Украінцы не падтрымалі ініцыятыву аб уганараваньні Лукашэнкі. Пэтыцыю падпісалі 11 чалавек

Аляксандар Лукашэнка ў Кіеве, 2017 год

Грамадзяне Ўкраіны не падтрымалі пэтыцыю аб прысваеньні прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку дзяржаўнай узнагароды за разьвіцьцё і ўмацаваньне ўкраінска-беларускіх дачыненьняў.

Пэтыцыя была зарэгістраваная на сайце прэзыдэнта Ўкраіны 9 кастрычніка 2019 году, адразу пасьля правядзеньня ў Жытоміры другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага.

Але пэтыцыю падтрымалі толькі 11 грамадзян. Згодна з заканадаўствам прэзыдэнт Украіны можа разгледзець пэтыцыю, калі цягам трох месяцаў яе падпішуць 25 тысяч грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пасябравалі Лукашэнка і Зяленскі

Найвышэйшая ўзнагарода Ўкраіны для замежнікаў — Ордэн Свабоды. Ён уручаецца за выдатныя і асаблівыя заслугі ў адстойваньні сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны, кансалідацыі ўкраінскага грамадзтва, разьвіцьці дэмакратыі, сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформаў, адстойваньні канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

У свой час Ордэнам Свабоды былі ўзнагароджаныя кароль Швэцыі Карл XVI Густаф (у 2008 годзе), экс-прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус (2009), прэзыдэнт Бразыліі Луіз Інасіу Лула да Сілва (2009), прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў (2010), прэзыдэнт Латвіі Валдзіс Затлерс (2011), Усяленскі патрыярх Варфаламей (2013), прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў (2013), генэральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн і яшчэ 13 іншых замежных грамадзян, колішніх кіраўнікоў і палітычных дзеячоў США, Літвы, Канады, Нямеччыны і Францыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь і Ўкраіна мяняліся «шпіёнамі». Эксклюзіўныя падрабязнасьці

Сярод іншых дзяржаўных узнагарод, якімі ва Ўкраіне адзначаюць замежных палітыкаў, — ордэн Яраслава Мудрага, ордэн Княгіні Вольгі і ордэн «За заслугі».

Аляксандру Лукашэнку 2 лістапада 2009 году было прысвоена званьне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі.

Дыплём, мантыю і ганаровы знак кіраўніку Беларусі ўручыў рэктар унівэрсытэту акадэмік Леанід Губерскі 5 лістапада 2009 году — у часе візыту Лукашэнкі ў Кіеў.

На сёньняшні дзень званьне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі маюць 99 грамадзян, у тым ліку колішнія кіраўнікі Казахстану, Грузіі, Таджыкістану, Азэрбайджану, Узбэкістану і шэрагу эўрапейскіх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна спыніць пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі, але часова