Аляксандар Лукашэнка зноў незадаволены інфармацыйнай бясьпекай краіны. Таму чарговым разам правёў нараду з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных СМІ. Чым гэта выклікана?
Сьцісла
- Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Таму патрэбна мабілізацыя.
- Відаць, кіраўнік Беларусі вельмі хваравіта ўспрыняў інфармацыйную атаку расейскіх мэдыяў пасьля візыту ў Менск дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо.
- Беларускія дзяржаўныя мэдыі ня могуць эфэктыўна працаваць ва ўмовах канкурэнцыі.
- Кіраўнікі дзяржаўных СМІ просяць у Лукашэнкі больш грошай на стварэньне новых структур, каб асвоіць рэсурсы.
- На гібрыдных тэлеканалах пачне павялічвацца доля беларускага кантэнту. Але вельмі павольна.
Зьвярнуцца да тэмы мэдыяў Лукашэнку вымусілі, мяркую, дзьве галоўныя прычыны. Найперш, гэты блізкія прэзыдэнцкія выбары. Таму патрэбна мабілізацыя.
Але ня менш важная і другая прычына. Магчыма, не выпадкова такая нарада адбылася адразу пасьля перамоваў з Пуціным у Сочы. Калі ўважліва паслухаць прамову Лукашэнкі на нарадзе, то зь яе вынікае, што галоўная пагроза інфармацыйнай бясьпецы Беларусі — вонкавая. Краіну прастрэльваюць замежныя рэсурсы і з Захаду, і з Усходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх перадач на беларускай тэлевізіі. Адной карцінкайАднак, падаецца, менавіта стральба з Усходу найбольш непакоіць Лукашэнку. Высьвятляецца, што страляюць у сьпіну, што дастаецца найперш ад саюзьнікаў. Відаць, кіраўнік Беларусі вельмі хваравіта ўспрыняў інфармацыйную атаку расейскіх мэдыяў пасьля візыту ў Менск дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо. Асабліва балючым было параўнаньне яго, Лукашэнкі, зь Віктарам Януковічам.
Больш за тое, Лукашэнка папярэджвае: «Ці тое яшчэ будзе. Нас чакаюць яшчэ больш складаныя рэчы, якія проста будзе цяжка аспрэчваць. Прынамсі, у кароткім прамежку часу».
Магчыма, гэтыя прадчуваньні — нейкія адгалоскі бурлівых перамоваў у Сочы. І Лукашэнка асьцерагаецца, што Расея падкіне непрыемную неспадзяванку падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
І таму зьвяртаецца да дзяржаўных мэдыяў, разьлічвае на іх, заклікае працаваць больш эфэктыўна. Але тут ёсьць вялікая праблема. Справа ў тым, што беларускія дзяржаўныя мэдыі ня здольныя эфэктыўна працаваць ва ўмовах канкурэнцыі. Яны могуць дамінаваць толькі у камфортных умовах манаполіі на інфармацыю, як тое было ў 1990–2000-х гадах. Таму беларускія тэлеканалы прайграюць расейскай тэлевізіі. А ў інтэрнэце дзяржаўныя мэдыі прайграюць недзяржаўным СМІ.
Лукашэнка нагадаў, што менавіта для таго, каб супрацьстаяць новым рызыкам, выклікам і пагрозам, менш як год таму была распрацаваная і прынятая Канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Зь ягоных асьцярожных выказваньняў вынікае, што яна не дала таго выніку, на які разьлічвалі. Што і ня дзіва. Напрыклад, колькі ўжо было прынята праграм эканамічнага разьвіцьця краіны. Дапамаглі яны як хваробе кашаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БТ створыць новы тэлеканал навінаў «як Euronews». Колькі гэта можа каштаваць бюджэту?Хто вінаваты — зразумела. Гэта найперш вонкавыя ворагі. А вось што рабіць?
Адказы немудрагелістыя. Кіраўнікі дзяржаўных СМІ просяць у Лукашэнкі больш грошай на стварэньне нейкіх новых інфармацыйных структур: яшчэ аднаго тэлеканалу навін накшталт Euronews, нейкага мэдыявымяральніка, будаўніцтва мэдыяцэнтру і інш. То бок інтарэс кіраўнікоў мэдыяў зразумелы — яны чарговым разам імкнуцца асвоіць рэсурсы.
Але толку ад усяго гэтага мала, бо ўсё новае будзе нагадваць старое. Вось, рэалізуючы Канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі, стварылі Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў. Хацелася б паглядзець на стратэгічныя дасьледаваньні. Але нешта нічога пра іх не чуваць. Ці той жа тэлеграм-канал «Пул Первого», які павінен быў стаць магутным канкурэнтам як расейскім тэлеграм-каналам, так і беларускім недзяржаўным мэдыям. Але ж ня стаў.
Выглядае, што больш эфэктыўным аказваецца іншы мэтад, з дапамогай якога можна забясьпечыць дамінаваньне дзяржаўных мэдыяў. Ён даўно вядомы, добра асвоены — заткнуць канкурэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў адстойваць «інфармацыйны сувэрэнітэт» БеларусіЛукашэнка сфармуляваў гэтую ідэю асьцярожна і прыхавана. Ён адзначыў, што пара ўжо адыходзіць ад замежных плятформаў. Лукашэнка меў на ўвазе гібрыдныя тэлеканалы, калі ў трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў устаўляецца частка беларускага кантэнту. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Калі мне кажуць, што Маркаў (кіраўнік АНТ Марат Маркаў. — РС) сядзіць на плятформе ОРТ, я проста гэтага нават не разумею. Наша прастора, наша тэлебачаньне, наш тэлевізар, наш канал АНТ (і нядрэнны) — пара ўжо вырашыць галоўную праблему: гэта наша. А калі хто-небудзь хоча сюды прыйсьці — калі ласка, як мы туды. Плаціце грошы, спытайце дазволу, дайце свой тавар, прадукт, мы паглядзім — можа быць. Гэта ваш найпершы абавязак».
Што азначае гэтае ўказаньне на практыцы? Думаю, на гібрыдных тэлеканалах пачне павялічвацца доля беларускага кантэнту. Але вельмі павольна. Бо гэта даволі цяжка зрабіць.
А адключа́ць расейскія каналы цалкам Лукашэнка не адважыцца. Бо гэта канфлікт ня толькі з Расеяй, але і зь беларускімі тэлегледачамі, якія, як сьведчыць сацыялёгія, аддаюць перавагу расейскай тэлевізіі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інтэграцыю спрабуюць падмяніць „акупацыяй“». Дзяржаўныя СМІ атакавалі акцыі апазыцыі ў абарону незалежнасьці