Сьляды беларусаў можна знайсьці ў самых нечаканых месцах. Напрыклад, у Гандурасе, пра існаваньне якога на постсавецкіх шыротах ведаюць у асноўным па рыфмавана-зьедлівай народнай творчасьці.
У колішняй сталіцы краіны Трухільлё на тэрыторыі, абазначанай як Villa Mangos, жывуць менчукі Ігар і Алена.
Новыя каляністы
Гэтая невялікая цэнтральнаамэрыканская дзяржава тэрыторыяй у палову Беларусі ня значыцца ў сьпісе запаветных месцаў, куды масава рушаць шукальнікі лепшага жыцьця. Наадварот, тутэйшыя самі шукаюць, як бы разьвітацца з радзімай: з роднай краіны іх гоняць беднасьць, карупцыя і злачыннасьць.
Паводле ААН, тутэйшы горад Сан-Пэдра-Сула не адзін год узначальвае сьпіс лякацый з самым высокім паказьнікам забойстваў у сьвеце — вынік крымінальных разборак за сфэры ўплыву.
Што да эканамічнага стану большасьці жыхароў, то ён наўпрост залежыць ад ваганьня цэнаў на асноўныя пазыцыі экспарту — каву, бананы, какосы, пальмавы алей. 100 гадоў таму тэрыторыю Гандурасу аблытала вузкакалейка, якой амэрыканскія кампаніі дастаўлялі ў парты стратэгічную прадукцыю. Але чыгунка стала нерэнтабэльнай, рэйкі паразьбіралі на мэталалом. Зрэдку ў якасьці экспанатаў на фоне тэматычных графіці яшчэ трапляюцца старыя «бананавыя» вагоны. Цяпер асноўная транспартная артэрыя — Панамэрыканская шаша.
Затое гэтая зямля шчодра адораная ўнікальнай прыродай. Горы і вульканы, трапічныя лясы і джунглі, Ціхі акіян на поўдні і Карыбскае мора на поўначы, астравы як з карцінкі — пальмы, белы пясок...
Плюс такі ж разнастайны жывёльны і птушыны сьвет — ад пацешных грызуноў агуці да вялізных крыклівых папугаяў ара. І ўсё гэта на фоне вечнага лета, бо сярэднегадавая тэмпэратура заўсёды камфортная — 25–27 градусаў.
Ня дзіва, што «паштовачныя» краявіды вабяць сюды іншаземцаў, абдзеленых такой першароднай прыгажосьцю. На карыбскім узьбярэжжы атабарылася цэлая калёнія амэрыканскіх ды канадзкіх пэнсіянэраў, работнікаў нафтавай галіны, проста цеплалюбівых людзей, якія ўцякаюць ад паўночнай непагадзі.
У іх ліку апынуліся і беларусы Грыдзіны. Амаль 20 гадоў таму яны пераехалі ў Канаду, жывуць недалёка ад Таронта. У Менску былі зьвязаныя з журналістыкай і рэклямай, за акіянам працуюць у кадравым агенцтве. А паколькі зіма ў іхнай правінцыі Антарыё звычайна расьцягваецца на доўгія 8–9 месяцаў, вырашылі прыгледзець «дачны домік».
Праманіторылі ці ня ўвесь рэгіён: Мэксыку, Эквадор, Пэру, Коста-Рыку, Панаму, Нікарагуа, Гандурас. У выніку спыніліся на Трухільлё — за найлепшае спалучэньне лягістыкі і кошту нерухомасьці зь відам на мора. Праўда, аселі ня зь першай спробы.
Спачатку хацелі набыць пляц пад будоўлю, але пасьля падпісаньня кантракту дэвэлапэр і ў мінулым «кароль» канадзкай порнаіндустрыі Рэндзі Ёргэнсэн (Randy Jorgensen) задатак узяў, а дакумэнты на валоданьне зямлёй даваць адмовіўся. Такіх патэнцыйных каляністаў было тры сотні, будавацца, ня маючы поўных правоў на зямлю, амаль ніхто зь іх не наважыўся. Дагэтуль ідзе цяжба з удзелам адвакатаў, каб вярнуць грошы.
Але мясцовыя краявіды так зачаравалі, што пачалі шукаць іншыя прапановы. Тры гады таму трапіўся варыянт з домам, які прадавала амэрыканская мастачка. І цяпер на некалькі месяцаў віла «Манга» (мангавы сад дае некалькі ўраджаяў на год) становіцца іхнай летняй рэзыдэнцыяй. Балазе тэхналёгіі дазваляюць працаваць дыстанцыйна.
Літаральна за плотам, умацаваным зьверху традыцыйнай «калючкай» (меры перасьцярогі ніхто не адмяняў, пагатоў аднойчы дом ужо абрабавалі) — лякальныя джунглі, якія беларусы дзеляць з суседам-амэрыканцам. Сьвятыя ў індзейцаў гіганцкія дрэвы сэйба перамяжоўваюцца з фруктовай экзотыкай, тут жа спуск да горнай рэчкі і вадаспаду. Адчуваньне поўнай адарванасьці ад вонкавага сьвету.
Зямля Калюмба
Трухільлё — месца для Гандурасу культавае. Менавіта тут у 1502 годзе, падчас апошняй экспэдыцыі да берагоў Амэрыкі, прычаліла эскадра Хрыстафора Калюмба. На подступах караблі трапілі ў буру, а калі яна скончылася, землеадкрывальнік прамовіў: «Gracias a Dios que hemos salido de esas honduras!» («Дзякуй Богу, што мы выбраліся з гэтых глыбіняў!» — «ондура» на гішпанскай — «глыбіня»). У далейшым Гандураскі заліў даў назву калёніі, а потым і незалежнай дзяржаве.
Пра тыя падзеі нагадвае стары форт, закладзены на высокім участку берагавой лініі Карыбскага мора. Неўзабаве пасьля пачатку асваеньня Трухільлё стаў першай сталіцай калянізаваных земляў, да Тэгусігальпы гэты статус перайшоў толькі ў канцы ХІХ стагодзьдзя.
А вось індзейскае дамінаваньне хутка спынілася. Антыгішпанскае паўстаньне пад кіраўніцтвам правадыра племені ленка Лемпіры было здушанае, памяць пра героя і пра тыя падзеі засталася толькі ў назьве нацыянальнай валюты — лемпіра.
Адна справа — навакольная прыгажосьць, і зусім іншае — захады асабістай бясьпекі, пра якія бесьперапынна нагадваюць трэвэл-блогеры, калі гаворка заходзіць пра Гандурас і бліжэйшых суседзяў — перадусім Эль-Сальвадор, Нікарагуа, Гватэмалу.
«Напачатку мы таксама былі на ўзводзе, але ўрэшце зразумелі, што можна расслабіцца — за столькі гадоў тут нічога з намі ня здарылася, — гаворыць Ігар Грыдзін. — Навошта расказваюць такія страшылкі — я ня ведаю. Магчыма, каб тым самым завастрыць рэпартаж з „экстрэмальнай кропкі“. Ну, а чаго баяцца? І сам Гандурас, і краіны вакол цудоўныя, людзі прыязныя, прырода наогул па-за канкурэнцыяй».
Як ставісься да людзей, такой манэтай і яны будуць адказваць, далучаецца да размовы Алена. Ігар сьпяшаецца дадаць, што за мяккі характар і гатовасьць дапамагаць ягоную жонку ў гарадку вітаюць яшчэ здалёк.
«Я настроеная на тое, што да ўсіх трэба ставіцца зь любоўю, — перакананая Алена. — Па вялікім рахунку, мы ўсе тут „грынга“, негішпанамоўныя. Ну і, адпаведна, як да любых чужынцаў, прыглядаюцца. Бо лічыцца, што амэрыканцы ўціскаюць увесь сьвет, няма іх за што асабліва любіць. Эўрапейцаў жа гэта ня тычыцца. Таму да нас, славянаў, стаўленьне добрае. Але хто жыў і працаваў у ЗША, маюць добрыя ўспаміны, хацелі б туды зноў вярнуцца».
Сябра Ісус
Паступова Ігар і Алена займелі сяброў. Найбліжэйшыя — сталяр-чырванадрэўшчык Хуан Рамірэс і электрык Хэсус Рамэра — Ісус, як завуць яго Грыдзіны. Абодва жылі і працавалі па спэцыяльнасьці ў ЗША, гавораць па-ангельску, што на пачатку адаптацыі для новых пасяленцаў было вялікай падтрымкай.
І калі для іх Беларусь ужо ня белая пляма, бальшыню астатніх тлумачэньне пра тэрыторыю «бітвін Раша энд Поланд» ставіць у ступар. Зьдзіўлена перапытваюць, але так нічога і не разумеюць.
«Наогул для Гандурасу такой краіны, як Беларусь, не існуе — ні ў школьных падручніках, ні ў тэлефонных кодах, ні ў банкаўскай сыстэме, нідзе, — усьміхаецца Ігар Грыдзін. — Ведаюць толькі Расею, бо дае інфармацыйныя нагоды; Польшчу, адкуль быў папа Рымскі; ну і Ўкраіну, і то далёка ня ўсе. Так што беларускаму МЗС ёсьць над чым працаваць. Але самі людзі вельмі прыемныя — шчырыя, добразычлівыя, спагадлівыя».
Зрэшты, мясцовыя людзі здольныя на неспадзяванкі, і то не заўсёды прыемныя. Напрыклад, суседзі за плотам пачалі гадаваць сьвіней, прыстроіўшы з тылу хляўчук проста да гасьцявога дамка — ранейшая гаспадыня-мастачка абсталявала ў ім майстэрню. Усе перамовы, каб спыніць «фэкальныя атакі», бясплённыя, бо заканчваюцца любімай абяцанкай «маньяны» — маўляў, заўтра будзе сьвежаніна, тады ўсё і скончыцца. Але вось ужо паўгода міні-сьвінафэрма згортваць дзейнасьць не зьбіраецца.
Цяжкасьці перакладу
Каб камунікаваць не на пальцах, Ігар і Алена вывучаюць гішпанскую мову. Бо на адной ангельскай не працягнеш — гавораць хіба тыя, хто, як Хуан ці Хэсус, езьдзілі на заробкі ў Штаты.
«Дзе б ты ні быў, ня грэбуй мовай краіны, у якой апынуўся, — кажа Ігар. — Калі расеец у Беларусі — не прыкрывайся „двуязычыем“, вучы беларускую. Прыехаў у Амэрыку ці ў Канаду — штудзіруй ангельскую. Хочаш, каб цябе зразумелі ў Гандурасе, — бярыся за гішпанскую. Мы не жадаем, каб яны пад нас падладкоўваліся, а разьлічваем авалодаць гішпанскай на такім узроўні, каб размаўляць без усялякіх транслэйтэраў. Гэта ня так складана, калі задацца мэтай».
Алена кажа, што ў Гандурасе падабаецца найперш тое, што, адрозна ад іншых куткоў сьвету, тэхнічны прагрэс яшчэ не сапсаваў унікальную прыроду.
«Наогул працэс тэхналягічнага разьвіцьця тут надзвычай марудны — і ў гэтым якраз паратунак для ўсяго жывога, — удакладняе яна. — Асабліва калі прылятаеш з Канады, на кантрасьце складаецца ўражаньне, што час тут застыў, спыніўся. Я ўжо не кажу пра сэзон дажджоў, тады наогул не адчуваеш, раніца, сярэдзіна дня ці ўжо вечар, бо лье круглыя суткі. Зусім іншы сьвет».
Так і хочацца дадаць — сьвет безь сьвятла. У дамах рэгулярна зьнікае электрычнасьць ці адключаецца вада. Або ўсё разам. Самі гандурасцы самакрытычна спасылаюцца на тое, што адносяцца да краін трэцяга сьвету, таму ня варта марыць пра пяцізоркавы камфорт.
Раз-пораз выпрабоўвае на стойкасьць прырода. І ня толькі вульканамі, штормамі ды трапічнымі ліўнямі, якія сёлета накрылі нават каляндарны сухі сэзон. У апошні дзень мінулага году Алену ўджаліў скарпіён — добра хоць ня чорны, небясьпечны для жыцьця, а карычневы — больш «міралюбны». Што рабіць у такім выпадку, памяталі. Усё абышлося. Цяпер пацярпелая можа нават пасьмяяцца, што сама справакавала скарпіёна на атаку — не заўважыўшы, выпадкова прыціснула.
Прымітыўная ўтылізацыя
Мясцовыя жыхары, падобна, не заўсёды разумеюць, у якім раі ім пашчасьціла нарадзіцца. Адна з праблемаў усяго рэгіёну — надзвычайная засьмечанасьць гарадзкіх вуліц, узбочын дарог, муніцыпальных пляжаў. І хоць дзе-нідзе трапляюцца нешматлікія дворнікі, у агульным маштабе праблема не вырашаецца.
«Справа ў агульнай культуры, яе ня выправіш за год і нават за дзесяць, — лічыць Ігар. — Для іх гэта будзённасьць. Зусім іншы мэнталітэт. Мы былі амаль ва ўсіх краінах Цэнтральнай Амэрыкі — усюды, прабачце, срач. Што робяць? На пляжы разрываюць яму, усё туды скідаюць і закопваюць. А набягае хваля і выварочвае назад — плястык, анучы, шкло. Атрымайце, дзеці зямлі, назад. Здараецца, выганяюць на прыборку школьнікаў і камунальнікаў — асабліва пасьля сьвятаў, калі ўжо прайсьці няма як».
Ніводнага прадстаўніка постсавецкай прасторы за часы свайго гандураскага побыту Ігар і Алена не сустрэлі, хоць у іншых рэгіёнах яны, безумоўна, ёсьць. Што да прыежджых з Новага сьвету, то іх склад аднастайны. Пераважаюць амэрыканцы, але шмат і канадцаў, асабліва з нафтавай правінцыі Альбэрта.
«Дзе нафта — там нафтадаляры, — тлумачыць Ігар. — Заплаціць 50–90 тысяч даляраў за ўчастак і потым яшчэ за 100–200 тысяч збудавацца лічыцца нядорага — у Канадзе такі дом пачынаецца ад мільёна. Пры гэтым на поўначы халадэча, усё прадзімаецца. І так 8–9 месяцаў на год. Таму найперш пэнсіянэры шукаюць цёплае месца. Усё залежыць ад дастатку. У багатых вілы на Багамах. На Ямайцы ў разы таньней. У Гандурасе яшчэ меней, якраз для бедных, калі па мерках ЗША і Канады».
Канадзкае заканадаўства дазваляе адсутнічаць на месцы «прыпіскі» ня больш за паўгода, таму на «летнюю кватэру» пры моры застаецца 4–5 месяцаў (трэба ж яшчэ пасьпець наведацца да сваякоў у Беларусь).
Як кажа Ігар Грыдзін, пакуль уладкоўвалі побыт на ўзьбярэжжы, яшчэ не пасьпелі як мае быць вывучыць астатні Гандурас. Таму ў найбліжэйшых плянах — грунтоўнае падарожжа па краіне.
А паглядзець ёсьць на што: ад велічных пірамідаў мая ў Капане на мяжы з Гватэмалай да нацыянальнай арэны ў Тэгусігальпе, якая паўстагодзьдзя таму спрычынілася да адзінай у гісторыі «футбольнай вайны» з суседнім Эль-Сальвадорам.