- Гераіня: Ніна Дабравольская
- Месца: Гомель
- Адукацыя: філялёгія, курсы тайскага масажу
- Дзейнасьць: прадпрымальніца, спэцыяліст па тайскім масажы
- Узрост: 56 гадоў
- Сямейнае становішча: замужам
- Даход: нестабільны
Ніна Дабравольская 17 год таму заснавала першую ў Гомлі краму адзеньня для людзей «plus-size». Цяпер яна займаецца тайскім масажам. «Гэта не фізкультура — філязофія. Гэта ўзаемадзеяньне з Богам праз чалавека», — кажа Ніна.
Усходнімі аздараўленчымі практыкамі займаецца ўжо 15 гадоў. Нястомна вучыцца — і перадае свае веды ахвочым. «Аддаваць саладзей, чым браць. Дзяліцца — гэта шчасьце», — пераконвае Ніна.
Як спалучаецца шчасьце з прафэсійнай дзейнасьцю?
Ніна пачала гандляваць адзеньнем «каралеўскага памеру» 17 гадоў таму.
«Бо любіла прыбірацца і любіла дапамагаць людзям прыгожа і годна апранацца. Наконт працы ў мяне такое адчуваньне, што ўсё жыцьцё я не „гарбацілася“, а скакала на адной ножцы. Калі любіш тое, што робіш — усё лёгка. Матэрыяльны прыбытак — гэта дадатковая ўзнагарода, калі ты аддана робіш сваю справу. Вось гэта — шчасьце», — кажа Ніна Дабравольская.
Цяпер краму яна перадала даросламу сыну, бо занялася тайскім масажам і перастала атрымліваць задавальненьне ад прыгожых убораў.
«Гэта больш пра каштоўнасьці. Яшчэ гадоў пяць таму я любіла выскачыць з гардэробу, як птушка калібры: „А вось і я!“ Цяпер мне нашмат цікавей зайсьці і спытацца: „А хто тут ёсьць?“ Гэта такая цікавая зьмена адчуваньняў жыцьця. Ссунуўся гэты фокус — зь сябе на іншых. Вельмі важна, калі ў тваёй прысутнасьці ўсе квітнеюць. І зусім іншая гісторыя — калі квітнееш сама», — тлумачыць Ніна.
Тайскі масаж яна палюбіла пасьля падарожжа ў Тайлянд. Ніна бясконца езьдзіць на сэмінары па масажы ў Расею, Украіну, Тайлянд. Здабытымі ведамі дзеліцца з аднадумцамі і аматарамі масажу.
«Унутры назапашваеш, потым раз! — і аддаеш. Гэта як павярнуўся іншым сваім бокам, парадаваў некага, пачаставаў. Калі аддаеш — самая вялікая радасьць. І шчасьце», — кажа жанчына.
Яна імкнецца, каб узаемадзеяньні зь людзьмі, у тым ліку праз дотыкі, масаж, «ператваралі хаос у космас» — як у целе, так і ў сьвядомасьці.
«Каб усьмешка ў чалавека зьявілася, каб цела „сабралася“, каб у галаве праясьнілася».
Што такое шчасьце?
Для Ніны гэта
- магчымасьць дзяліцца тым, што маеш — ежай, прасторай, ведамі;
- магчымасьць вучыцца таму, што табе цікава, мець жывы інтарэс, пашыраць сваю ўвагу да сьвету. «Калі, напрыклад, баліць нешта, а ты можаш пераключыцца з болю на нейкую радасьць — ці дзіцём любавацца, ці дапамагчы некаму, ці на неба глядзець, ці сустрэць некага „цёплага“ — і слухаць яго»;
- камунікаваць з настаўнікамі;
- сядзець з кнігай пад дрэвам, размаўляць з аднадумцамі, вывучаць новае, рабіць масаж, пячы хлеб, маляваць, сьпяваць;
- ствараць настрой, прастору, дзе цікава і дзе кожны можа расквітнець сваімі талентамі.
У чым сакрэт шчасьця?
«Я шчасьлівая, так. У кране ёсьць гарачая вада. У мяне — родныя і любімыя. Цяпер вывучаю спосабы гатаваньня вэгетарыянскай ежы — і маю каго частаваць. Я вывучаю масаж у найлепшых адмыслоўцаў сьвету — і гэта выдатныя камунікацыі зь людзьмі добрымі, шчодрымі, якія вераць у Бога. Я вельмі люблю тайскі масаж рабіць. Пасьля такога ўзаемадзеяньня мае госьці абавязкова глядзяць на сябе ў люстэрка — у іх позірк робіцца лагодны, твар — маладзейшы», — кажа Ніна.
Яна падкрэсьлівае: калі «трапляеш у плынь», робіш любімую справу, то ня думаеш ні пра выгаду, ні пра што, і не стамляесься.
«Веды, жаданьне вучыцца, гарачы жывы інтарэс — бадай, гэта адзінае, што дае сэнс жыцьця», — кажа прадпрымальніца.
Як будзе «хюґе» па-беларуску?
«У кожнага чалавека ёсьць ворагі ў жыцьці: зьявы прыроды (навальніцы, завірухі, магнітныя буры, вывяржэньні вульканаў), іншыя людзі і ўласны розум. Калі ад першых двух можна зьехаць у іншую краіну, то ад свайго розуму нікуды ня зьедзеш. Беларусам, як і іншым насельнікам нашай плянэты, каб адчуваць сябе лепш, трэба выхоўваць розум. Выхоўваць для таго, каб заўважаць радасьці, шукаць прыгажосьць, уважліва слухаць блізкіх, абдымаць іх, бескарысьліва рабіць нешта для іншых. Напрыклад, сьмецьце ў лесе пазьбіраць».
Які ў шчасьця пах і смак?
«Робіш масаж — і трапляеш у плынь, і цябе нясе. У роце салодка, нічога не заўважаеш. Час ляціць імгненна, не стамляесься зусім... Пах шчасьця — ён заўсёды розны. Але заўсёды гэта чысьціня», — разважае масажыстка.