Аб’ём замежных інвэстыцый у рэальны сэктар эканомікі Беларусі (без уліку банкаў) склаў у 2019 годзе 10,007 млрд даляраў, паведамляе Белстат. Гэта на 835 млн даляраў менш, чым было годам раней.
Па 3 зь лішнім мільярды ўклалі ў прамысловасьць і сфэру гандлю, каля 2 млрд — у транспарт і склады. З гэтага наўпроставыя інвэстыцыі склалі 72,3%. Астатнія інвэстыцыі былі ўскосныя, калі інвэстар укладае сродкі праз пасярэдніка або ў актывы прадпрыемства бяз права кіраваньня імі.
Найбольш замежных інвэстыцый у беларускую эканоміку было ў 2011 годзе. Тады аб’ёмы падскочылі ўдвая да таго, што было годам раней — аж 18,9 млрд даляраў. Але пасьля аб’ёмы ўпалі да 14–15 млрд у 2012–15 гадах, дасягнулі 8,6 млрд у 2016-м. Затым быў невялікі рост — 9,7 млрд у 2017-м і 10,8 млрд у 2018-м.
Такім чынам, цяпер замежныя інвэстыцыі амаль вярнуліся на ўзровень 10-гадовай даўнасьці.
Цяпер найбольш у Беларусь інвэстуюць з наступных краінаў:
- Расея — 45,1% усіх замежных інвэстыцый (без уліку інвэстыцый у банкі);
- Вялікая Брытанія — 18%;
- Кіпр — 7,6%.
Годам раней доля Расеі складала 38,3%, Брытаніі — 25,7%.
Зь Беларусі за мяжу за 2019 год інвэставалі 5,8 млрд даляраў (у 2018-м — 6,065 млрд), найбольш — у Расею (61,9%), Украіну (15,5%) і Вялікую Брытанію (9,8%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар эканомікі растлумачыў правал плянаў росту эканомікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства гандлю ЗША пачало працэдуру перагляду статусу беларускай эканомікі