і вайскоўцы літаральна на кожным кроку

Блізу 130 тысяч сальвадорцаў былі змушаныя пакінуць Гандурас і вярнуцца на радзіму, дзе гэтулькі народу ніхто не чакаў. Сальвадор накрыў зацяжны эканамічны крызіс, які неўзабаве перарос у грамадзянскую вайну. Вось такія каляфутбольныя жарсьці...

Шчасьлівыя пасярод гангстэрскай мясарубкі

Нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы існаваньня і ня самае простае жыцьцё, людзі захоўваюць зайздросны аптымізм ды веру ў будучыню. На наступны год пасьля забойчай статыстыкі-2015 Сальвадор разьмясьціўся на 17-й пазыцыі ў рэйтынгу краін сьвету паводле індэксу шчасьця. Адметна, што стабільная і некрымінальная Беларусь не ўвайшла нават у сотню.

Соня Фігероа з кававым брэндам у памяць пра сына

Зерне сальвадорскай кавы

Выпадковыя знаёмствы толькі ўзмацняюць павагу да месьцічаў. Хуан і Соня Фігероа — буйныя гульцы на кававым рынку краіны, маюць 3 тысячы акраў уласных плянтацый. Іх чатырохгадовы сын Лео захварэў на лейкемію, нядаўна яго ня стала. У памяць пра сваё адзінае дзіця бацькі заснавалі брэнд San Leonardo і цяпер значную частку сродкаў ад продажу кавы пералічваюць на дапамогу гэткім жа хворым малым. Пасьпяховы бізнэс імкліва пашыраецца, цяпер у плянах выхад на экспартныя пастаўкі.

Рафаэль са сваім трохногім сябрам

Бацька і дачка Рафаэля зь бяздомнымі сабакамі

Пару гадоў таму Рафаэль з жонкай і малой дачкой перабраўся са сталіцы ў гарадок Ля-Лібэртад на Ціхім акіяне. Паставіў на беразе немудрагелісты «шалаш» на палях, нарабіў водных дошак — цяпер у сэзон вялікіх хваляў тут спыняюцца сэрфэры з розных краін. А яшчэ апякуецца зграямі бяздомных сабак і катоў — падкормлівае, лечыць, шкадуе. Варта гаспадару абвясьціць ранішнюю ці вечаровую прагулку, тут жа яго аблепліваюць паўтара дзясятка ўдзячных чатырохногіх. Зрэшты, некаторыя пасьля хваробаў і ДТЗ кульгаюць усяго на трох.

Віктар перад мапай Сальвадору і бліжэйшых суседзяў

Крыстыян, сярэдні сын Віктара

Віктар — бацька трох сыноў, жыве ў другім па значнасьці горадзе краіны Санта-Ана. Ён гаспадар гостэла, пераабсталяванага з колішняга кляштара. Гасьцінны, вясёлы, жыцьцярадасны. Беларусам, якіх упершыню пабачыў у сваім жыцьці, выдзеліў найлепшы «каралеўскі нумар», а потым за сымбалічныя грошы паўдня вазіў на пазадарожніку, дэманструючы навакольныя славутасьці — руіны старажытнага паселішча індзейцаў мая ў Тасумалі ды расфарбаваныя каляніяльныя вёсачкі, што туляцца да «дарогі кветак» — Рута-дэ-ляс-Флёрэс.

На жаль, як і бальшыні насельнікаў Цэнтральнай Амэрыкі, месьцічам бракуе разуменьня адказнасьці за сваю зямлю. Дзіва, але Сальвадор ня мае ўласнага экалягічнага заканадаўства, што дазволіла жыхарам беспакарана зьмяніць асяродзьдзе прыбярэжных раёнаў. Рэліктавыя лясы ў масе сваёй павысяканыя, рачныя сыстэмы церпяць ад забруджваньня, акіянічныя парты больш падобныя да звалак.

Ідылія на беразе Ціхага акіяну

Акіянскае ўзьбярэжжа ў Ля-Лібэртад

Практычна ўсю краіну пранізвае горная сыстэма Кардыльераў. Схілы пакрытыя вечназялёнымі дрэвамі, за выключэньнем патухлых і дзейных вульканаў — агулам іх ажно 25. Урадлівая глеба спрыяе інтэнсіўнаму земляробству і жывёлагадоўлі, у зьвязку з чым джунглі бязьлітасна зьнішчаюцца. Шмат падмяла пад сябе Панамэрыканская шаша — часта гэта аднабаковая трохпалоска нават на высакагор’і. Яна дадала зручнасьці ў лягістыцы, але разам з тым парушыла спакой навакольнай фаўны.

Такое адчуваньне, што, маючы бясцэннае прыроднае багацьце, людзі проста не навучыліся ім распараджацца. Але тут якраз той выпадак, калі пачаць адукоўвацца яшчэ ня позна...

Сальвадор

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фарэры: амаль незалежны архіпэляг, дзе авечак утрая больш, чым людзей. ФОТА