Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў адстойваць «інфармацыйны сувэрэнітэт» Беларусі


Лукашэнка дае інтэрвію БТ, архіўнае фота
Лукашэнка дае інтэрвію БТ, архіўнае фота

Неўзабаве беларускае мэдыяполе сутыкнецца з нарастаньнем новых пагроз, спрагназаваў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ.

Паводле Лукашэнкі, сёньня прэса ня толькі сродак данясеньня інфармацыі, але і паўнавартасная зброя, прычым «масавага паражэньня», цытуе яго БелТА.

«Падтасаваныя факты, фэйкі, дыпфэйкі, так званая постпраўда, калі аўдыторыяй умела маніпулююць, наўмысна адводзячы ад сапраўды важных праблемаў — гэтая інфармацыйная атрута падобная да хімічнай зброі. Нас чакаюць яшчэ больш складаныя рэчы, якія проста будзе цяжка аспрэчваць. Таму інфармацыйнае супрацьборства адыгрывае асаблівую ролю».

«Трэба болей сваёй тэлепрадукцыі»

Лукашэнка заявіў, што важнай складовай часткай незалежнасьці любой дзяржавы зьяўляецца інфармацыйны сувэрэнітэт – права праводзіць уласную інфармацыйную палітыку, фармаваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забясьпечваць інфармацыйную бясьпеку.

«І гэтае права мы як сувэрэнная і незалежная дзяржава павінны адстойваць, чаго б гэта не каштавала, у тым ліку на інфармацыйным полі. Здавалася б, што нам яшчэ тут змагацца і ваяваць на гэтым полі. Але, на жаль, даводзіцца», – падкрэсьліў ён.

Трэба болей сваёй тэлепрадукцыі, заявіў Лукашэнка:

«Калі мне кажуць, што Маркаў (кіраўнік АНТ Марат Маркаў) сядзіць на плятформе ОРТ, я гэтага проста не разумею. Наша прастора, наша тэлевізія, наш тэлевізар, наш канал АНТ (і нядрэнны) – пара ўжо вырашыць галоўную праблему: гэта наша».

Беларусь з усіх бакоў «працятая мэдыйнымі патокамі», многія зь якіх адкрыта дэструктыўныя, канстатаваў Лукашэнка, заклікаўшы кіраўнікоў дзяржаўных СМІ быць напагатове да адбіцьця інфармацыйных атакаў.

«​Нам і ад саюзьнікаў дастаецца, і ад супернікаў або ворагаў»​

«Мы знаходзімся ў такім становішчы, што нам і ад саюзьнікаў дастаецца, і ад супернікаў, або ворагаў, як мы іх назвалі. У гэтым пляне Беларусь прастрэльваецца з усіх бакоў. Ды і ў буйных замежных СМІ ў дачыненьні да нашай краіны часта зьяўляюцца інсінуацыі, а часам і зусім хлусьня і паклёп», — сказаў Лукашэнка, панаракаўшы, што дзяржаўным мэдыя не заўсёды хапае вастрыні і апэратыўнасьці.

У адказ кіраўнікі тэлеканалаў прапанвалі стварыць навінны канал кшталту Euronews, а таксама адмысловы мэдыяцэнтар, куды будуць сьцякацца ўсе найважнейшыя апэратыўныя навіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG