Паводле заяваў Аляксандра Лукашэнкі, «цукровую справу» ён ад самага пачатку «ўзяў на кантроль». І загадаў вярнуць у Беларусь самалёт, на якім у Мюнхэн ляцелі дырэктары Слуцкага і Гарадзейскага цукровых камбінатаў. Згадваем, да якіх яшчэ крымінальных спраў супраць гаспадарнікаў спрычыніўся кіраўнік Беларусі і чым яны скончыліся?
1. Справа ўладальніка «Трайпл» і менскага футбольнага клюбу «Дынама» Юрыя Чыжа
«Ён падазраваны. Калі б ён не пабег у свой час і яго не лавілі б на хуткасьці 200 км на гадзіну, напэўна, ён быў бы пад падпіскай аб нявыезьдзе або пад хатнім арыштам і хадзіў бы да сьледчых на допыт. Але ён сам захацеў гэтай долі», — гэтак 11 верасьня 2016 году Аляксандар Лукашэнка казаў пра набліжанага да яго бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній «Трайпл» і тагачаснага ўладальніка футбольнага клюбу «Дынама-Менск» Юрыя Чыжа.
На момант інтэрвію мінула ўжо паўгода ад затрыманьня Юрыя Чыжа. Але вядома было толькі тое, што яго трымаюць у адзіночцы ў СІЗА КДБ і вінавацяць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.
Колькі дакладна быў вінен Юрый Чыж? «Ці то 11, ці то 12 мільёнаў даляраў», — сказаў у тым жа інтэрвію Аляксандар Лукашэнка і дадаў, што Чыжу «ўжо выстаўленыя абвінавачаньні».
Літаральна празь некалькі дзён, 15 верасьня 2016 году, стала вядома, што Юрый Чыж вызвалены. На якіх умовах ён выйшаў з «Амэрыканкі» — пад падпіску ці пад хатні арышт — засталося ў сакрэце.
Суду па крымінальнай справе аб нясплаце падаткаў супраць Юрыя Чыжа так і не было. Ён прызнаў віну і кампэнсаваў нанесеную шкоду. У КДБ спаслаліся на 1 частку артыкула 88 Крымінальнага кодэксу. Прынамсі, за час, пакуль Юрый Чыж сядзеў у СІЗА КДБ, ягоныя знаёмыя абверглі зьвесткі Лукашэнкі пра спробу Чыжа ўцячы з краіны «на хуткасьці 200 кілямэтраў».
«Нікуды ён не зьяжджаў за мяжу. Ён паехаў па аб’ектах, быў у Лагойску, там начаваў. Прыехаў да нас у Сосны. Мы стаялі на пляцоўцы, і толькі недзе праз 10 хвілін прыехала машына КДБ і яго арыштавалі», — расказаў адзін з будаўнікоў, які быў сьведкам затрыманьня Юрыя Чыжа.
Група кампаній «Трайпл» Юрыя Чыжа па-ранейшаму дзейнічае, хоць бізнэсовец прайшоў праз суды з былым кампаньёнам па бізнэсе Ўладзімерам Япрынцавым. А вось футбольнага клюбу «Дынама-Менск» сярод актываў Чыжа ўжо няма — ім цяпер валодае Менгарвыканкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з імпэрыяй Юрыя Чыжа2. Справа дырэктара «Барысаўдрэва» Ўладзімера Мальцава
У сакавіку 2014 году быў арыштаваны і абвінавачаны ў нанясеньні шкоды ў асабліва буйных памерах праз службовыя злоўжываньні дырэктар прадпрыемства «Барысаўдрэў» Уладзімер Мальцаў.
Мальцаў стаў вядомы краіне пасьля наведваньня «Барысаўдрэва» Аляксандрам Лукашэнкам у лістападзе 2013 году. Малады дырэктар запомніўся тым, што прыстойна трымаўся падчас публічнага разносу, які ўчыніў на прадпрыемстве Лукашэнка — той абвінаваціў вышэйшых кіраўнікоў, якія зь ім жа і прыехалі, у «скрайняй ступені безгаспадарчасьці» — маўляў, зрываюць тэрміны мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых заводаў. Пасадаў тады пазбавіліся губэрнатар Меншчыны Барыс Батура, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Андрэй Тур ды старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў. Першаму віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Сямашку Лукашэнка прыгразіў крымінальнай справай, а кіраўніку сваёй адміністрацыі Андрэю Кабякову вынес апошняе папярэджаньне.
Малады дырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Мальцаў тады застаўся кіраваць заводам, але не надоўга. Ужо ў сакавіку 2014 году яго арыштавалі і ўсё ж абвінавацілі ў зрыве мадэрнізацыі «Барысаўдрэва» праз нанясеньне заводу шкоды амаль у 2 мільярды беларускіх рублёў. У сьнежні таго ж году Мальцава асудзілі на 3 гады зьняволеньня.
«Ён ведаў, што рабіць... дапусьціў растрату і іншае», — казаў Лукашэнка пра Мальцава празь месяц пасьля суду.
Яшчэ праз тры месяцы, у красавіку 2015 году, Вярхоўны суд зусім зьняў з дырэктара абвінавачаньні ў нанясеньні матэрыяльнай шкоды і зьменшыў яму тэрмін пазбаўленьня волі на паўгода.
Уладзімер Мальцаў выйшаў з калёніі ў 2016 годзе па амністыі і хутка ўладкаваўся на добрую працу ў Расеі.
3. Справа Аляксандра Мураўёва, былога «шклянога караля» і ўласьніка Менскага роварнага заводу «Мотавела»
У ліпені 2015 году ў Менску супрацоўнікі КДБ затрымалі Аляксандра Мураўёва, уласьніка шклянога заводу «Елізава» і кіраўніка фірмы «Мотавела», якой на той момант належаў роварны завод у Менску.
Пачалося сьледзтва, падчас якога афіцыйныя асобы публічна казалі, што Мураўёў, замест таго каб павялічыць вытворчасьць менскіх ровараў, пачаў прадаваць станкі прадпрыемства ў Літву. Праз год на судзе ў рэкордным па даўжыні апошнім слове (прамова расьцягнулася на два дні і заняла больш за 8 гадзін) Аляксандар Мураўёў скажа, што за месяц да арышту адмыслова прыляцеў з Аўстрыі, каб разабрацца з прэтэнзіямі, якія яму выставілі кантрольныя органы. То бок ад уладаў і праваахоўнікаў бізнэсовец не хаваўся. А ад старога абсталяваньня, якое не працавала, трэба было пазбавіцца, інакш немагчыма было разьвіваць вытворчасьць ровараў.
Коратка падсудны расказаў суду і пра стаўленьне да яго Аляксандра Лукашэнкі. Што спачатку той яго падтрымліваў, нават прапанаваў узначаліць Фэдэрацыю роварнага спорту, але потым пачаліся праблемы, непаразуменьні, інтрыгі чыноўнікаў з атачэньня Лукашэнкі, і ягоная падтрымка абярнулася крахам.
Асобна згадаў Мураўёў тое, як у 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў «Мотавела» зь візытам, падчас якога нэгатыўна выказаўся пра ровар «Аист», які зьбіралі на заводзе. Маўляў, ён «мезеным пальцам» падымае італьянскі ровар, які важыць усяго 1,5–2 кіляграма, а вось «Аист» ён, дужы мужчына, ня ў стане падняць дзьвюма рукамі.
«Калі ты зробіш нармальны ровар?» — жорстка запытаў у Мураўёва Лукашэнка. Тую размову на заводзе перадало беларускае тэлебачаньне, але не паказала адказ бізнэсоўца кіраўніку дзяржавы. Пра яго стала вядома з апошняга слова падсуднага:
«Потым я патлумачыў Лукашэнку, што ніжэй за 6 кілё вага ровара ня можа быць, гэта забаронена».
Таксама Аляксандар Мураўёў на судзе згадаў, як яго зьбівалі на сьледзтве, патрабавалі прызнаць віну і сплаціць у якасьці кампэнсацыі нібыта нанесеных стратаў некалькі мільёнаў даляраў.
«Тваё жыцьцё больш каштуе. Прапануй больш. А пра 1–2 мільёны і ня думай, гэтага мала», — казалі Мураўёву, паводле ягоных слоў, сьледчыя. Арыштаваны бізнэсовец напісаў ліст старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку, каб даведацца, колькі ж ад яго патрабуюць грошай, але адказу, зь ягоных слоў, не атрымаў.
У 2017 годзе суд прызнаў Аляксандра Мураўёва вінаватым у шэрагу службовых і эканамічных злачынстваў і асудзіў на 11 гадоў зьняволеньня. Праз год супраць Мураўёва правялі яшчэ адзін працэс, за ўхіленьне ад сплаты падаткаў, і далі 3 гады зьняволеньня. Бізнэсовец зноў не прызнаў сябе вінаватым.
«Мураўёў адбывае пакараньне ў адной з калёній», — кажуць у Міністэрстве ўнутраных спраў.
«Мотавела», якое на пачатку 2010-х гадоў фактычна стала прыватным прадпрыемствам, у студзені 2017 году юрыдычна зноў ператварылася ў дзяржаўнае, але на карысьць яму гэта не пайшло. У 2018 годзе, калі на заводзе працавала каля 100 чалавек, Эканамічны суд Менску прызнаў «Мотавела» банкрутам.
Ровары «Аист» цяпер выпускае акцыянэрнае таварыства «Матавелазавод», якое заснавалі структуры Менгарвыканкаму. Кіраваць прадпрыемствам Аляксандар Лукашэнка прызначыў былога мэра Менску Мікалая Ладуцьку. Летась у красавіку Ладуцька казаў, што «Матавелазавод» зьбіраецца перавесьці вытворчасьць на плошчы індустрыяльнага парку «Вялікі камень», але дзеля гэтага трэба адшукаць 20–30 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамічны суд Менску абвясьціў «Мотавела» банкрутам з далейшай ліквідацыяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Levi’s, кёрлінг, НАК. Што вядома пра фігуранта «цукровай справы» Дзьмітрыя Кірылава